
Мэгатур-2019 на «Тузіне». Блогеры вырашаюць! (+усе песьні сэзону)
Папулярныя беларускія блогеры сфармуюць выніковы тур, у якім будзе абраная найлепшая песьня 16-га па ліку сэзону на TuzinFM.
Ад пачатку існаваньня гіт-параду на «Тузіне Гітоў» з 2003 году вынікі музычнага сэзону падводзіць адмыслова сфармаваная да гэтай падзеі экспэртная рада, якая штогод мяняецца. У розныя гады ў яе ўваходзілі музычныя журналісты, кіраўнікі беларускіх лэйблаў, музычныя рэдактары радыё, прадстаўнікі тэлевізіі, лідэры легендарнай суполкі «Тутэйшыя». У 2014 годзе гэта былі кіраўнікі беларускіх клюбаў, у 2015-м — беларускія паэты, у 2016-м — філёзафы, у 2017-м вырашалі дызайнэры, а летась — беларускія рэжысэры. Сёлета даручаем зрабіць выбар папулярным беларускім блогерам. У экспэртную раду ўваходзяць: Ганна Севярынец, Стась Карпаў, Ася Паплаўская, Аляксандар Найдзёнаў, Ніка Сандрас, Сьцяпан Сьвятлоў (Nexta).
Усяго ў аўдыёчартах цягам сэзону ўзялі ўдзел 45 песень на беларускай мове: 24 студыйныя трэкі выканаўцаў розных стыляў, 9 трэкаў з навагодняга музычнага праекту, у якім вядомыя беларускія сучасныя рок-гіты загучалі ў джазавых вэрсіях, а таксама 12 трэкаў, запісаных ужывую ў студыі праграмы Belsat Music Live.
Кожны зь сябраў рады ацэніць песьні сэзону і сфармуе свой топ-12. Усе згаданыя кампазыцыі возьмуць удзел у слухацкім галасаваньні на выбываньне. Пасьля невялікага стартавага пэрыяду штодня адміністратары гіт-параду будуць здымаць песьні з найменшай колькасьцю пададзеных за іх наведнікамі галасоў. 12-ка найлепшых песень складзе выніковы «залаты тузін». Але і на гэтым гіт-парад ня будзе спынены. Наступны этап галасаваньня — абнуленьне галасоў і галасаваньне «да апошняга», ажно пакуль у чарце не застанецца адна кампазыцыя — уласна Песьня сэзону на «Тузіне».
Паколькі ўжо шосты сэзон на TuzinFM таксама ёсьць чарт кліпаў і альбомаў, выніковае галасаваньне будзе праведзена і ў іх. У выніковым туры ў гэтых чартах возьмуць удзел усе тыя кліпы (альбомы), якія ўдзельнічалі ў галасаваньні цягам усяго сэзону. Па аналёгіі зь песенным мэгатурам, празь некаторы час той, хто займае апошняе месца, будзе здымацца з галасаваньня да таго моманту, пакуль у чарце не застанецца Кліп сэзону і Альбом сэзону.
Сачыце за навінамі і не прапусьціце пачатак самага цікавага і захапляльнага туру гіт-параду на TuzinFM! Усе тры мэгатуры распачнуцца 24 чэрвеня.
Усе ўдзельнікі аўдыёчарту на TuzinFM у сэзоне 2018/2019
TuzinFM
Топ-12 Ганны Севярынец - http://tuzinfm.by/article/4419/emacyjny-tuzin-ad-hanny-sieviaryniec-audyjo.html
Топ-12 Аляксандра Найдзёнава - http://tuzinfm.by/article/4420/sucasny-tuzin-alaksandra-najdzionava-audyjo.html
Топ-12 Нікі Сандрас - http://tuzinfm.by/article/4424/nieserahovy-tuzin-ad-niki-sandras.html
Топ-12 Асі Паплаўскай - http://tuzinfm.by/article/4425/pryjemny-tuzin-asi-paplauskaj-audyjo.html
Топ-12 Стася Карпава - http://tuzinfm.by/article/4434/zmusany-tuzin-stasia-karpava-audyjo.html
Топ-12 Сьцяпана Сьвятлова - http://tuzinfm.by/article/4435/lirycny-tuzin-ad-nexta-audyjo.html
КАМЕНТАВАЦЬ