Vuraj дае адзіны летні канцэрт у Менску разам зь Пятром Клюевым
3129 / 0
20.07.2015

Vuraj дае адзіны летні канцэрт у Менску разам зь Пятром Клюевым

Фіналіст конкурсу «Засьпявай 2.0» Пятро Клюеў выступіць 24 ліпеня на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды, 4. Яго падтрымае гурт Vuraj.

Канцэрт будзе складацца зь дзьвюх частак. Спачатку — гадзінны сэт Пятра Клюева, дзе ён выканае ўласныя песьні, а таксама конкурсную «Амплітуду сьмеласьці» на верш Рыгора Барадуліна. А далей — напоўнены вобразамі беларускага фальклёру выступ гурта Vuraj.

Пяшчотнымі песьнямі пад акампанэмэнт фартэпіяна Пятро адкрые канцэрт. Ён пачынаў кар’еру як клясычны піяніст амаль 10 гадоў таму. Падчас вучобы ў Эўропе вырашыў заняцца эстраднай музыкай. У Аўстрыі заснаваў гурт «Кіфа». Потым выступаў сольна, а таксама з гуртом Stop Time. Першы яго альбом «For All Friends» выйшаў у 2008 годзе, другі — беларускамоўны «Што такое быць чалавекам» у 2011-м. Пятро актыўна канцэртуе — ён даў больш за тры сотні канцэртаў па ўсёй Эўропе.

Кульмінацыяй вечара стане выступ гурта Vuraj, прасякнуты экспрэсіяй ды ўласнай трактоўкай народнага матэрыялу, якая дапамагае слухачу адкрыць сусьвет пад назваю «фальклёр».

«На канцэрце мы зьявімся ў новым палепшаным“ складзе і наогул зь іншым гучаньнем. З намі разам пачынае граць вельмі таленавіты і прафэсійны баяніст Аляксандар Ясінскі, — кажа лідар гурта Сяргей Доўгушаў. — Улетку ў нас заплянавана шмат канцэртаў па розныx гарадаx Беларусі і толькі адзіны выступ у Менску, 24 ліпеня. У гэты дзень упершыню адбудзецца прэм'ера некалькіx песень з нашай новай палескай праграмы».

На сёньня галоўнае месца ў творчасьці калектыва займаюць песьні, сабраныя ў экспэдыцыях і вандроўках ды пераапрацаваныя згодна з уласным бачаньнем музыкаў. Vuraj таленавіта экспэрымэнтуе са стылем, шукае новыя вобразы і спосабы выкананьня. Пэўна, менавіта таму альбом Rajok быў прызнаны найлепшым беларускім фольк-альбомам 2014 году па вэрсіі Experty.by.

Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ ПЯТРА КЛЮЕВА І ГУРТА VURAJ

24.07. Тэраса кавярні Chill-Out (плошча Свабоды, 4). Пятро Клюеў пры падтрымцы Vuraj. Інфалінія: +375-29-687-20-93. Квіткі — у касах Kvitki.by і он-лайн. Кошт: 60 000 — 80 000 (папярэдне), 100 000 (у дзень).

Tuzin.fm