Minsk Rock Squad: «Усё было нэрвова» (аўдыё)
2902 / 0
20.03.2017

Minsk Rock Squad: «Усё было нэрвова» (аўдыё)

У аўдыёчарце зьмяніўся лідэр! Па выніках галасаваньня ў 8-м туры ім стаў малады менскі гурт Minsk Rock Squad.

Песьня пра «У кароткае» толькі ўвайшла ў чарт і адразу ж абазначылася сярод лідэраў. Яна набралі 427 галасоў і адарвалася ад другога месца на 34 падабайкі. Пераможцы кажуць, што гэта быў іх першы досьвед удзелу ў чартах, таму яны зь цікавасьцю сачылі за разьвіцьцём падзеяў. «Усё было даволі нэрвова, выдыхнулі мы толькі пасьля таго, як зьявіўся надпіс „галасаваньне скончана“. Упэўнены, што перамогу мы атрымалі дзякуючы нашай пакуль невялікай, але ж вельмі адданай фан-суполцы. Перадаем велізарны рэспэкт усім, хто аддаў голас за нас! Самі мы па сканчэньні галасаваньня павіншавалі сьціпла адзін аднаго ў нашым telegram-чаціку, а ўжо на рэпэтыцыі замацавалі посьпех алькагольнымі напоямі», — распавядае лідэр каманды Мікола Андрэеў.

Адносна іншых удзельнікаў чарту лідэр Minsk Rock Squad выказваецца досыць скептычна: «Мне асабіста не хапіла бадзёрасьці і нейкай сьвежасьці. Але ж гэта ўсё справа густу. Наш бубнач, напрыклад, адзначыў для сябе песьні J:Mors, Akute, HandmadE і культавага „Палацу“».

Самі музыкі рыхтуюць новыя трэкі і рыхтуюцца да будучых выступаў. Сёлета яны маюць намер паспрабаваць сябе ў «Засьпявай 4х4». Ім дужа цікава паспрабаваць спалучыць свой стыль і сучасную беларускую паэзію.

Tuzin.fm, фота з суполкі гурту