!OUT: Starik&Ugol сышлі, каб вярнуцца (аўдыёпрэзэнтацыя)
На Tuzin.fm — cеціўная прэм’ера альбому Starik & Ugol in Blues, які запісалі ў 2006 годзе Генадзь Старыкаў і Ўладзімер Угольнік, а таксама 12 абраных цытатаў з інтэрвію двух першых беларускіх рок-н-рольшчыкаў.
Канавалаў, Смольскі, Сьпірыдовіч… Вэтэраны беларускага рок-н-ролу сыходзяць адзін за адным, бо тым, каго можна аднесьці да першае рок-генэрацыі, ужо даўно за 60. У канцы мінулага году, 15 сьнежня, ня стала Ўладзімера Ўгольніка, а сёлета, 20 сакавіка, памёр Генадзь Старыкаў.
Уладзімер і Генадзь былі знаёмыя з канца 1960-х. Абодва заняліся рок-н-ролам яшчэ юнакамі ў 13-14 год, абралі як асноўны інструмэнт гітару. Абодва гралі ў неафіцыйных ансамблях Менску: Угольнік — у «Бліках» і «Пане-Браце», Старыкаў — у «Індэксах», «2+2» і «Альгарытмах». У сярэдзіне 1970-х абодва героі перайшлі на афіцыйную сцэну. У 1979 годзе Старыкаў замяніў Угольніка ў складзе ВІА «Верасы». Акром таго, у розныя пэрыяды яны засьвяціліся ў складах ансамбля «Тоніка» й аркестры Менскага цырку. Абодва гітарысты пісалі ўласную аўтарскую музыку й выступалі да апошніх дзён. Паралельна Ўладзімер зарэкамэндаваў сябе як пэдагог — сярод ягоных шматлікіх вучняў Сяржук Трухановіч (Крама, Палац) і Юры Дзьмітрыеў (этна-трыё Троіца). А Генадзь у сваю чаргу гучна праявіў сябе як арганізатар — «Стар-клюб», фэстываль «Блюз жыве ў Менску» ды маса тэматычных акцыяў і праектаў. Да прыкладу, разам з Угольнікам яны адкрывалі «Залю славы рок-н-ролу» ў краме «Музыка», дзе былі зьмешчаныя фотапартрэты ў тым ліку легендаў айчыннага андэграўнду. У 2000-х два сябры часта гралі дуэтам Starik & Ugol. Адзін з сумесных сэтаў быў запісаны й выдадзены ў 2006 годзе абмежаваным накладам на CD і нават не прэзэнтаваўся. Сёньня мы выкладаем яго на Tuzin.fm.
Прывядзем выбраныя цытаты з інтэрвію, якія Ўладзімер Угольнік і Генадзь Старыкаў далі аўтару гэтае публікацыі ў 2007 годзе.
Ул. Угольнік: «З „Пане-Браце“ мы ня гралі ніякіх расейскіх твораў — толькі альбо фірмовыя, альбо беларускія. Рабілі апрацоўкі народных сьпеваў у жорсткім саўндзе — штосьці запісвалі ў вёсках, штосьці знаходзілі ў зборніках. Мы не прызнавалі й не ўспрымалі ўсур’ёз ўсіх гэтых „Вясёлых рабятаў“ ды іншыя ВІА, што ўзьнікалі ў Маскве. Калі недзе ў 1971 годзе ў Менск прыехалі „Вясёлыя рабяты“ й давалі канцэрт у філярмоніі, то яны гралі некалькі рэчаў „Бітлз“. Прычым, „зьнята“ ўсё было неакуратна, няякасна. І калі яны сыгралі „Help!“, то ў зьмярцьвелай цішыні раздаліся крыкі: „Гітарыст, грай, як напісана!“ Масквічы лічылі, што трапілі ў поўную правінцыю, а тут публіка ўсё гэта ўжо чула».
Г. Старыкаў: «Мы былі першымі й звышмоцнымі. Масква непаваротлівая. Яна заўсёды разварочвалася вельмі павольна. Яшчэ не было ніякага Макарэвіча, Грабеньшчыкова… Калі я ўпершыню зайграў з „Альгарытмамі“, у мяне было адчуваньне, што быццам нябачная сіла мяне прыўзьняла па-над зямлёй, і я лунаў у паветры ад гэтае звышмоцы. Я ніколі болей ня чуў настолькі моцнага гурту».
Ул. Угольнік: «Тады яшчэ ў Расеі ня гралі такога. За кошт таго, што яны падалей ад мяжы былі, у іх не было такое інфармацыі, як у нас. Мы й Польшчу тут слухалі, „Радыё Люксэмбург“… З нашага гурту заўсёды нехта дзяжурыў штоноч з магнітафончыкам. І вось пэўны гіт, скажам, зьяўляўся ў начным этэры „Радыё Люксэмбург“, на наступны дзень у 13:00 мы тэрмінова зьбіралі рэпэтыцыю — здымалі словы, аранжыроўку адзін да аднаго. Увечары на танцы прыходзіць публіка — а там ужо гучыць замежны гіт, што зьявіўся ўначы».
Г. Старыкаў: «Мы таксама былі гіпі, натуральна. Хай сабе яшчэ сярод партпрацаўнікоў і КДБшнікаў былі разумныя людзі. Але мянты… Калі такі дэбіл з брытай патыліцай бачыў аброслага інтэлігента ў яго пена ішла з зубоў. Як яны нас ненавідзелі! Канечне, ён лічыў сябе гаспадаром жыцьця, хаця нічым ад бандыта не адрозьніваўся. Таму ў нас была „ўзаемная любоў“».
Ул. Угольнік: «І плыткі да нас даходзілі. Гэта была калясальная раскоша: двайны Led Zeppelin каштаваў 140 рублёў. У той час, як заробак інжынэра складаў 120. Быў вельмі вялікі энтузіязм. Мы ня думалі, колькі мы заробім. Той энтузіязм, калі цяпер ува мне захаваўся нават на адсодкаў 20, то я шчасьлівы. Яшчэ нейкія адгалоскі ідуць з таго часу».
Г. Старыкаў: «Разам зь Мікалаем Даніленкам у рэстарацыі ў Заслаўі мы дазвалялі сабе граць найскладанейшыя рэчы, як кампазыцыю Джона Маклафліна на 5/4. Дзіўным чынам народ ускокваў з-за сталоў і пачынаў танчыць. Я дагэтуль не ўяўляю, як можна танчыць пад такі памер. Але яны сп’яну так здорава заводзіліся!»
На фота: Старыкаў і Ўгольнік разам зь сьпявачкай Касяй Жамчужнікавай
Ул. Угольнік: «Рэстарацыйныя музыкі — гэта ня толькі „лабухі“. Рэстарацыя давала вялізную практыку. Напрыклад, першыя аддзяленьне было звычайна джазавым. То бок, ціхая, спакойная музыка, заснаваная на імправізацыі. Такая штодзённая практыка давала вялікія вынікі. Былі выдатныя ансамблі — у „Каменнай кветцы“, „Плянэце“, рэстарацыі „Юбілейнай“».
Г. Старыкаў: «Цяпер музыка дваякая. З аднаго боку — тыя, хто ствараюць музыку сваімі рукамі, хэндмэйд, сапраўдныя, не кампутарныя кампазытары, выканаўцы, якія маюць Божы дар. А з другога боку — тыя, хто ператварыў музыку ў прамысловую вытворчасьць ёгурту, гэта чарада марлевых майткоў, гэта песьні, разумова аблегчаныя, максымальна рытмізаваныя пад танец. Я лічу, што й тое, і другое мае права на існаваньне. Каму падабаецца пах сарціраў? Нікому. Аднак нельга ж іх прыбраць».
Ул. Угольнік: «На прафэсійную сцэну з рок-н-ролам тады выйсьці было немагчыма. Вельмі жорстка фільтраваліся артысты — трэба бало мець кансэрваторскую адукацыю. Але ж тады ў кансэрваторыі року ніхто не навучаў. Гэта цяпер мы з вамі сядзім у маёй клясе, дзе хлопцы граюць рок-музыку. Я вучу іх рабіць гэта прафэсійна».
Г. Старыкаў: «Надзвычайная рэч адбылася за гэтыя дзесяцігодзьдзі. Узровень музыкі падае, але ўзровень выканальніцкага майстэрства гітарыстаў расьце. З таго, да чаго музыкі з нашага пакаленьня прыходзілі ўжо бліжэй да скону, любы выпускнік цяпер толькі пачынае».
Ул. Угольнік: «Студыйны дыск — гэта не жывое выкананьне. Магчымасьць зрабіць 20 дубляў і выбраць адзін — гэта горш, чым жывы канцэрт. Канцэрт на DVD з добрым гукам глядзіцца значна цікавей».
Г. Старыкаў: «У нас ня любяць таленавітых людзей. Таленавітыя людзі перашкаджаюць чыноўнікам спакойна жыць. Таму таленавітых намагаюцца выправіць падалей-падалей-падалей адсюль. Тут патрэбныя выканаўчыя выканаўцы. Глеба ў нас дзівосная ў пляне талентаў, толькі не хапае адэкватных адносінаў з боку дзяржавы й шэрае большасьці. Я прадказваю, што будучыня Беларусі — гэта не самазвалы, а наш інтэлект, нашыя мазгі й таленты, тэхналёгі і культура. Ну, і калійная соль ды журавіны на Палесьсі».
Сьветлая памяць Генадзю Старыкаву і Ўладзімеру Ўгольніку.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ