«Пудынг»: «Мы верым у тое, што будзем пачутыя»
3234 / 0
09.03.2015

«Пудынг»: «Мы верым у тое, што будзем пачутыя»

У аўдыёчарце на Tuzin.fm — новы лідэр. Надзвычай удала стартаваў гурт «Пудынг», які стаў пераможцам 10-га туру зь песьняю «Зіма».

Песьня «Зіма» была навічком 10-га туру. Ад першага дня яна склала годную канкурэнцыю лідэрам чарту і ўрэшце фінішавала на першай пазыцыі з вынікам 265 галасоў, апярэдзіўшы двухразовага пераможцу чарту — песьню «Малады М» праекту «.К» і «Конрада Валенрода» ад Tonqixod, на рахунку якога была ўжо адна перамога. Вакалістка гурта Алена Сілівонік кажа, што сам па сабе ўдзел у чарце «Тузіна» стаў для музыкаў важнай і прыемнай падзеяй. «Нягледзячы на тое, што матэрыял у нас у асноўным расейскамоўны, iнтэрнэт-партал Tuzin.fm наведваем рэгулярна, ён стаў ужо даўно культавым для прыхiльнiкаў беларускай музыкi. Мы на перамогу нават не спадзявалiся, таму прыемна ўдвая».

«Пудынг» усім гуртом сачыў пільна за хадой 10-га туру гiт-параду, заклікаў галасаваць усіх праз сацсеткі і галасаваў сам, прычым ня толькi за свой трэк. «Ня будзем арыгiнальнымi, але з удзельнiкаў чарту ў добрым сэнсе ўражвае творчасьць гурта Nizkiz, добра гучаць Akute, падабаецца таксама гурт „Ілюжан“. Сьмела можна сказаць, што ўcе музыкi — малайцы, кожны робiць сваё, і добра, што па-беларуску, хоць такое імкненьне ў нашай краіне ня тое, каб вельмі віталася. Але мы верым у тое, што і нашая песьня, і песьні нашых калегаў будуць пачутыя!» — кажуць музыкі.

Алена Сілівонік з пэўнасьцю кажа, што будзе працяг у беларускамоўнай творчасьці. Ужо ёсьць напрацоўкі яшчэ дзьвюх песень, якія для гурта пераклаў Віталь Воранаў. А далей будуць і песьні, першапачаткова створаныя па-беларуску.

Сачыце за творчасьцю гурта праз афіцыйныя суполкі УК/FB.

Tuzin.fm, фота Ташы Каткавец