Яўген Барышнікаў: «Ёсьць сэкс, а ёсьць групавуха» (+відэа)
6633 / 2
07.04.2015

Яўген Барышнікаў: «Ёсьць сэкс, а ёсьць групавуха» (+відэа)

Урбаністычны шаман Яўген Барышнікаў прадставіў новае чароўнае відэа ды пагутарыў з Tuzin.fm пра алдовае кіно, блатны шансон, матацыклы «Дрыгант» ды праявы мэнтальнага аргазму.

«Зрабі матэрыял пра Яўгена Барышнікава», — напісаў мне шэф адной прыўкраснай раніцай. Окэй, мне якраз даўно карцела напісаць пра яго. Толькі як тут даць рады? Я сапраўды прыхільна стаўлюся да Яўгена — мне падабаецца слухаць яго песьні, хадзіць на выступы ці проста размаўляць за жыцьцё, — але як пра яго напісаць? Як напісаць так, каб дарагі чытач зразумеў, дзеля чаго ў Слоніме й Менску, Празе й Іркуцку без асаблівае прамоцыі людзі прыходзяць паслухаць яго сьпевы, навошта літаратары кідаюць яму паэтычныя чэленджы ды чаму ягоная песьня «Пагоня» насамрэч постапакаліптычная? Якія ставіць пытаньні, калі мой герой не з таго гатунку творцаў, якіх хлебам не кармі, а дай выдаць патасную тыраду на тэму паэта і паэзіі? Зрэшты, за пытаньні «пра творчыя пляны» я наогул рызыкую быць пасланай. Але хто не рызыкуе, той ня п’е белае віно з барадатымі мужчынамі. Таму ў вечар нядзелі лаўлю Яўгена адразу пасьля канцэрту й пачынаю распытваць.

ТГ: Як так выйшла, што Дзяніс Бурко абставіў цябе сьвечкамі й прымусіў сьпяваць на камэру?

— Ды гэта ўсё Віталь Рыжкоў. Прачытаў верш Антона-Францішка Брыля ды кінуў выклік Лявону Артуравічу, Алесю Кату-Зайцаву й мне. Маўляў, прачытайце, хлопцы, беларускія вершы. Я выклік прыняў, а Лявон Артуравіч і Алесь, наколькі мне вядома, — не. (Вытрымлівае іранічную паўзу) Ну, а паколькі чытаць вершы я ня ўмею, вырашана было сьпяваць. (Пачынае дэклямаваць) Так песьня на верш гомельскай паэткі Югасі Каляды «Дзікі вінаград» патрапіла ў праект плятформы Litara-А.

ТГ: І часта ты сьпяваеш на чужыя тэксты?

— У мяне ёсьць дзьве песьні на тэксты Югасі й два пераклады — «Фламанская песьня» і песьня «Я дакрануўся…». Другая нават хутчэй пераасэнсаваньне, пераказ сутнасьці сваімі словамі. Упершыню пачуў яе ў фільме 1970-х «The Wicker Man». Кіно культавае, хоць і алдовае, і ўсё аздоблены народнымі песьнямі ў тагачасных, троху гіпанутых, аранжыроўках. Там сьпяваюць «Gently Johnny». У мяне быў варыянт перакладу «Асьцярожна, мой Сярожа», але неяк занадта сьмешна выйшла. Таму захаваў толькі фармат песьні «я паклаў руку на нейкую частку твайго цела — а ты мне на гэта штось сказала».

ТГ: Няўжо толькі гэта перакладаў?

— Яшчэ аўтапераклады. Але выконваю хіба што «Сяброўства зь перапынкам на сэкс», астатняе радзей. Але калі зьявяцца прыстойныя запісы, можна будзе вешаць па пары ў славу перамогі білінгвізму.

ТГ: Дарэчы, ты ж пачынаў як расейскамоўны выканаўца. А які лёс напаткаў песьні са старой спадчыны?

— Ды ніякі лёс іх не напаткаў. Там праграма гадзіны на тры была. Я частку калісьці запісаў па канцэртах на балванкі, недзе ў інтэрнэціку цяпер гэта можна знайсьці. Частка на гэтыя балванкі ня трапіла — і ўсё, акрамя мяне пра іх ніхто ня ведае.

Але цяпер не выконваю, не таму што гэта нейкая прынцыповая пазыцыя — проста яны зусім іншыя. Нядаўна на канцэрце ў музэі Багдановіча прыгадаў нешта са старога, дык Міша Бараноўскі пасьля сказаў: «Калі ты па-беларуску сьпяваеш, то мова гарманічная, а ў расейскамоўных песьнях забагата патасу».

ТГ: Дык што, пераход ад патасу да натуральнасьці супаў зь пераходам да беларускай мовы?

(Павісае паўза. Яўген ледзь стрымліваецца, каб не зрабіць facepalm)

— Такое адчуваньне, што журналістам больш нічога нецікава, акрамя «А як вы прыйшлі да беларускай мовы?».

ТГ: Ды не пра мовы ж пытаньне, а пра зьмены ва ўспрыманьні. Ці быў нейкі Рубікон?

— Рубікону не было. Песьні доўга існавалі паралельна. Быў час, пакуль не назьбіралася песень на поўную беларускую праграму, я міксаваў на канцэртах.

ТГ: А цяпер як выступаеш?

— Зь беларускай праграмай у Беларусі й за мяжою. Па менскіх пляцоўках пэрыядычна. Часам знаходзяцца людзі ў іншых гарадах, якія запрашаюць прыехаць ды замарочваюцца на тым, каб людзі адарваліся ад канапы. Горадня, Наваполацак, Вялейка, Віцебск, Гомель…

ТГ: Выходзіць, можна казаць пра ўплёск актыўнасьці ў рэгіёнах?

— Складана казаць пра рэгіёны. У Менску народ больш-менш прызвычаіўся кудысь хадзіць, а ў гарадах паменей зматываваць людзей паварушыцца дзеля канцэрту складаней. Быў у мяне канцэрт у Слоніме й у той жа дзень было адкрыцьцё чарговага гіпэрмаркету. Горад стаяў на вушах, людзі з шарыкамі ішлі пазырыць на новы гіпэрмаркет, нібыта на сьвята. Аднак на канцэрце людзі былі. Выходзіць, я ў пэўным сэнсе перамог гіпэрмаркет.

ТГ: Адзін перамог ці там быў нейкі супольны канцэрт?

— Быў сольнік. Наогул не люблю зборныя салянкі, прынцыпова. Калі ўспрымаць аўдыторыю як партнэра, зь якім у выканаўцы часам выступу наладжваюцца нейкія дачыненьні (досыць інтымныя, між іншым), то калі аўдыторыя адна, а выканаўцаў за вечар праходзіць празь яе многа, дык пра якую інтымнасьць можна казаць? Я стараўся сфармуляваць максымальна лагодна.

ТГ: Ды ладна, ня стрымлівай сябе!

— Ёсьць сэкс, а ёсьць групавуха. Калі ўсе бягуць-сьпяшаюцца, каб адыграць свае 20 хвілін, — няма аддачы, па адчуваньнях ня тое. Для мяне ж сэнс у тым, каб спачатку падрыхтаваць аўдыторыю, пасьля расслабіць яе жартаўлівымі песенькамі — і потым жахнуць так, каб гэтая аўдыторыя тры гадзіны адыходзіла.

ТГ: Мусіць быць кантакт і зьліяньне?

— Не зусім зьліяньне. Гэта хутчэй як сэанс тэрапіі. Калі тэрапія ня скончаная, перарываецца, то яна ня мае эфэкту. Альбо калі яна недастаткова падрыхтаваная, то людзі не ўваходзяць у патрэбны стан, каб атрымаць удар і катарсіс. Трэба пэўны час і атмасфэра, каб давесьці аўдыторыю да такога стану, калі яна раскрыецца, адкіне абарончыя рацыянальныя рэакцыі й дазволіць узаемадзейнічаць зь ёй на ўзроўні ірацыянальным, на мове вобразаў, карцін, архетыпаў. То бок падпусьціь на больш глыбокія ўзроўні. Тады гэта магія і тады гэта кайфова для ўсіх. А калі гэтую няшчасную аўдыторыю за гадзіну пяць чалавек спрабуюць хуценька задаволіць — гэта, прабач, нейкі пэтынг, можа быць нават вясёлы, але значна менш прыемны. Хаця ў сьвеце, дзе пануе кліпавая сьвядомасьць — тры хвіліны на кожнага і пагналі, — можа, гэта й працуе. (На твары зьяўляецца загадкавая ўхмылка) Але я за традыцыйныя мэтады.

ТГ: І якіх рэакцыяў ты імкнесься дасягнуць?

— Я лічу так: калі пасьля канцэрту (асабліва для новай аўдыторыі) падыходзіць хаця б адзін чалавек і кажа, што яму спадабалася (бо насамрэч ніхто ня ведае, што ў такі момант сказаць), — то канцэрт атрымаўся. Чалавек ня проста паслухаў, а яго настолькі праштырыла, што ён наважыўся падысьці падзячыць таму, хто пару гадзін запар даводзіў яго да мэнтальнага аргазму.

ТГ: І якія праявы мае гэты мэнтальны аргазм?

— Звычайна плачуць. Менавіта таму люблю выступаць у паўзмроку, каб людзі ня стрымлівалі пачуцьці. Асабліва на пэўных песьнях — кшталту «Дзядоў» — камякі ў горле ў многіх стаяць. І плачуць жа, бо ў творы знаходзяць свае гісторыі. І чым больш у адной песьні людзі бачаць такіх гісторыяў — тым большы ахоп сэнсаў. Кожны чалавек можа пабудаваць у рамках дадзенага каркасу словаў-сэнсаў-музыкі абсалютна адлётныя рэчы.

ТГ: Такі сабе посмадэрнізм — слухач сам стварае, так?

— Па вялікім рахунку, гэта не постмадэрнісцкая тэма, так заўсёды было. Нават народныя бяседныя песьні ўзяць — там пераказваюцца банальныя гісторыі тыпу «я палюбіла казака, а нас зь ім разлучылі, але я ўсё роўна буду зь ім хадзіць». Але ў кожнага слухача ў галаве пракручваюцца свае ўспаміны, ён пазнае сябе ў нейкіх радках ці асобных словах. І вось калі ты бачыш сябе — тады песьня рэзануе.

Чаму вось у блатным шансоне пераважна песьні пра сяброў і пра маму? Таму што сябры і мама, халера, ёсьць у кожнага. Нават калі сяброў няма, то песьня пра маму — бяспройгрышны варыянт.

(Не, пакінем шансон Георгію Дабру, трэба вяртацца на родную глебу)

ТГ: Сёньня на канцэрце перад «Пагоняй» ты сказаў, што калі ты беларускі музыка, то мусіш ахапіць пэўны шэраг мэмаў. Што ты меў на ўвазе?

— Гэта жарцік такі. Даводзілася мне бываць на ўсялякіх фэстывальчыках, і там людзі напраўду, з сур’ёзнымі фізіяноміямі сьпяваюць патасныя песьні тыпу «І Вітаўт такой маладой і юны Грундвальд уперадзі». Шмат хто лічыць абавязкам заляпіць нешта патрыятычнае, але выглядае гэта наіўна ці патасна ажно да сьмешнага. Кажуць жа, што ўдалыя песьні складаюцца з трох рэчаў: з асабістага перажываньня, пераказаных перажываньняў іншых ды іскры божай. Калі аднаго з кампанэнтаў няма — нічога не атрымаецца. А ў песьнях занадта патрыятычных няма асабістага перажываньня — ёсьць пераняты з кніжак досьвед, як правільна сьпяваць на пэўныя тэмы. У выніку гэта не працуе.

ТГ: Дык а як ты з такім стаўленьнем наважыўся напісаць «Пагоню»?

— Я сядзеў такі й расклады прыкідваў: рызыкую я ці не рызыкую, наважыцца мне ці не наважыцца? Яно проста прыйшло — я сеў і напісаў. Прытым у «Пагоні» ёсьць пэўная доля іроніі, песьня выйшла антыгераічная — там бытавуха, там патрулі, якія штодня езьдзяць у брудзе па калена й прасьвету там няма ніякага. Увогуле мяне тады праштырыла тэма пра менскі мотавэлязавод, які ў 2031 годзе пачне выпускаць матацыклы з назвамі «Дрыґант», «Тур» і «Тарпан».

ТГ: Стаяначка, што за тэма? Калі мы перайшлі да матацыклаў?

— Ты пра «Пагоню» спытала? Ну, я табе й расказваю пра гэту песьню. Там ёсьць радок «І дажджы нашых верных Дрыґантаў адмыюць ад сажы да бляску». Вось «Дрыґант» — гэта назва матацыкла, каторы менскі мотавэлязавод будзе выпускаць у 2031 годзе. Там няма коней — гэта ж постапакаліпсіс. Тут просіцца сумесь fallout з martial industrial аранжыроўкамі — агонь, мэханіка, кроў. Няма ніякага лірычнага гераізму— адно безнадзёга ды ўзараны асфальт, на які падаюць гільзы. Што ня ясна?

ТГ: Ясна, што трэба нанова пераслухоўваць «Пагоню» й зьмірыцца, што Дрыганты — зусім ня белыя лашадкі.

— Гэта ты правільна зробіш.

За навінамі выканаўцы можна сачыць у яго афіцыйнай суполцы.

Размаўляла Хрысьціна Дарапей, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    20.05.2016 / 20:03

    Я кахаю сэкс. Але вось групавуху не люблю)

  • Boleslaw / адказаць
    18.11.2016 / 12:26

    Дзікі вінаград, Дзяды, Пагоня - бясспрэчныя шэдэўры.

  • КАМЕНТАВАЦЬ