«Ненавязьлівы Тузін» ад Глеба Лабадзенкі
4370 / 0
23.07.2015

«Ненавязьлівы Тузін» ад Глеба Лабадзенкі

Паэт і вядучы курсаў «Мова нанова» ўратаваў «тузін» песень па простым і бездакорным прынцыпе — падабаецца/не падабаецца.

Каб абраць 12 песень з 57, я закінуў іх на флэшку ды стаў слухаць па коле ў машыне. Дзе падабаецца — занатоўваю нумар на паперку. Нават і ня ведаючы выканаўцу. Так адабраліся 22 песьні. Менавіта такую колькасьць я б «уратаваў», была б мая воля. Але ж дадзена толькі 12 — і нічога не папішаш. І адабраць 12 з 22 было ў разы складаней, чым 22 з 57. У «лонг-лісьце» прынцып быў просты — падабаецца/не падабаецца. Ня гурт, не музыка, а менавіта песьня.

Для шорт-лісту прымяніў ужо іншую лёгіку — дарогу маладым! Таму выкрасьліў некалькі мэтраў, каб прапусьціць некаторыя ня самыя раскручаныя гурты. Мэтрам што — яны ўжо й так усім усё даказалі, удзел ці перамога ў гэтым рэйтынгу нічога ім не дадасьць. А для маладых музыкаў гэта можа быць натхненьнем і штуршком.

Хоць некаторыя мэтры ўсё ж засталіся. Скажам, Андрэй Макарэвіч — ягоны «Сьнег» я праслухаў мо сотню разоў. Бліскуча!

Адкрыцьцём для мяне быў трэк рэпэра Angst. З паэзіяй Віталя Рыжкова (і зь ім самім) добра знаёмы. Са свайго пакаленьня Віталь для мяне — бясспрэчна #1 у паэзіі. А вось пра гэты трэк раней, да свайго сораму, ня ведаў. Плюсую яго сюды.

Гурт :B:N: хоць і не пачаткоўцы, але таксама трапілі ў гэты сьпіс. Клясная песьня. Клясны гурт!

Гурт HandmadE — адзін з маіх найулюбёнейшых, таму бязь іх песьні «Нямое кіно» гэты сьпіс проста ня мог абыйсьціся.

Гурт «Ілюжан» адкрыў для сябе нядаўна, паслухаў шмат іх песень, у тым ліку ўжывую, вельмі падабаецца! У тым ліку «Як мае быць». Плюсую ў сьпіс.

«Нагуаль» — проста шаманскі калектыў. Асабліва калі слухаеш ужывую. Беларуска-афрыканскія мэлёдыі зацягваюць у палон і доўга потым не адпускаюць. Рады быў сустрэць сьпеў «Маладзік удалы» ў прапанаваным сьпісе.

Гурт Navi для мяне — адкрыцьцё мінулага году. Як жа нам не ставала такіх песень — лёгкіх, незагонных, папсовых у добрым сэнсе гэтага слова! Прыемна, што ў гурта более й более беларускамоўных песень. Адна зь іх — «Шчасьце». Спадзяюся, яны цалкам выцясьняць расейскамоўныя, якія значна слабейшыя і мала для мяне цікавыя.

Сьпеў «Цяпер і далей» гурта Nizkiz дужа спадабаўся, бо ён вылучаецца на тле ўсіх астатніх кампазіцыяў і запамінаецца. Дужа хацелася, каб гэты сьпіс атрымаўся як мага больш разнастайным, рознастылевым. І гэтая песьня сюды ў дапамогу.

«Красавік» Паліны Рэспублікі — адна з маіх любімых кампазіцыяў у гэтым сэзоне. Таму ўключыў яе ў сьпіс яшчэ да праслухоўваньня астатніх.

Сьпеў гурта «Пудынг» у песеньцы «Зіма» вельмі спадабаўся вакалам, настроем і сьвежасьцю. Прызнаюся, раней ня ведаў такі гурт, адкрыў яго для сябе дзякуючы гэтаму пачэснаму заданьню.

Tanin Jazz — той прыклад, калі зьяўленне беларускамоўных песень увяло гурт у кола маіх інтарэсаў. Бо раней чуў толькі назву, а цяпер паслухаў яшчэ і песьню «Каханьне».

Vuraj і асабіста Сяржук Доўгушаў твораць неверагодныя рэчы. У чым можна пераканацца, калі паслухаць іх «Пэрэпылку». Цішком падазраю, што Сяржук — гэта пазашлюбны сын Івана Кірчука. Бо менавіта Vuraj для мяне зьяўляецца маладым працягам нязьменна любімай і шанаванай «Троіцы».

Калі казаць пра ўсе 57 песень, то сярод іх было літаральна некалькі, якія не спадабаліся зусім — і якія перамотваў потым пры праслухоўванні. Памятаеце, як у альбоме «Дом культуры» N.R.M. загадчыца казала — «роў дзікі». Вось і мне на некаторыя сьпевы карцела сказаць так:).

Але, што самае цікавае, нават песьні, якія не ўвайшлі ў сьпіс абраных — добрыя! Тым, што беларускіх песень павінна большаць і большаць, харошых і розных. Беларуская песьня павінна перастаць быць толькі подзьвігам і стаць звычайнасьцю, штодзённасьцю. Шмат песень са сьпісу я не пазнаў бы, пачуўшы другі раз і тым больш не паўтарыў бы. Але ж гэта цудоўна — зьяўляецца фонавая, ненавязьлівая беларускамоўная музыка!

Тое, што мне дужа спадабалася — наколькі розныя песьні тут можна было пачуць! На любы густ! Веру і спадзяюся, што далей будзе гэтак жа і нават лепей.

Усе названыя экспэртам песьні возьмуць удзел у выніковым МЭГА-туры на Tuzin.fm і пазмагаюцца за гонар звацца найлепшай беларускай песьняй музычнага году. Старт МЭГА-туру — 27 ліпеня.

Глеб Лабадзенка, для Tuzin.fm, фота Джона Кундстадтэра (загалоўнае) і Зарыны Кандрацьевай

Глеб Лабадзенка — паэт, журналіст, вядучы курсаў «Мова нанова», сябра экспэртнай Рады-2015 на Tuzin.fm. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй (2004), Інстытут журналістыкі БДУ (2009) і аддзяленьне філязофіі і літаратуры Беларускага калегіюму (2007). Сябра БАЖ, СБП і Беларускага ПЭН-цэнтру. У якасьці журналіста працаваў у газэтах «Камсамольская праўда ў Беларусі» і «Зьвязда». Аўтар кнігі паэзіі «Pager-вершы» (2005), кнігі моўных малюнкаў «дзіцячая заМова» (2013), укладальнік непадцэнзурнага выданьня «Ладзьдзі Роспачы» Ўладзімера Караткевіча (2010). Сярод узнагародаў — пераможца літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай (2003), уладальнік гран-пры конкурсу «Дзень Зямлі — 2004», пераможца літаратурнага конкурсу імя Франчэска Пэтраркі (2004), ляўрэат першай прэміі «Залаты апостраф» (2004), ляўрэат прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча за кнігу «дзіцячая заМова» (2013). Песьні на яго вершы і пераклады пяюць гурты HandmadE, Rahis, «Стокс», Дакота, Макс Лорэнс, Аляксандар Рыбак.