12 найлепшых фота з 20-годзьдзя Паліны Рэспублікі
4547 / 5
09.04.2014

12 найлепшых фота з 20-годзьдзя Паліны Рэспублікі

У межах праекту «Жывы Тузін» у клюбе «Мулен Руж» пры поўным аншлягу адбыўся вялікі сольны канцэрт Паліны Рэспублікі пры падтрымцы гурта BosaeSonca.

Канцэрт Паліны Рэспублікі — выпадак беспрэцэдэнтны ў беларускай музыцы. Выканаўца, які ня мае ніводнага альбому, зьбірае аншляг на сваім канцэрце ў вялізарным клюбе. Квіткі разышліся абсалютна ўсе. Разам з запрошанымі гасьцямі і журналістамі ў «Мулен Руж» увечары 8 красавіка было больш за 500 чалавек.

Сама Паліна перад канцэртам з хваляваньнем кажа: «Такія канцэрты, як гэты, я спадзяюся, будуць, — але няшмат, бо 20 гадоў спаўняецца толькі раз у жыцьці. А па-другое, першы раз сабраць вялікі канцэрт можна таксама толькі адзін раз у жыцьці. Далей будзе ня тое. Таму гэта вельмі адказна — нават ня столькі адказна, колькі чароўна. Мне цяжка перадаць свае ўнутраныя пачуцьці ды ўражаньне ад таго, што ў мяне адбываецца цяпер унутры».

Выступ Паліны быў падзелены на дзьве часткі. У другой сьпявачка выступала ў суправаджэньні бэнда.

Усе месцы за столікамі перад сцэнаю былі раскупленыя задоўга да пачатку канцэрту.

Удзячныя слухачы абдорвалі Паліну кветкамі.

Прыхільніцы Паліны ведалі амаль усе яе песьні на памяць.

Алесь Кот-Зайцаў з гуртом BosaeSonca — улюбёныя выканаўцы Паліны Рэспублікі на беларускай сцэне. Яны адкрывалі канцэрт.

Нязьменны вядучы канцэртаў сэрыі «Жывы Тузін» разыгрывае падарункі ад партнэраў праекту — кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Паліна расчуленая пасьля канцэрту: «Я вельмі хачу падзякаваць вам за ўсе тыя пачуцьці, якія засталіся ад гэтага дня, ад нашага канцэрту, за мора найпрыгажэйшых кветак, лявіны добрых словаў, думак, за гэтае сьветлае шчасьце і цёплую радасьць. Дзякуючы вам хочацца пісаць новыя песьні, хочацца бясконца сьпяваць, дзякуючы вам, падаецца, сьвет робіцца лепей, прынамсі, хочацца яго такім рабіць».

Падчас канцэрту Паліны праходзіў таксама збор сродкаў на дапамогу Волі Шаўцовай. Атрымалася сабраць 4 451 200 беларускіх рублёў і 108 даляраў. «Калі людзі разам, можна перамагчы ўсё на сьвеце. І за гэта вам яшчэ раз вялікі дзякуй», — кажа Паліна.

 Tuzin.fm, фота budzma.by, Антон Сурапін, bnp.by

КАМЕНТАРЫ:

  • Владимир Боська
    Владимир Боська / адказаць
    09.04.2014 / 15:08

    Як файна, што ў нас ёсць такіе таленавітя людзі. Без усялякіх там дзяржпадтрыпак бярэ і збірае залю. Малайцом!

  • lipa777 / адказаць
    09.04.2014 / 20:14

    Малайчынка што тут шчэ дадаць!

  • Siarhiej Hurynovich
    Siarhiej Hurynovich / адказаць
    10.04.2014 / 00:07

    Дадаць можна, што Паліна таленавітая. Піша цікавыя тэксты. Але ў "Мулен Руж" словы, нажаль, было не разабраць у рокавай палове выступу. Вакал трэ было вылучыць, а бас і барабан сцішыць. А Драйву хапала і пад акампанемент адной акустычнай гітары, як у першай часцы. І гучала больш натуральна. Мінімальным пра актуальнае.
    Пра арганізацыю ў клубе. Танцпляц ззаду, за столікамі, перад барам, замінаючы афіцыянтам ??? - гэта смешна. Можа замест звычайных сталоў ставіць абапал сярэдзіны залы высокія. Каб стоячы марозіва, ці што яшчэ прыгаварыў і далей у скокі каля сцэны.
    А Паліну яшчэ раз з Днём Народзінаў! Плёну ў творчасці.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    10.04.2014 / 00:55

    Сяргей, ня той канцэрт, дзе можна было зладзіць шалёныя скокі:). Танцпляц перад сцэнаю зрабіць ня можна было, бо тады б заміналі не афіцыянтам, а тым, хто за столікамі. Прыходзьце на наступны канцэрт - фэст "Травень" у "Мулен Ружы" таксама, там якраз справу з танцпляцам перадумаем істотна.

  • Дзмітрый Падбярэзскі
    Дзмітрый Падбярэзскі / адказаць
    10.04.2014 / 12:00

    Аншляг бывае няпоўны?

  • КАМЕНТАВАЦЬ