Андрэй Адамовіч: «Ніякага аб’ектывізму, толькі гардкор!»
4226 / 0
25.07.2015

Андрэй Адамовіч: «Ніякага аб’ектывізму, толькі гардкор!»

Паэту Андрэю Адамовічу пасьля праслухоўваньня песень сэзону 2014—2015 на Tuzin.fm палягчэла, бо ён думаў, што зь беларускай музыкай сытуацыя такая, як з трактарабудаваньнем і запусканьнем у космас БелКІ.

Трэба адразу сказаць, што ў музыцы я абазнаны даволі слаба, так што мой камэнтар і мой выбар трэкаў — яны хутчэй штосьці гавораць пра мой музычны густ, чым пра аб’ектыўны стан беларуcкай музыкі і гэтага канкрэтнага туру. Таксама прызнаюся, што пры выбары я абапіраўся выключна на тое спадабалася мне песьня ці не: я не ацэньваў асобна музыку асобна паэзію ці асобна якасьць запісу — ніякага аб’ектывізму, толькі гардкор!

Выратаваньне на практыцы апынулася хутчэй выцісканьнем — песень было больш за 50, і калі скараціць сьпіс дзесьці да трыццаці трэкаў было даволі проста, далей узьніклі цяжкасьці. Калі засталося два тузіны гітоў, выкідаў ужо сьціснуўшы зубы.

Але пры гэтым не магу сказаць, што былі песьні, што я буду слухаць год на рэпіце. То бок нават тыя 12 песен, якія я пакінуў, хутчэй «моцная чацьверка», як казалі, калі мы вучыліся па пяцібальнай сыстэме.

Агульнае ўражаньне ад усёй падборкі: мне падалося, што яе запісалі на нейкай адной падпольнай студыі. Дзіва яшчэ ў тым, што былі песьні вельмі адрозныя па стылістыцы, але калі слухаць усё запар узьнікала ўражаньне, што гэта сьпявае нейкі адзін чалавек, які не здагадваецца, што выконваць песьні можна ў розных манерах. І яшчэ зводзіў яго насьмерць глухі гукач. Глухі, Карл! Разумею, што беларускай музыкай шмат не заробіш і запісваецца ўсё за свае кроўныя, але па-мойму крыху не стае прафэсіяналізму ў давядзеньні трэкаў да таварнага выгляду.

Калі ж я адыйшоў ад першага праслухоўваньня і пачаў разрозьніваць асобныя песьні, мяне вельмі ўразіла колькасьць музыкі, якой я да гэтага ня чуў і не здагадваўся пра ейнае існаваньне. Гэта, натуральна, мая праблема, а не музыкаў, але прыемна, што столькі людзей займаюцца беларускай музыкаю і чагосьці ў гэтым дасягнулі. Відаць, беларуская музыка будзе жыць. Мне неяк нават палягчэла, а то я думаў у нас зь ёй прыблізна як з трактарабудаваньнем і запусканьнем у космас БелКІ.

Што тычыць тэкстаў: паклаўшы руку на сэрца і не крывячы душою, не магу сказаць, што мяне нешта моцна ўразіла. Крыху рэзалі вушы спаленыя масты і дым цыгарэтаў, але, магчыма, гэта проста не на мяне разьлічана. Але зноў такі гэта выключна мая праблема, бо, відавочна, што тэксты для песьняў мусяць быць простымі. Гэта добра бачна на прыкладзе Віталя Рыжкова, які, здаецца наўмысна, кіруецца ў гэтым напрамку. Але тут яму яшчэ далёка да Кульлінковіча — вось, дарэчы, той казаў стары конь баразны не сапсуе — але рухаецца малады рэпэр, відаць, у слушным кірунку.

Angst — Няма каханьня

Tonqixod — Конрад Валенрод

Neuro Dubel — На Марс

Майтай — Мінулае

Akute — Марнатраўны сын

Haina — Дыхаць

Ворона — Мая праўда

Андрэй Макарэвіч — Сьнег

NGe — Толькі мы

Нельга забыць — Залілось сьлязьмі

Віталь Варанко — Вяртайся

Sciana — Апошняя песьня

P. S. Мушу таксама прызнацца, што ўзгаданы Віталь Рыжкоў і Tonqixod прайшлі бяз конкурсу, бо два кіты сучбелліту — кумаўство і зямляцтва — ніхто не адмяняў. Толькі кумаўство, толькі гардкор!

Усе названыя экспэртам песьні возьмуць удзел у выніковым МЭГА-туры на Tuzin.fm і пазмагаюцца за гонар звацца найлепшай беларускай песьняй музычнага году. Старт МЭГА-туру — 27 ліпеня.

Андрэй Адамовіч, для Tuzin.fm

Андрэй Адамовіч. Паэт, сябра экспэртнай Рады-2015 на Tuzin.fm. Нарадзіўся 23 лютага 1984 году ў Мінску. Вучыўся ў сталічнай школе № 136 з тэатральным ухілам. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Таксама навучаўся ў Беларускім калегіюме. Пачаў пісаць з 16 гадоў па-расейску. Пад уплывам Валянціна Акудовіча і Андрэя Хадановіча перайшоў на беларускую. Яго творы друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў», тыднёвіку «Наша Нiва», у зборніку Беларускага калегіюму «Паміж». Вершы Андрэя таксама зьмешчаныя ў дзьвюхмоўнай польска-беларускай анталёгіі маладой беларускай паэзіі «Пуп неба» (2006) і ў зборніку твораў фіналістаў конкурсу маладых літаратараў да стагодзьдзя газэты «Наша Ніва» «In Вільня Veritas» (2007). У 2012 годзе выдаў першую кнігу вершаў «Дзень паэзіі сьмерці дзень», за якую ў 2013-м атрымаў прэмію «Дэбют». Паслухаць вершы ў аўтарскім выкананьні можна на «Літрадыё».