«Энэргія» скончылася. Які ўспамін па сабе пакінуў самы вялікі клюб Беларусі
3800 / 0
22.04.2015

«Энэргія» скончылася. Які ўспамін па сабе пакінуў самы вялікі клюб Беларусі

Раман Воранаў піша пра віцебскі клюб «Энэргія», які спыняе сваю працу 1 ліпеня гэтага году з прычыны нерэнтабельнасьці.

«Энэргія» адпрацуе роўна 7 гадоў. Калі б у Віцебску было бэрлінскае клюбнае жыцьцё, то гэта нават зашмат для начнога месца. Але пачуцьцё бэрліншчыны (як мы яго ўяўлялі ў 2008 годзе) мелася тут хіба толькі на адкрыцьці. Тады нават ла ўваходу для «віпаў» стаяла чарга, а на галоўным калейка склалася не зь людзей, а з таксовак, якія пэрманэнта падвозілі і вывозілі народ. Такой сакавітай карціны ў Віцебску ніколі не назіралася: ані перад, ані пасьля тае начы.

Як менавіта начная ўстанова, «Энэргія» хутка расчаравала. Інтэр’ер слабы, ахова хамская, гук стаяў нібыта магутны, але на амаль шасьці тысячах квадратах лётаў недзе пад столямі. Рэдкі віцебскі сноб не адгукаўся пра «энэргічную» аўдыторыю ў зьедлівых танах, маўляў ходзяць студэнты, малалеткі і безгустоўшчына, якой падабаюцца рэтра-пятніцы. Але й самі снобы пасьля позьніх суботніх пагулянак усё роўна цягнуліся ў «Энэргію». На пытаньне: «Як жа так?» адказвалі: «На верхнім бары можна», яны яго сабе вылучылі, як загончык для сваіх.

Але ў канцэртным жыцьці «Энергія» стала прарывам. Яна закрыла перадапошні з патрэбных сегмэнтаў (апошнім быў бы аналаг «Рэ:Пабліка»). Напрыканцы нулявых такой пляцоўкай ня мог пахваліцца ніякі іншы горад Беларусі. Круглагадавое месца на 5000 чалавек са сцэнай, барамі, столікамі, більярдамі, распранальнямі, грымёркамі, сваёй аховай (а не нанятай звонку), вялікай стаянкай і не на ўскрайку гораду. Гэта спрасьціла жыцьцё мясцовым і іншагароднім прамоўтарам. «Баста», «Каста», «Нагана», Гуф, Дэльфін, «Океан Ельзи», «Пилот», «Звери», фэсты з удзелам Stigmata, 5Diez, Tracktor Bowling, N.R.M., «Старога Ольсы» і шэрагу іншых артыстаў, якія б можа і не даехалі да Віцебску, калі б не было такой пляцоўкі.

На фота: Noize MC на сцэне клюбу «Энэргія»

Без упэўненасьці, што назьбіраеш больш за пяцьсот наведвальнікаў, клюб лепей было не арэндаваць. На такім палігоне некалькі соцень чалавек маглі глядзецца кучкай перад сцэнай і ствараць толькі дыскамфорт. Таму зь беларусаў сваімі сольнікамі запомніліся хіба толькі «Ляпіс Трубяцкой» і Макс Корж. «Ляпісы» зьбіралі «Энэргію» двойчы. Іх канцэрт зь «Вясёлымі карцінкамі» у 2011 годзе быў адным з апошніх на радзіме.

На канцэрце гурта «Ляпіс Трубяцкі» ў клюбе «Энэргія»

Самым эмацыйным бадай быў выступ Noize MC у красавіку таго ж 2011-га. Ваня некалькі разоў лаяўся з аховай, а потым спыніў канцэрт, зьлез са сцэны і пайшоў вызваляць свайго аматара, якога схапілі за стэйдждайвінг. Ахову зьнялі цалкам, еднасьць з фанатамі зашкальвала, горад закахаўся ў Нойза, але той у Віцебск больш не прыяжджаў.

З гадамі «Энэргія» стала звыклым фонам для жыхароў. У эпоху старшыні аблвыканкаму Косінца мы палюбілі рэкорды: мелі самую вялікую плошчу, самую высокую калядную ёлку, самы вялікі начны клюб з самай доўгай барнай стойкай. З часам начных установаў паболела, зьедлівасьці да «Энэргіі» паменела, старшыню перавялі ў Менск, а ў самым вялікім клюбе зьбіраюцца адкрываць будаўнічы рынак.

Раман Воранаў, для Tuzin.fm, фота Vitebsk4.me

Яшчэ па тэме:

Клюб «Alpha Centauri» ў Горадні спыняе сваё існаваньне

Клюб Tarantino спыніў існаваньне

Клюб «Салтайм» спыніў існаваньне