WZ-orkiestra дасьць клюбны канцэрт у Менску (+падборка найлепшых песень)
4323 / 2
15.01.2015

WZ-orkiestra дасьць клюбны канцэрт у Менску (+падборка найлепшых песень)

Гурт Зьмітра Вайцюшкевіча сыграе найлепшыя песьні за 15 гадоў у межах праекту «Жывы Тузін». Эксклюзіўны канцэрт адбудзецца 6 лютага ў клюбе «Піраты».

Клюбныя канцэрты для Вайцюшкевіча — рэдкасьць. Звычайна сьпявак выступае ў сядзячых залях. 6 лютага ён запрашае сваіх прыхільнікаў у клюб «Піраты», дзе сыграе праграму з найлепшых песень. Будзе што паслухаць, і будзе пад што патанчыць. «Сапраўды, чамусьці рэдка граем у клюбах, хаця можам даць драйву напоўніцу», — кажа Зьміцер. Яго WZ-orkiestra выйдзе на сцэну поўным складам — баяніст-віртуоз Аляксандар Шувалаў, піяніст і кіраўнік джаз-ансамблю «Дыліжанс» Андрэй Лабчэўскі, выдатны гітарыст Алег Івановіч, вядучы джазавы бас-гітарыст Вячаслаў Сяргеенка, бубнач з аркестра Купалаўскага тэатру Андрэй Сапоненка разам зь Зьмітром сыграюць творы з праектаў «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут», «Сьвяты вечар», «Цацачная крама», «Паравіны году», «Апошні золак» ды іншых — усё найлепшае з сваёй багатай творчай спадчыны за 15 гадоў. Будуць песьні на Караткевіча, Ваячака, Бураўкіна, Барадуліна, Някляева, Вольскага…

«Будзем граць каля дзьвюх гадзінаў. Пэўная частка песень, якія сыграем, ужо намечана, а частку будзем адбудоўваць па хадзе канцэрту. Спадзяюся ўсе застануцца задаволенымі», — заўважае выканаўца.

Падзея ў FB/Падзея УК

Канцэрт адбудзецца ў клюбе «Піраты» 6 лютага ў 19:00 у межах праекту «Жывы Тузін», што ладзяць партал Tuzin.fm і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Квіткі каштуюць 165 000 (танцпляц), 215 000 (столік). Іх колькасьць абмежаваная, так што варта паклапаціцца загадзя.

Квіткі можна набыць он-лайн і ў касах Kvitki.by па ўсёй краіне.

Адмыслова да гэтай падзеі мы абнавілі старонку Зьмітра Вайцюшкевіча на Tuzin.fm. Цяпер там можна паслухаць і спампаваць песьні, якія выканаўца прадстаўляў у нашым аўдыёчарце цягам апошніх 12 гадоў. Песьні таксама даступныя для праслухоўваньня на нашай старонцы ў Soundcloud.

КАМЕНТАРЫ:

  • interrex / адказаць
    16.01.2015 / 16:21

    Канцэрт адбудзецца ў клюбе «Піраты» 6 студзеня ў 19:00 у межах праекту «Жывы Тузін»,
    так 6 студзеня ці 6 лютага????

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.01.2015 / 16:39

    Лютага, вядома ж)

  • КАМЕНТАВАЦЬ