Naka сыграе ў праўду
Сьпявачка Наста Шпакоўская і мастачка Наста Шастак распавялі Tuzin.fm пра сумесны новы праект, які мяркуецца прэзэнтаваць у рэдкім жанры музычнага монапэрформансу.
Праект завецца «Игра в правду». Наста Шпакоўская падае яго, як больш чым новы альбом. «Гэта выключная праца, якая ўбірае ў сябе музыку, паэзію, мастацтва. Гэта творы пра каханьне, сардэчнасьць, пошук і асэнсаваньне, пра сэнс жыцьця і свой шлях. Праект задуманы як паступовы, адначасова мы прапрацоўваем шмат складнікаў, якія ўрэшце рэшт аб’яднаюцца разам у музычна-мастацкай дзеі», — распавяла Tuzin.fm Наста Шпакоўская.
Наста Шпакоўская
Музычную частку рэалізуе праект Насты Шпакоўскай і клявішніцы Ірыны Кліменкі Naka Piano, да якога далучыўся таксама бубнач Зьміцер Харытановіч (Pomidor/off, :B:N:, Drum Exctasy). Мастацкую частку будзе рэалізоўваць Наста Шастак, якая працавала ў такіх музычных праектах, як «Апошні золак», «Новае пакаленьне на Новы год», «Belsat Music Live», а таксама стала аўтарам пясочнага кліпу для гурту Naka — «By You». Яна распрацоўвае стыль праекту, вопратку і ўвесь візуальны складнік пэрформансу.
Наста Шастак
Наста Шастак паказвае свае накіды да праекту ды разважае пра вобраз Насты Шпакоўскай у ім. «Уся дзея адбываецца вакол гераіні, якая ня ёсьць ахвяраю, а ёсьць чалавекам, якому проста неабходна падзяліцца сваім унутраным сьветам з астатнімі. Гэта асоба не з паламанымі крыламі, а з мноствам птушак унутры. І яна раскрываецца падчас гэтай дзеі, якую я лічу цэльнай музычнай кампазыцыяй, умоўна разьбітай на часткі. Агульную атмасфэру хочацца зьвесьці да сюррэалістычнага гучаньня і напаўненьня. Каб гэта выглядала дзіўнавата, прыгожа-ненармальна. Сам жа вобраз сьпявачкі па сваёй яскравасьці будзе адсылаць да 1920-х гадоў», — апавядае мастачка.
Прэзэнтацыя «Игры в правду» заплянаваная на вясну ў вінным бары ў Менску. Пакуль жа Naka запусьціла кампанію ў падтрымку свайго праекту. Тым, хто пажадае спрычыніцца да яго выхаду абяцаюцца падарункі, а самы каштоўны лот — карціна алеем, намаляваная Настай Шастак.
Tuzin.fm, фота Валянціна Вяркеева, малюнкі Насты Шастак
КАМЕНТАВАЦЬ