Agata. Прастора, якая яднае (прэм’ера)
3738 / 0
10.06.2015

Agata. Прастора, якая яднае (прэм’ера)

Лідэр Port Mone Аляксей Варсоба і заснавальніца Akana Ірэна Катвіцкая прадстаўляюць на Tuzin.fm свой сумесны праект Agata, адметнасьць якога ў тым, што беларускі народны сьпеў дзейнічае на роўных з сучаснымі кампазытарскімі прыёмамі.

Катвіцкая і Варсоба супрацоўнічаюць ня першы год. У 2012 годзе пад назвай New Image Orkestra яны запісалі міньён «Зарадзі Божа», а цяпер працуюць над новым праектам — Agata. Дуэтам, асабліва ў фолькавай традыцыі, нікога ня зьдзівіш. Але ў Катвіцкай і Варсобы ёсьць унікальная прапанова, бо яны спалучаюць зусім розныя падыходы. Вакальная лінія традыцыйная, рытуальная, якая захоўвае дыялекты, архаічныя лады і манеру. Інструмэнтальная спалучае аўтарскі спосаб выкананьня і прыёмы сучасных музычных напрамкаў, як нэаклясыка, авангард, нэамінімалізм.

«Я арганізую прастору для песьні, як дэкарацыі ў кампутарнай гульні, — тлумачыць Аляксей Варсоба. — Героям сюжэту, як правіла, выступае голас. Часам акардыён і вакал мяняюцца функцыямі ці гучаць паралельна, адасоблена. Нельга сказаць, што песьня і яе мэлёдыка зьяўляюцца галоўным фактарам, які вызначае і фармуе кампазыцыю. У нашым выпадку беларуская народная архаічная песьня дзейнічае на роўных з сучаснымі кампазытарскімі тэхнікамі і прыёмамі. Такі падыход дазваляе дасягнуць нечаканага і нязвыклага гучаньня для традыцыйнага фальклёрнага выкананьня».

Ірэна Катвіцкая дапаўняе Аляксея: «Архаіка і сучаснасьць у нас збліжаюць уважлівыя адносіны да кожнага гуку, надзяленьне асаблівай значнасьцю гуку і кантэксту, што ствараецца пры дапамозе нечаканых прыёмаў у гармоніі і аранжыроўцы. Акардэон і Голас часта суіснуюць у розных танальных і рытмічных плянах, што стварае паліфанічны эфэкт і надае вялікую самастойнасьць партыям».

«Агата» — гэта музыка перажываньняў і надзеяў дарослага чалавека. Ірэна сьпявае пра каханьне і сьмерць, дзяцей і сям’ю, пра «чужую старону» і вайну, радасьць у горы і гора ў радасьці. Адну з кампазыцыяў — фактычна дэбютны самотнік — Ірэна і Аляксей прадстаўляюць на Tuzin.fm.

«Туман» ня ёсьць студыйнай працай. Запіс зроблены падчас рэпэтыцыі ў цікавай для музыкаў прасторы — кватэры ў старым доме даўняга прыхільніка творчасьці музыкаў. «Тады быў такі абсалютны „экалягічна чысты“ настрой, і мы выключылі ўсялякую апрацоўку гуку, каб стварыць жывую натуральнасьць, што сугучна гэтай кампазыцыі. Акустыка тоўстых муроў і драўлянай падлогі», — кажа Ірэна.

Жывая прэм’ера дуэта Agata пройдзе ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, у малой залі імя Шырмы 16 чэрвеня. Да Аляксея Варсобы (акардыён) і Ірэны Катвіцкай (вакал, раяль, акарына) далучыцца таксама Валерыя Пажарыцкая (скрыпка). Акрамя кампазыцыяў дуэту прагучыць абранае з музычнае праграмы «Этна Фантазія-2015» Ірэны Катвіцкай, і зусім новыя творы для раяля, голасу і скрыпкі. Падрабязнасьці пра падзею — у нашай афішы.

Tuzin.fm