!OUT: Новы фальклёр для жыхароў мэгаполісаў (аўдыё/відэа)
3967 / 2
05.12.2014

!OUT: Новы фальклёр для жыхароў мэгаполісаў (аўдыё/відэа)

Заўсёднікі сталічных бараў Усевалад Доўбня й Юры Тарасевіч паўтара году таму стварылі можа самы цікавы ангельскамоўны гурт сярод беларускіх — Intelligency, які грае ў рэдкім жанры тэхна-блюз.

Ніхто з нашых музыкаў ня робіць такі гук, ня піша такіх забаўных і адначасова трансавых малюнкаў з наўмысна разладжанай гітарай, прамой тлустай бочкай і зьлёгку нецьвярозым вакалам. Тым больш, ніхто не сумяшчае блюз і тэхна на тутэйшай глебе. Гэта новы фальклёр для жыхароў мэгаполісаў. Дуэт Intelligency любіць выступаць у невялічкіх пабах, ладзіць адкрытыя рэпэтыцыі ды імправізаваныя гукасэсіі. Усевалад адказвае за вакал і гітару, Юры — за ды-джэінг.

ТГ: Чаму ў вас менавіта дуэт, а ня трыё, напрыклад?

Усевалад: Трыё для такое музыкі — занадта шмат, а адзін чалавек — замала. Напэўна, Юра — першы чалавек, зь якім мне прыемна й проста працаваць. Увогуле, у любой справе ня варта шукаць чалавека, які будзе такім жа прафэсіяналам, як ты. Трэба шукаць таго, з кім можна проста, па-чалавечы рабіць агульную справу. Юры ня думае, колькі ў яго будзе прыхільніцаў і праглядаў у сацсетках.

Юры: Я мяркую, што калі я, напрыклад, займаюся сёрфінгам, то мне неабходныя толькі дошка й хвалі. Мне непатрэбныя спаборніцтвы, першыя месцы… У музыцы тое самае.

ТГ: Працуеце вы плённа. Выдадзены поўнафарматны альбом, некалькі сынглаў ды іпішак. Даволі адметным атрымаўся рэліз «It's ON».

Юры: Гэты запіс на мяжы фолу, як у спорце. Але тут не зусім поўная анархія й дысананс. Пэўная разладжанасьць інструмэнтаў як раз усё зьбірае, а не наадварот.

Усевалад: Музыкам хочацца параіць, калі мы маем права раіць, не баяцца. Многія баяцца адпусьціць унутраныя музычныя вудзілы, баяцца, што, калі яны створаць нешта сваё, то гэта будзе крыва ды сыра. Так, гэта будзе насамрэч крыва й сыра, але калі над гэтым працаваць, калі шукаць нешта пабоднае, вы зразумеце, што з вамі паралельна таксама думае нехта ў іншым кутку Зямлі.

ТГ: Асабліва ўражвае, як ты, Юра, пасьпяваеш падчас сэту захопліваць кавалкі фразаў Усевалада — і галасавыя, і гітарныя, адразу апрацоўваць іх, крышыць на яшчэ драбнейшыя элемэнты ды ўключаць у арбіту песьні.

Усевалад: Часам гэта выпадкова атрымоўваецца. Ёсьць такі закон чалавечае псыхікі: падсьвядома чалавек загадзя ведае, што ён будзе граць, гаварыць, слухаць, і ў якім месцы ён будзе, дзе ён памрэ. Людзі заўсёды ўсё ведаюць загадзя. Мне падаецца, што рана ці позна людзі дадумаюцца да таго, што такія зьявы як дэжавю — усяго толькі праца псыхікі на пэрспэктыву. Тое самае з жывой імправізацыяй — гэта некаторая гульня падсьвядомасьці.

Юры: Бывае, што падчас працы ў студыі я спэцыяльна не выключаю запіс, бо часта ў Севы можа выскачыць геніяльная фраза ці матыў, проста калі ён спатыкнецца аб гітару.

Усевалад: Толькі такім чынам і атрымоўваецца!

ТГ: Вашае відэа «25 minutes of LIVE!» — таксама татальная імправізацыя?

Усевалад: Адсоткаў 80% матываў нараджалася ў працэсе. Усе вакальныя партыі практычна з ходу прыдуманыя.

Юры: У нас пасьля лета назапасілася шмат энэргіі, і вельмі хацелася яе выплюхнуць. На здымках быў адзін дубль. То бок, як у фільмах, другога шанцу ня дадзена: ёсьць ты, ёсьць гэты момант, бяры й рабі. Атрымалася гэткае прэвію да новага альбома.

Усевалад: На першую пару мы штотыдзень ладзілі такія імправізацыйныя сэты ў адным менскім бары. Насамрэч, спачатку вельмі страшна было. Бо мы ішлі граць абсалютна без падрыхтаванага матэрыялу.

Юры: Але было й цікава. Бо дыджэі круцяць штотыдзень адны й тыя ж дыскі, зводзяць трэкі раз на 5—7 хвілінаў — у іх куча вольнага часу. А вось калі мы імправізуем — у нас часу няма. Бо вакал, гітара, клявішы… Цяпер асвойваем лайв-лупінг. Мы хочам зрабіць пэрформанс, каб кожны гук быў жывым.

ТГ: А якую ролю ў вашых кампазыцыях грае тэкст?

Усевалад: Увогуле сэнсу ня варта шукаць, бо гэта пытаньне адчуваньня. Пэўна толькі ў матэматычных задачах сэнс адназначны і адказ аднаварыянтны. Хаця праўда толькі адна. Пра гэта таксама варта памятаць і не паглыбляцца ў пошук псыхадэлічных далячыняў.

ТГ: Тады насколькі важная мова?

Усевалад: Цяпер хочацца паэкспэрымэнтаваць у кірунку агрэсіўнага Маякоўскага, але ангельскамоўнага. Насамрэч той аўтар, які зможа пасьля N.R.M. выказаць беларускую музыку ў іншым папулярным жанры, — гэта будзе геніяльны чалавек. Бо гэта вельмі тонкая культура, перамешаная з мноствам этнасаў, якія мы прынялі тут — габрэі, палякі, нават расейцы, якія, знаходзячыся ў Беларусі, па-іншаму пачынаюць думаць. Калі сканцэтравана сказаць, то ў аніводнай культуры няма вось такога мацярынскага цёплага слова. Менавіта цяпла: «простыя рэчы, простыя словы»…

PS: Як стала вядома пасьля падрыхтоўкі матэрыялу да публікацыі, Intelligency ўжо пачалі сьпяваць і па-беларуску. Чакаем на новыя запісы.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурта

КАМЕНТАРЫ: