«Р’э Мажор». Гарадзкі поп-рок з элемэнтамі ўсяго (прэм’ера!)
Гурт «Р’э Мажор» прадстаўляе свой першы самотнік зь дзьвюх песень на Tuzin.fm ды распавядае пра ідэю ўласнага фэсту, які ладзіцца ўжо ў трэці раз.
Гісторыя «Р’э Мажор» пачалася два гады таму ў Валожыне, дзе паўсталі першыя песьні і працягнулася ў Менску. Музыкі кажуць, што яны наўмысна не трымаюцца пэўнага стылю ды імкнуцца да зьмешваньня, таму кажуць, што яны граюць акустычны поп-рок «з элемэнтамі ўсяго». Мацуе іхнюю творчасьць такі канцэпт: «Мы хочам паказаць жыцьцё беларускага гораду, якое дужа розьніцца ад жыцьця ў хоць якім замежным мэгаполісе. Тут усё прасьцей і душэўней, неяк па-вясковаму нават. Мусіць горад яшчэ не паглынуў да канца ўсё насельніцтва, якое ў тым ці іншым пакаленьні паходзіць зь вёскі. Ад таго простыя рэчы яшчэ застаюцца блізкімі кожнаму наведніку макдаку», — кажа вакаліст гурта Міхась Бацян.
З траўня 2015-га да гурта далучылася сьпявачка і паэтка Даша Жогаль, якая да гэтага сьпявала сольна. Менавіта зь яе ўдзелам быў зроблены першы студыйны запіс гурта — песьня «Не чакай» аўтарства Рагнеда Малахоўскага. У дэбютны сынгл таксама ўвайшла песьня «Партрэт». Гурт мае намер запісаць у студыі яшчэ некалькі сваіх песень.
Пакуль на рахунку «Р’э Мажор» удзел у фэсьце «Бардаўская восень — 2014» і акустычныя выступы. Адзін зь іх адбудзецца неўзабаве — 12 лістапада на менскай фотастудыі Forward, а галоўны гонар каманды — іх уласны фэстываль, які завецца «Барны вечар беларускай музыкі». «Ідэя фэсту ў тым, каб зрабіць максымальна ўтульную атмасфэру, паказаць разнаплянавую музыку на беларускай мове, — тлумачыць Міхась. — Мы найперш запрашаем музыкаў, якія вылучаюцца сваёй непаўторнасьцю: у папярэдніх фэстах бралі ўдзел „Нельга Забыць“, ZnaROCK, FuocoTrio, „Сон-Трава“, школа этнічных барабанаў TekaDUM і наш гурт. Фэст заўсёды акупаў выдаткі і незадаволеных слухачоў у нас не было ніколі». Сёлета «Барны вечар беларускай музыкі» пройдзе ўжо ў трэці раз. Кожны гурт можа падаць заяву на ўдзел у ім.
Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
файныя, раю ўсім паслухать іх у жывую
КАМЕНТАВАЦЬ