Maze і Re1ikt дадуць сумесны канцэрт на плошчы Свабоды
Фіналісты конкурсу «Заспявай 2.0» гурт Maze, чый кавер на «Котку» гурта «Новае Неба» выклікаў захапленьне ў журы, выступяць 10 ліпеня на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды. Іх падтрымае гурт Re1ikt сэтам з найлепшых песень.
Maze — зусім малады гурт, існуе некалькі месяцаў. Пакуль іх рэпэртуар базуецца на кавэрах, але музыкі маюць намер пісаць і сваю музыку ды зусім не зьбіраюцца абмяжоўваць сябе нейкім пэўным стылем. Каманда заявіліся ў намінацыю «Кавэр» конкурсу «Засьпявай 2.0» з сваёй вэрсіяй песьні Касі Камоцкай і гурта «Новае Неба» — «Котка» на словы Адама Глёбуса. А ў якасьці дадатковых песень паказалі свае кавэры на Міка Джагера і Джоан Джэт. У гурт уваходзяць Захар Пятровіч (гітара), Антон Хадасевіч (гітара), Уладзіслаў Нямкевіч (бас-гітара), Павал Новікаў (бубнач), а пры мікрафоне — Дар’я, якая мае адметны вакал. Сярэдні ўзрост удзельнікаў Maze — 18 гадоў, некаторыя зь іх яшчэ вучацца ў школе. Вакалістка — студэнтка Менскага дзяржаўнага коледжу мастацтваў. Музыкі дужа хочуць перамагчы ў сваёй намінацыі на «Засьпявай 2.0», а прызавыя грошы выдаткаваць на паляпшэньне якасьці гучаньня.
Падтрымае канкурсантаў сваім гадзінным сэтам гурт Re1ikt, уладальнікі прэміі «Героі году» ад парталу Tuzin.fm (2013), удзельнікі такіх праектаў як «Тузін. Немаўля» і «Re:Песьняры». Музыкі акурат скончылі працу над сваім новым альбомам і пакажуць свае вядомыя і новыя песьні ў акустычным гучаньні.
Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.
10.07. 20:00. Тэраса кавярні «Chill Out» (плошча Свабоды, 4). Maze пры падтрымцы Re1ikt. Квіткі папярэдне прадаюцца праз сайт і касы Kvitki.by. Кошт: 60 000 — 80 000, у дзень канцэрту (пры наяўнасьці) — 100 000. Толькі 50 месцаў! Інфалінія: +375-29-676-81-95.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ