
Адам Глёбус прапануе зладзіць паэтычны флэш-моб у падтрымку гурта Naka (відэа)
Беларускі пісьменьнік, выдавец, мастак Адам Глёбус прапанаваў паэтам публічна прачытаць верш «Малітва» Янкі Купалы, а музыкам — стварыць новыя песьні на словы беларускага клясыка.
Адам Глёбус абураны той сытуацыяй, якая ўзьнікла між cьпявачкай Настай Шпакоўскай і кампазытарам Алегам Моўчанам. «Калі кампазытар замінае выконваць песьні на вершы Янкі Купалы, яго паводзіны можна назваць шкоднымі, таму варта напісаць іншую музыку на вершы клясыка. Мы любім Купалу, мы любім яго словы і яго мову. Яго творчасьць — узор для ўсіх беларусаў. І вельмі добра, калі яе кладуць на музыку. Але і без музыкі творы Паэта застаюцца геніяльнымі. Таму ў канфлікце, які ўзьнік вакол Купалавай „Малітвы“ я адназначна стаю на пазыцыі Купалы і выканаўцы яго верша Насты Шпакоўскай і заклікаю ўсіх беларускіх паэтаў прачытаць верш „Малітва“ і выкласьці ў сеціва ў аўдыё- ці відэаварыянце, а кампазытараў — напісаць новую музыку да гэтага цудоўнага твору», — зазначыў пісьменьнік.
Адам Глёбус
Свае аўдыё- і відэаролікі, напрацоўкі і проста заўвагі, пажаданьні, ідэі можна зьмяшчаць у суполках Tuzin.fm у Facebook, «УКантакце» альбо дасылаць на рэдакцыйную скрыню 12tuzin@gmail.com.
Кампазытар Моўчан ня першы раз забараняе іншым артыстам выконваць «Малітву». Гэтую песьню ён напісаў у 1994 годзе на задуму Ўладзімера Мулявіна, калі працаваў у штаце дзяржаўнага ансамблю «Песьняры». Кампазытару ўдалося аформіць выключныя правы на гэты твор, пасьля чаго ён неаднаразова забараняў іншым выканаўцам яе сьпяваць, у тым ліку Пятру Ялфімаву, украінскаму гурту «Тінь Сонця» і гурту Naka, патрабаваў грошы і пагражаў падаць у суд на тэлеканал ОНТ і партал Tuzin.fm. Цяпер сваёй ахвяраю кампазытар абраў сьпявачку і акторку Нацыянальнага драматычнага тэатру Насту Шпакоўскую.
Прыпеў узяты зь вершу 1912 году «Мая малітва», а асноўны тэкст — з раньняга вершу 1906 году пад той жа назвай. Прычым у прыпеве слова «загон» Мулявін замяніў на слова «народ», а ў адным з куплетаў замест Купалавага «расьпетаю душой» (расьсьпяванай) сьпявае «расьпятаю». Мулявін мог сабе гэта дазволіць.
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Расьпетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі зь мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.
Малюся я небу, зямлі і прастору.
Магутнаму Богу — Ўсясьвету малюся.
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі
Я буду маліцца да яснага сонейка:
Няшчасных зімой саграваць сірацін.
Прыветна, па збожных гуляючы гонейках
Часьцей заглядаці да цёмных хацін.
Малюся я небу, зямлі і прастору.
Магутнаму Богу — Ўсясьвету малюся
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны народ Беларусі.
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Расьпятаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі зь мяцеліцаў шумамі
Ня вылі над роднай зямлёй, над табой.
Малюся я небу, зямлі і прастору.
Магутнаму Богу — Ўсясьвету малюся.
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны народ Беларусі
КАМЕНТАВАЦЬ