
Tonqixod i Port Mone ўзялі па чатыры намінацыі на прэміі Experty.by
Пасярод стылістычнай фэерыі музыкі 2014 году на першы плян выйшлі гурты Tonqixod і Port Mone. Яны абышлі нават Лявона Вольскага й Akute ды ўзялі 8 узнагародаў з 12 магчымых. У Менску адбылася сёмая цырымонія ўручэньня прэміі Experty.by.
Па завядзёнцы цырымонію адкрыў жывы выступ пераможцаў-дэбютантаў. Сёлета гэта быў гурт Tonqixod. Напоўніўшы паветра рэстарану «Камяніца» насычаным арт-рокавым гучаньнем, хлопцы атрымалі дыплём за найлепшы дэбютны альбом ды сьціпла занялі месцы ў залі. Яны яшчэ ня ведалі, што ім тройчы давядзецца вяртацца на сцэну. Праца «Прадмова» атрымала Прыз штатных экспэртаў ды была названа найлепшым беларускамоўны альбомам і найлепшым рок-альбомам.
Па колькасьці згадак з Tonqixod мог канкураваць хіба што пераможца ў галоўнай намінацыі — «Альбом году» трыё Port Mone. Іх альбом «Thou», запісаны два гады таму не на студыі, а ў лесе й прэзэнтаваны летась у Славаччыне, быў таксама прызнаны найлепшым інструмэнтальным альбомам ды атрымаў прыз народных экспэртаў ды прыз вялікага журы.
Намінацыя «Найлепшы поп-альбом» перажыла другое нараджэньне. Калі некалькі гадоў таму яе адмянялі, бо папросту не было вартых, то цяпер канкурэнцыя настолькі высокая, што леташні пераможца Макс Корж нават ня трапіў у тройку намінантаў. На хвалі гэтага поп-адраджэньня перамогу здабыў рэліз «Export» ад IOWA.
Калі раней экспэрты неяк абыходзілі ўвагай індзі, то сёлета гэтую недарэчнасьць выправілі — і перамогу ў намінацыі «Найлепшы індзі-поп/электронны альбом» атрымаў «Secret» ад Mustelide. «Гэты альбом — сымбаль унутранай свабоды, бо год таму я вырашыла рабіць толькі тое, што мне падабаецца й нікога ня слухаць», — сказала Натальля Куніцкая.
Найлепшым фольк-альбомам экспэрты назвалі «Раёк» гурта Vuraj. «Гэта наша першая ўзнагарода. Мы ж проста выступаем, дорым музыку, перайначваем народныя песьні, як казала адна бабулька», — троху зьбянтэжана азваліся музыкі ды, расчуленыя прызнаньнем іхніх стараньняў, засьпявалі прысутным, мусіць, найпапулярнейшы свой твор «Вэлытай, пэрэпылко!».
Замежныя экспэрты з Україны, Польшчы, Літвы, Латвіі ды Расеі ўжо другі год запар вылучаюць працы Мікіты Васільева ў праекце (((О))). На гэты раз прыз замежных экспэртаў атрымаў альбом «Мotherland».
Пераможцы:
Найлепшы дэбютны альбом — Tonqixod «Прадмова»
Найлепшы інструмэнтальны альбом — Port Mone «Thou»
Найлепшы беларускамоўны альбом — Tonqixod «Прадмова»
Найлепшы рок-альбом — Tonqixod «Прадмова»
Найлепшы поп-альбом — IOWA «Export»
Найлепшы індзі-поп / электронны альбом — Mustelide «Secret»
Найлепшы фолк-альбом — Vuraj «Раёк»
Прыз штатных экспэртаў — Tonqixod «Прадмова»
Прыз вялікага журы — Port Mone «Thou»
Прыз замежных экспэртаў — (((O))) «Motherland»
Прыз народных экспэртаў — Port Mone «Thou»
Альбом году — Port Mone «Thou»
Поўны сьпіс намінантаў з адзнакамі журы можна паглядзець на сайце Experty.by.
Хрысьціна Дарапей, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ