Першы беларускамоўны вініл у XXI стагодзьдзі
Музыкі гурта N.R.M. зладзілі грамадзкае праслухоўваньне сваёй новай кружэлкі «Д.П.Б.Ч», выдадзенай на вініле.
«Вы пачуеце боскія гукі вініла!», - зь лёгкім трымценьнем Піт Паўлаў запрашае прысутных клюба «Юла» падцягнуцца на танцпляц, каб паўдзельнічаць у гістарычнай падзеі для беларускай музыкі. N.R.M. апярэдзілі літаральна на поўкорпуса «Ляпіс Трубяцкой» і першымі выдалі беларускамоўны альбом на вініле, чаго ў айчыннай музыцы не было ажно з часоў «Чужаніцы» гурта «Уліс» (1991). Гордасьць яўна перапаўняла музыкаў з гэтай нагоды. «Гэта першы беларускамоўны альбом на вініле ў новым тысячагодзьдзі!», - абвесьціў Алезіс Дземідовіч ды стаў за ды-джэйскі пульт. Стваральнікі «Д.П.Б.Ч» вырашылі зладзіць грамадзкае праслухоўваньне плыты ды паўсталі перад слухачамі ў новым вобразе. Прадстаўлены публіцы яны былі, як «Dj Pete feat Dj Alesis feat Dj Juras».
Рэй вёў, вядома ж, Піт. «Скрэтчы рабіць не будзем, каб не псаваць уражанне», - заявіў ён, запусціў першы трэк «Мроя мая» ды заклікаў усіх танчыць. Танчылі слаба, так што на другім трэку «Хрусьць і папалам» было прапанавана больш уважліва ўслухоўвацца ў тэкст. «А я тым часам пастараюся ператанчыць з усімі дзяўчынамі», - заявіў вакаліст і гітарыст N.R.M.
Пасля другога трэка стала ясна, што прысутныя не да канца адчуваюць усю важнасьць гэтага гістарычнага моманту, таму Піт узяўся правесьці міні-лекцыю ды патлумачыць прынцып працы прайгравальніка для вінілавых кружэлак. «Мне кажуць, што народ не ўтыкае ў тое, што адбываецца. Дык вось гэтая штука, якая круціцца, называецца вініл. На ёй нарэзана сьцежка, якая рэзануе з іголкай, у выніку чаго атрымліваецца мэханічны гук…». Пасьля такога грунтоўнага тлумачэньня быў пастаўлены трэці трэк – «Нектар», адметны тым, што асноўную вакальную партыю ў ім выконвае бубнач Алезіс.
Праслухоўваньне бока А завершылі на кампазіцыі «На далоні». Пры канцы яе Юрась Ляўкоў паказаў усім, як трэба слушна пераварочваць вініл. «Тыя, хто ўжо бачыў кружэлку казалі: ого, на вашым альбоме ўсяго толькі чатыры песьні. Людзі нават не ўяўляюць, што на вінілавай плыце два бакі», - распавядаў Піт падчас пераварочваньня. Бок Б так і не даслухалі, бо вырашылі ўзяцца за інструмэнты ды прадэманстраваць, як гучыць новая музыка N.R.M. ужывую. Сыгралі толькі «Мрою» ды «Прамень» і запрасілі ўсіх на вялікі канцэрт-прэзентацыю «Д.П.Б.Ч», заплянаваную на 15 лістапада тут жа, у «Юле». Гурт зараз гастралюе гэтак жа актыўна, як у свае залатыя часы. Да «вінілавай прэзэнтацыі» яны далі сольны канцэрт у Гомелі, потым у Магілёве, Маскве, Санкт-Пецербургу и ў Берасьце. Потым плянуюцца яшчэ Віцебск і Горадня.
Вініл «Д.П.Б.Ч», аздоблены Уладзімерам Цэсьлерам, можна набыць на канцэртах гурта. Выдадзеная плытка абмежаваным накладам у 100 асобнікаў. Тым тлумачыцца і кошт – 400 000 рублёў.
Tuzin.fm/budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ