«АNIMA». Прэм’ера музычнага праекту да 250-годзьдзя Міхала Клеафаса Агінскага
6548 / 0
25.09.2015

«АNIMA». Прэм’ера музычнага праекту да 250-годзьдзя Міхала Клеафаса Агінскага

Беларускія музыкі прадстаўляюць новы музычны праект, запісаны ў гонар славутага кампазытара.

Тэма ўсіх песень з праекту «АNIMA» — Радзіма. Ініцыявалі яго прадусар Андрэй Ісачэнка і музыка ды рэжысэр Максім Сіры пры падтрымцы фонду «Вяртаньне». Музычны альбом стаў часткаю маштабнага праекту-прысьвячэньня Агінскаму «250», у межах якога прадстаўленыя тры фотацыклі, дакумэнтальны фільм, сайт і скульптура.

Прадусар праекту Максім Сіры кажа, што кожнаму з музыкаў прапаноўвалася напісаць альбо наноў выканаць для праекту песьню, якая была б эмацыйна сугучная, на іх думку, слову «Радзіма». «Па-першае, мы хацелі атрымаць творы, празь якія можна было б убачыць, якія эмоцыі, думкі, пачуцьці выклікае гэта паняцьце ў аўтараў песень. Па-другое, паказаць і распавесьці пра тое, што ў нас ёсьць выдатныя паэты і кампазытары, якія ўмеюць пісаць надзвычай прыгожыя творы, яшчэ раз зьвярнуць на іх увагу і прыцягнуць слухача да беларускай музыкі. Мы вельмі рады і ўдзячны ўсім музыкам, якія адгукнуліся», — кажа Максім. Ніякіх моўных абмежаваньняў ня ставілася — па выніку ў праект трапілі шэсьць песень па-беларуску і тры па-расейску.

Адзін з удзельнікаў праекту Алег Хаменка называе яго «станоўчым, стваральным, годным і актуальным». «Даўней слова „радзіма“ гучала і вызначала іншае. „Радзіна“, ці „родына“ — сям’я, род. Людзі карысталіся словам „айчына“, або „ойчызна“. Слова гэта тут забаранілі расейскія цары — загадалі выкрасьліць паўсюдна і замяніць на „дзяржава“. Таму для мяне цяпер слова „Радзіма“ ў вузкім сэнсе вызначае „месца народзінаў“ (для мяне гэта Менск). А ў глыбінным сэнсе тое, што і для продкаў: Айчына — зямля маіх дзядоў, бацькоў і Бога. Я выбраў песьню „Маці“, таму што, на мой погляд, яна нагадвае пра наканаванасьць лёсу. І ў кантэксьце прысьвячэньня Агінскаму вельмі хацелася прасьпяваць менавіта яе», — кажа лідэр «Палацу».

«Прапанова праекту зьявілася, калi гурт Naka займаўся адборам песен для новага беларускамоўнага альбому, — распавядае Наста Шпакоўская. — Спачатку была думка выкарастаць песьню з ужо запісанага матэрыялу, але адпаведнай па духу i наcтроі кампазыцыі не было. Таму песьня „Вяртаньне“ была напicана менавiта для альбому Anima, але яна ўвойдзе і ў альбом нашага гурта, толькі ўжо ў iншым гучаньнi».

Сяргей Пукст мяркуе, што ў яго атрымалася песьня, якая адпавядае лірычнага духу твораў Агінскага: «У песьні ёсьць вобраз птушкі, якая раптам апынулася паміж двух сьветаў. І новая і старая радзіма ёй раптам апынуліся аднолькава недаступныя».

У запісе таксама ўзялі ўдзел Лявон Вольскі, іli-ili, Зьмiцер Вайцюшкевiч, Уладзімер Пугач, Rockerjoker, Aтмаравi. Усе песьні гучаць у мінімалістычных аранжыроўках — пад фартэпіяна. Гралі Міхаіл Ласкутоў і Максім Івашын. Аранжыроўкі рабіў Аляксандар Геліх.

Альбом «АNIMA» прадстаўляецца на Tuzin.fm 25 верасьня — акурат на юбілей Міхала Клеафаса Агінскага. Жывая прэм’ера адбудзецца ў гэты ж дзень у бары «Хуліган».

СПАМПАВАЦЬ ПРАЕКТ «АNIMA» АДНЫМ ФАЙЛАМ З TUZIN.FM

1. Атмараві «Motherboard»

Словы і музыка Атмараві

2. Сяргей Пукст «Птица»

Словы і музыка С. Пукст

3. Зьміцер Вайцюшкевіч «На далёкай старане»

музыка З. Вайцюшкевіч, словы У. Някляеў

4. ili-ili «Чаканьне»

музыка З. Есяневіч, словы М. Зуй

5. Алег Хаменка «Мацi»

словы і музыка А. Хаменка

6. Rockerjoker «Бей, баба, пой»

словы М. Насарогава, музыка М. Сіры

7. Naka «Вяртаньне»

словы і музыка Н. Шпакоўская

8. Уладзімер Пугач «Адліга»

словы і музыка У. Пугач

9. Лявон Вольскі «Бяз нас»

словы і музыка Л. Вольскі

 У праекце бралі ўдзел:

Максім Ласкутоў — аранжыроўкі, фартэпіяна 1—9

Максім Івашын — фартэпіяна 6, 8

Аляксандр Геліх — саунд-дызайн, аранжыроўкі, зьвядзеньне

Прадусары: Андрэй Ісачэнка, Максім Сіры

Tuzin.fm, загалоўнае фота і фота на вокладцы Міхаіла Лешчанкі, фота на трэках Івана Бэсера, Ганны Івановай (С. Пукст), Касі Сырамалот (іli-ili)