
Канцэрт WZ-orkiestra 6 лютага пад пагрозай зрыву (заява арганізатараў)
Маючы ўсе дазволы-дамовы на руках і практычна прададзеную залю, арганізатары канцэрту WZ-orkiestra апынуліся ў вельмі дзіўнай сытуацыі. Клюб «Піраты» ня хоча праводзіць гэтае мерапрыемства.
Сябры! З свайго боку мы зрабілі ўсё магчымае, каб канцэрт WZ-orkiestra адбыўся ў прызначаны дзень, у прызначаны час і ў прызначаным месцы. На правядзеньне дадзенага канцэрту было атрыманае гастрольнае пасьведчаньне №50 ад 14.01.2015 ад галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму. З клюбам «Піраты» — ТАА «Арт Арміс» — была заключаная дамова аказаньня паслугаў ад 5.01.2015 (далей — Дамова). Пасьля атрыманьня гастрольнага пасьведчаньня была распачатая рэклямная кампанія і рэалізацыя квіткоў праз апэратара Kvitki.by.
Увечары ў чацьвер 29 студзеня, калі большая частка квіткоў ужо была прададзеная, клюб «Піраты» ў вуснай форме паведаміў, што ня можа выканаць узятыя на сябе абавязкі па дамове і правесьці канцэрт у сувязі з тым, што ў клюбе была адключаная электрычнасьць за запазычынасць па аплаце, а лічыльнікі апячатаныя. Са словаў дырэктара клюбу Анатоля Данільчанкі, ён быў вымушаны прыпыніць працу «Піратаў» на нявызначаны тэрмін, распусьціць пэрсанал і адмяніць усе найбліжэйшыя заплянаваныя мерапрыемствы. Пры гэтым пісьмовае паведамленьне з тлумачэньнем прычынаў адмовы ў аказаньні паслугаў, як тое абавязвае зрабіць Дамова, не было дасланае. Больш за тое, апынулася, што іншыя заплянаваныя мерапрыемствы клюб «Піраты» мае намер праводзіць — 7 лютага там мае адбыцца рэгі-фэстываль, а 15 лютага — канцэрт групы «Кукрыніксы».
У сувязі са згаданымі фактамі, у нас ёсьць падставы сумнявацца, што клюб сапраўды ня можа выканаць узятых на сябе абавязкаў у правядзеньні канцэрту WZ-orkiestra. У нас няма аніякіх фактычных падставаў спыняць продаж квіткоў на мерапрыемства. Маючы на руках усе неабходныя дакумэнты, мы ў праве патрабаваць зладзіць канцэрт так, як і было заплянавана. Для нас яго правядзеньне ў заплянаваны час надзвычай важна. Мы хочам адстаяць гонар і сумленьне. Свой, як арганізатараў. Музыкантаў на чале са Зьмітром Вайцюшкевічам, якія пастаянна сутыкаюцца з адменамі канцэртаў у Беларусі. І ўсёй беларускай культуры, бо гэты гурт выконвае песьні на словы найлепшых беларускіх паэтаў. Выказваем шчыры дзякуй тым гледачам, якія ўжо набылі квіткі і аказалі свой давер нам і музыкам.
На нашу думку, ніхто не павінен быць зацікаўлены ў зрыве гэтага мерапрыемства. У выпадку яго неправядзеньня фінансавыя страты панясуць, як арганізатары, так і музыканты і клюб, а гледачы не пачуюць адмысловай праграмы, якую WZ-orkiestra падрыхтаваў да гэтага вечару. Да ўсяго, адмена гэтага канцэрту нэгатыўным чынам адаб’ецца на рэпутацыі канцэртнай пляцоўкі і на рэпутацыі дзяржаўных органаў і палітыкі ў галіне культуры.
Мы вядзем далейшыя перамовы ў спадзеве, што ўсё вырашыцца станоўча. Будзем паведамляць пра зрухі ў гэтай справе на партале Tuzin.fm, а таксама праз інтэрнэт-СМІ.
Просьба да гледачоў, якія ўжо маюць квіткі на канцэрт 6 лютага, не хвалявацца і пакуль іх не здаваць.
Cпадзяемся на Вашае разуменьне!
Каманда парталу Tuzin.fm
Добрый день, так концерт состоится или нет?
Добры дзень! Мы робім пакуль усё магчымае, каб ён адбыўся. Не пазьней за 12.00 заўтрашняга дня паведамім пра канчатковы стан справаў тут, на "Тузіне" і ў нашых суполках у соцсетках. Сачыце за навінамі!
КАМЕНТАВАЦЬ