Pauline і HandmadE выступяць на плошчы Свабоды 3 ліпеня
Фіналістка конкурсу «Засьпявай 2.0» сьпявачка Pauline выступіць пры падтрымцы гурта HandmadE на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды.
Pauline — сольны праект сьпявачкі Паліны Цімохінай. Яна дэбютавала ў 2013 годзе і за гэты час зрабіла немалыя посьпехі. Яе песьня «Пачакай» і кліп на яе неаднаразова перамагалі ў чартах на Tuzin.fm. «Мая музыка — гэта перш за ўсё настрой, пачуцьці, думкі. У вашай галаве ўсё гэта заўсёды дакладна падпарадкоўваецца лёгіцы? Напэўна, не. Вось і музыку патрэбна проста адчуваць. Галоўнае — слухаць душой. І калі нашыя настроі супалі — ну, то добра, будзем знаёмы», — кажа Паліна.
Pauline падала заяву на конкурс«Засьпявай 2.0» у намінацыі «Паэзія». Яна разам з музыкамі зрабіла сучасны варыянт вершу «Малітва» Янкі Купалы да паклала яго на ўласную музыку.
У пятніцу 3 ліпеня свой сэт у падтрымку Pauline зайграе гурт HandmadE. Музыкі вызначаюць свой стыль як джаз-рок, хаця можна знайсьці рысы і рэгі, і індзі, і тэхна, што сьведчыць пра іх схільнасць да экспэрыментаў. У тым ліку і са словам — тэксты для песень піша вакаліст гурта Яўген Валошын і паэт Глеб Лабадзенка. Майстэрскія партыі акардэона ад Уладзіміра Пыльчанкі задаюць асаблівыя, адразу пазнавальныя рытмы песень.
І HandmadE, і Pauline сыграюць свае вядомыя песьні, а таксама творы з новых праграмаў. Абавязкова будуць сюрпрызы і нечаканасці ад герояў вечару. Вядучы канцэрту — Алег Хаменка.
Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.
03.07. 20:00. Тэраса кавярні «Chill Out» (плошча Свабоды, 4). Pauline пры падтрымцы HandmadE. Квіткі папярэдне прадаюцца праз сайт і касы Kvitki.by. Кошт: 60 000 — 80 000, у дзень канцэрту (пры наяўнасьці) — 100 000. Толькі 50 месцаў! Інфалінія: +375-29-676-81-95.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ