«Спрат». Застацца тут (прэм’ера!)
4325 / 0
28.09.2016

«Спрат». Застацца тут (прэм’ера!)

Берасьцейскі гурт «Спрат» прэзэнтуе на Tuzin.fm сынгл «Тут заставацца», у які ўвайшлі дзьве новыя кампазыцыі.

Гэтым рэлізам музыкі нагадваюць пра сябе праз досыць вялікі перапынак. «На жаль, канцэртаў у нас амаль няма, таму нічога не застаецца, як сядзець на кропцы і рабіць новы матэрыял», — кажа лідэр каманды Зьміцер Сянько. Матэрыял для сынглу быў запісаны на XLR Studio, за зьвядзеньне і майстарынг адказваў Ільля Trikil. Вокладку намаляваў Серж Раманчук.

«Тут заставацца — гэта значыць адчуваць трывалую сувязь з даражэйшымi табе людзьмі, безь якіх сябе не ўяўляеш. Гэта адчуваць сувязь з горадам, дзе жывеш і зь якiм штодня ўзаемадзейнiчаеш. Тады асабістая ўпэўненасць разганяе журбу, нібы ў Гэмінгўэеўскім запавеце пра сумныя думкі, якія ёсьць імглою. Узыйшло сонца — і яны расьсеяліся», — гэтак прадстаўляе працу сваёй каманды Зьміцер. У рэліз акром загалоўнага трэку «Тут заставацца» ўвайшла таксама песьня «Крок». Цяпер «Спрат» вырашае на якую зь іх зьняць кліп.

Сёлета берасьцейскаму гурту спаўняецца 10 гадоў. «Спрат» мае ў сваёй дыскаграфіі альбом «Не чакай», міні-альбом «На плынях вясны» і інтэрнэт-сынгл «180», прысьвечаны Ларысе Геніюш і Ўладзімеру Караткевічу. Музыкі кажуць, што ім цяжка вызначыць стылістыку свайго калектыву, бо ў песьнях у розных прапорцыях прысутнічаюць і цяжкія рыфы, і мэлядычны рок, і гранж, і нават фольк. За час свайго існаваньня гурт браў удзел у шматлікіх фэстывалях і канцэртных праектах: «Адборышча», «Рок-кола», «Тузін. Unplugged» ды іншых. Меў посьпех «Спрат» і ў чарце на «Тузіне Гітоў» — песьня «Беларускае сэрца» трапіла ў мэгатур ў 2011 годзе і ўвайшла ў CD-складанку «Шосты Прэм’ер Тузін». Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm