!OUT: Бэртан Грын: «Хачу выступіць у Менску, на радзіме продкаў» (відэа)
3855 / 0
25.01.2014

!OUT: Бэртан Грын: «Хачу выступіць у Менску, на радзіме продкаў» (відэа)

Славуты джазавы піяніст у інтэрвію Tuzin.fm распавёў пра свае карані ды патлумачыў наколькі важна пачувацца не музыкантам, а інструмэнтам.

Не сакрэт, што беларускае паходжаньне маюць вялікія амэрыканскія кампазытары Ірвінг Бэрлін, Вэрнан Дзюк і Джордж Гэршвін. У Менску адшукаліся карані аднаго зь піянэраў фры-джазу Бэртана Грына (Burton Greene). Выбітны піяніста і кампазытар нарадзіўся ў Чыкага ў 1937-м. У 1963 годзе стварыў Free Form Improvisation Ensemble і праз год увайшоў у Гільдыю джазавых кампазытараў. З таго часу шмат выступае ў ЗША ды Эўропе, стварае музыку ў межах розных праектаў, спалучае джаз з усходнеэўрапейскімі матывамі. Апошні факт мае канкрэтнае тлумачэньне — дзед містэра Грына перабраўся ў ЗША зь Менску. Пра тое сам музыка распавёў у інтэрвію для Tuzin.fm.

Бэртан Грын: «Бацькі майго таты жылі ў Менску і насілі прозьвішча Грынбэргаў. Бабуля і дзядуля пераехалі ў Амэрыку ў першыя гады ХХ стагодзьдзя. Пасяліліся на Брайтан-Біч у Брукліне. Яны зьяўляліся ўпэўненымі сацыялістамі і на працягу многіх гадоў змагаліся з уплывовымі асобамі швейнай індустрыі. Спачатку яны працавалі ў крамах вопраткі ў невыносных умовах, нібыта рабы, па 16 ці нават 18 гадзінаў у дзень! Яны дапамаглі рабочым арганізавацца супраць босаў, а таксама палепшыць умовы працы, у тым ліку зьмяніць працягласьць працоўнага дня да 8 або 10 гадзінаў ў дзень. Яны ня мелі аніякіх ілюзіяў наконт так званае „амэрыканскае мары“. Аднойчы ў інтэрвію бабуля адказала газэтчыку: „Амэрыкан дрым? Амэрыкан шмым… У чым розьніца між гэтай зямлёй і Расеяй? Там нас спрабаваў забіць цар, а тут босы!“» 

 
Зь юнацтва Бэртан Грын вучыўся граць бі-боп, непасрэдна слухаючы ў Чыкага ўсіх майстроў джазу 50-х гадоў. На пачатку 60-х музыка зразумеў, што няма сэнсу нікога імітаваць, але варта знайсьці свой шлях у больш вольнай імправізацыйнай музыцы.
 
«Створаны мною разам з басістам Аланам Сыльвам „Ансамбаль імправізацыі свабоднае формы“, хутчэй за ўсё, зьяўляўся першым гуртом ў сьвеце, які выконваў цалкам імправізацыйную музыку! Калі вы добра ведаеце ваш інструмэнт, ён становіцца вашым „слоўнікам“. Вы можаце сказаць нашмат больш інтуітыўным і спантанным чынам, чым вы можаце сказаць тое словамі. Калі, вядома, вы не зьяўляецеся вялікім паэтам. Чым большы ваш „слоўнікавы запас“, тым больш вы можаце сказаць, і сказаць менавіта тое, што вы адчуваеце! Калі вы можаце зрабіць гэта без асаблівай фармальнай музычнай адукацыі — сьцяг вам у рукі! Большасьць сапраўды творчых людзей, якіх я сустракаў у сваім жыцьці, у значнай ступені вывучыліся самі. Імправізацыя не павінна ведаць межаў. Мы ўсе — інструмэнты ўнутранага Духу, усьведамляем гэта ці не. Мы павінны ісьці разам з гэтым патокам, і не дазваляць нашым эгаізму або нікчэмнаму „я“ блякаваць творчую энэргію! Значная рэч заключаецца ў тым, каб мець магчымасьць добра чуць ваш інструмэнт і музыкаў, зь якімі вы граеце. Тады вы будзеце ведаць менавіта тое, што вы павінны граць або сьпяваць! Тое, што мела на мяне найвялікшы ўплыў, галоўны пэдагог для мяне — гэта фартэпіяна! Мой настаўнік ёгі Свамі Сатчыдананда сказаў шмат гадоў таму: „Вы — не музыка, вы — інструмэнт. Зрабіце вашае суцэльнае жыцьцё вялікай музыкай, наладзьце сябе як сьлед“».
 

За плячыма ў 76-гадовага Бэртана Грына безьліч запісаў, праектаў, створаных супольна зь вялікай колькасьцю вядомых музыкаў (Энтані Брэкстан, Кэшаван Масьляк, Арчы Шып ды іншых майстроў). Містэр Бэртан кажа, што яму падабаюцца практычна ўсе ўласныя кружэлкі, а іх болей за 70.

«Збольшага ўсе мае альбомы розныя. Так што цяжка параўноўваць адно з другім. То бок, ці можна параўнаць яблыкі і сланоў? Цяпер самая натуральная рэч для мяне — сумяшчаць фальклёрныя карані з джазавай і імправізацыйнай музыкай. Так, шмат вялікіх музыкаў рабілі гэта! Асабліва ў клясычнай музыцы. Бартак — мой улюбёны кампазытар ХХ стагодзьдзя. Кампазытары такога кшталту значна бліжэй да мяне, чым тыя, што працуюць выключна з абстрактнымі ідэямі. Я не адчуваю чалавечы аспэкт у такіх цалкам абстрактных кампазыцыях — занадта шмат канцэптуальных роздумаў і не хапае пачуцьцяў».

Адзін з сучасных праектаў Бэртана Грына Klez-Edge базуецца ў Амстэрдаме і выконвае сярод іншага клезьмерскую музыку беларускага паходжаньня. Фрагмэнтарна яна прысутнічае на кружэлцы «Ancestors,  Mindreles, Na-Gila Monsters», выдадзенай нью-ёрскім лэйблам Джона Зорна Tzadik у 2008. На вокладцы дыску зьмешчаны фотаздымак менскага ансамблю канца ХІХ стагодзьдзя. 

«Я і Лары Фішкінд, наш тубіста, адшукалі гэтае фота ў сеціве і атрымалі дазвол ад старой ледзі з Ізраілю на яго выкарыстаньне. Мы з Лары ніколі не размаўлялі пра нашых продкаў. Але пасьля гісторыі з тым фота выявілася, што ягоныя дзед і бабуля нарадзіліся на Піншчыне. Нейкая інтуітыўная празорлівасьць між намі спрацавала!»

Бэртан Грын ніколі не выступаў у Беларусі, аднак мае такое жаданьне. Ён хоча непасрэдна адчуць мясцовых людзей, культуру. Але зацікавіць нашых мясцовых арганізатараў пакуль не атрымоўваецца. Між тым, «свабодны джазмэн» прынцыпова ня марыць пра будучыню.  

«Як казалі старадаўнія майстры: „Жывіце цяпер, і будучыня паклапоціцца сама пра сябе“. Калі вы турбуецеся пра будучыню, вы згубіце свой шанец на „цяпер“, як адзіную рэчаіснасьць, у якой вы можаце існаваць і выказваць сябе. Калі вы жывяцё ў мінулым, вы таксама адсутнічаеце „цяпер“, дзе ўсё існуе й усё адбываецца. Вы можаце разважаць пра розныя рэчы, але знаходзіцца „цяпер“, інакш вы прапусьціце жыцьцё. Вядома, гэта тое, чым прыкладна і зьяўляецца спантанная імправізацыя!»

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота Ар’ен Вэльт

*Артыкул упершыню быў апублікаваны на Tuzin.fm 7 студзеня 2012. Да гэтай публікацыі некаторыя спасылкі на відэа і аўдыё былі зьмененыя, а сам матэрыял дапрацаваны аўтарам.

Дакумэнтальны фільм пра Бэртана Грына (на ангельскай мове)