!OUT: «Падводны» фольк ад беларусаў Канады
2745 / 0
01.10.2016

!OUT: «Падводны» фольк ад беларусаў Канады

Гранічнае спалучэньне неспалучальнага: падводныя здымкі пад народныя мэлёдыі! Tuzin.fm прэзэнтуе сольны альбом канадзкай беларускі Віялеты Кавалёвай разам з 4 відэаролікамі. Праект ствараўся цягам двух гадоў, аўдыёчастка ў вольным доступе публікуецца ўпершыню.

Кіраўнічка беларускага фольк-гурту з Таронта «Яваровы людзі» Віялета Кавалёва запісала тузін інструмэнтальных п’есаў на тэмы народных сьпеваў. Большая частка матэрыялу сыграная сэмплерным арганам. Альбом паўстаў у адказ на прапанову аквалянгіста й гукарэжысэра Ігара Філюшкіна (на загалоўным фота). Той хацеў аздобіць падобнай музыкай свае падводныя відэа, натхнёны досьведам Жака Іва Кусто.

На фота: Віялета Кавалёва ды Ігар Філюшкін (сядзяць у цэнтры)

«Калі Ігар прапанаваў мне запісаць беларускія народныя песьні ў арганных аранжыроўках, я не была ўпэўненая, што ў мяне гэта атрымаецца, але вельмі цікава было паспрабаваць. Спачатку я проста сядала за электронны арган і імправізавала на тэму нейкай песьні, ня ведаючы, куды мяне завядзе мэлёдыя, а Ігар запісваў вынік. Чатыры кампазыцыі з гэтага альбому — „Брала дзеўка лён“, „Медуніца лугавая“, „Бітая дарожанька“ і першы варыянт песьні „А ці выйшла асеньняя тучка“ — менавіта такія імправізацыі. Яны сыграныя пад уплывам настрою ў нейкі канкрэтны момант, і іх немагчыма паўтарыць, не зьмяніўшы», — распавядае Віялета.

Ігар дадае: «Некаторыя з музычных кампазыцыяў я ня змог выкарыстаць з той самай прычыны, што ўзьнікла ў Кусто падчас супрацы з Вангелісам, — яны аказаліся на галаву вышэйшыя за здымкі. Таму мы і вырашылі стварыць гэты альбом — каб слухачы змаглі атрымаць асалоду ад цудоўных беларускіх мэлёдыяў у новым інструмэнтальным гучаньні».

Альбом «Беларускія народныя песьні ў інструмэнтальных апрацоўках», канечне, лепей успрымаць адразу ў комплексе зь відэа, дзе да здымкаў разам з музыкай дадаюцца й адпаведныя падводныя шумы. Віялета й Ігар падрыхтавалі 4 такія ролікі: пад беларускія матывы нырцы залазяць у глыбінныя пячоры, перасьледуюць чарапаху, кормяць акулаў не бяз крывавых траўмаў… Можна сабе ўявіць, што нібыта праз шмат стагодзьдзяў тэрыторыю Беларусі ізноў заліў акіян, а самі жыхары мутавалі ў каралавыя паліпы, і іх цяпер дасьледуюць іншаплянэтныя акванаўты. Хвалі сымбалічна змываюць ініцыялы JL на пяску (Javarovy Ludzi). Творчы тандэм зьбіраецца разьвіваць свой падводны праект далей.

P.S. Тым часам, іншыя здымкі ад беларускі з ЗША, таксам інсьпіраваныя беларускім фолькам, вандруюць па сусьветных кінафэстывалях. Маем на ўвазе Вольгу Дземку ды ейны фільм «Песьні старой Эўропы — старажытныя беларускія народныя песьні». Нядаўна стужка атрымала галоўную прэмію Міжнароднага канадзкага кінафэстывалю «Творчасьць» (Canadian Creation International Film Festival) у намінацыі «Найлепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм». Віншуем!

Віктар Сямашка, Tuzin.fm