
«Засьпявай 3.0». Старт дадзены!
Партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы TUT.BY абвяшчаюць трэці сэзон конкурсу маладых выканаўцаў «Засьпявай.BY». Узроставы цэнз падвышаецца да 33 гадоў, намінацыяў становіцца болей, прызавы фонд павялічваецца да 1500 эўра.
Завадатары конкурсу заклікаюць маладых выканаўцаў адкрыць для сябе беларускі космас паэзіі і музыкі ды падзяліцца гэтым адкрыцьцём з астатнімі.
«Мы прапануем ў тры спосабы паказаць хараство нашае мовы — праз сучасную беларускую паэзію, праз музыку беларускіх выканаўцаў і праз замежныя пераклады. Тыя, у каго атрымаецца найбольш гарманічна спалучыць музыку і слова, па-новаму адкрыць ужо вядомыя песьні, атрымаюць у якасьці прызу грошы на запіс уласнай песьні/самотніку/кліпу. Агульны прызавы фонд конкурсу сёлета складзе 1500 эўра», — заснавальнікі конкурсу «Заспявай.BY» Павал Бераговіч і Сяргей Будкін.
Умовы ўдзелу:
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца творчыя асобы ва ўзросьце 16—33 гады ўключна. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост удзельнікаў ня мусіць перавышаць азначаны цэнз. Перавага ў прыёме заяваў аддаецца найперш тым музыкам, якія ня маюць афіцыйна выдадзеных альбомаў і сольных канцэртаў.
Прапануецца паўдзельнічаць у конкурсе ў трох намінацыях: «Сьпяваная паэзія», «Беларускі кавэр» і «Замежны пераклад». Усе пададзеныя творы мусяць быць засьпяваныя адмыслова да конкурсу «Засьпявай 3.0» і пры неабходнасьці выкананыя ўжывую падчас летніх канцэртаў конкурсу.
1. Сьпяваная паэзія
Удзельнікі конкурсу самастойна абіраюць верш сучаснага беларускага паэта на беларускай мове, каб прасьпяваць яго ва ўласнай манеры на сваю музыку.
Пад «сучасным паэзіяй» маюцца на ўвазе творы, напісаныя ў апошнія 33 гады (з 1983 году да нашых дзён), якія былі выдадзеныя ў зборніках паэзіі, надрукаваныя ў літаратурных выданьнях або зьмешчаныя на спэцыялізаваных літаратурных сайтах.
Вершы сучасных паэтаў можна знайсьці, напрыклад, тут — «Дзеяслоў», «Літрадыё», Budzma.by, «Беларуская палічка», «Камунікат», сайт Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў.
Крытэры выбару найлепшых: арыгінальная музычная падача, гарманічнае спалучэньне музыкі і слова.
2. Беларускі кавэр
Удзельнікі конкурсу самастойна абіраюць адну зь вядомых беларускамоўных песень і выконваюць яе па-свойму. Можна таксама перакласьці на беларускую і выканаць расейскамоўную песьню беларускага выканаўцы. Выкананьне песень, якія прайшлі папярэдні адбор, будуць узгодненыя з праваўладальнікамі, калі гэта магчыма.
Да разгляду прымаюцца песьні, створаныя беларускімі аўтарамі ў жанры папулярнай музыкі ў яе шырокім разуменьні, пад якое могуць падпадаць узорныя творы эстраднай музыкі, року, джазу, фольку, электронікі, аўтарскай песьні ды зьмешаных і сумежных стыляў. Час напісаньня і стыль ролі ня граюць. Пры выбары можна карыстацца рэйтынгам парталу Tuzin.fm «100 найвялікшых беларускіх песень».
Крытэры выбару найлепшых: ступень прасякненьня абраным сьпеўным матэрыялам; якасьць перакладу (калі пададзеная іншамоўная песьня); здольнасьць падаць вядомую песьню па-новаму, а таксама наданьне ёй іншага актуальнага гучаньня.
3. Беларускі пераклад
Удзельнікі конкурсу самастойна абіраюць адну зь вядомых замежных песень, перакладаюць тэкст на беларускую мову і выконваюць яе па-свойму (не пад мінус!). Выкананьне песень, якія прайшлі папярэдні адбор, будуць узгодненыя з праваўладальнікамі, калі гэта магчыма.
Час напісаньня, стыль і мова арыгіналу ролі ня граюць. Пры выбары можна скарыстацца рэйтынгам часопіса Rolling Stone «500 Greatest Songs of All Time». Абавязковая ўмова — замежны твор мусіць быць перакладзены на беларускую адмыслова да конкурсу «Засьпявай 3.0».
Крытэры выбару найлепшых: якасьць перакладу на беларускую мову, ступень прасякненьня абраным сьпеўным матэрыялам; здольнасьць падаць вядомую песьню па-новаму, а таксама наданьне ёй іншага актуальнага гучаньня.
Правіла падачы заяваў:
Заявы падаюцца на электронны адрас конкурсу konkurs.zaspiavaj@gmail.com да 1 траўня 2016 году ўключна (заявы пададзеныя не ў акрэсьлены тэрмін ды іншым спосабам, у тым ліку праз сацсеткі, разглядацца ня будуць). У тэме ліста неабходна пазначыць назву намінацыі, у якую падаецца заява. Дапушчальна падаваць заявы на дзьве або тры намінацыі адразу. На кожную намінацыю мусіць быць асобная заява.
У ліст трэба прыкласьці 4 файлы:
1. тэкст у фармаце Word, у якім неабходна пазначыць:
— зьвесткі пра ўдзельніка (-аў): імя і прозьвішча, узрост, месца вучобы/працы, кантактны адрас і тэлефон (калі заява падаецца ад гурта, то ўказваюцца зьвесткі ўсіх яго ўдзельнікаў)
— інфармацыя пра выканаўцу/гурт (год заснаваньня, стыль, дасягненьні) і спасылкі на прыклады ўласнай творчасьці (пры наяўнасьці аўдыё і відэа)
— сьціслае апісаньне (да 5 сказаў) на рэалізацыю якіх творчых задумаў могуць быць выдаткаваныя прызавыя грошы.
2. тэкст у фармаце Word са словамі (перакладам) прасьпяванай песьні і ўказаньнем аўтара музыкі і словаў (аўтара перакладу)
3. дэма-запіс песьні для ўдзелу ў конкурсе ў фармаце MP3 бітрэйтам 320 kbps альбо спасылку на відэазапіс з выкананьнем конкурснай песьні
4. фотаздымак выканаўцы ці гурта
Падвядзеньне вынікаў:
Дасланыя кампазіцыі разгледзіць журы, у якое ўвойдуць арганізатары конкурсу ды вядомыя беларускія музыкі, паэты, перакладчыкі. Паводле галасаваньня журы будзе сфармаваны шорт-ліст па кожнай з намінацыяў, які будзе абвешчаны на парталах Tuzin.fm, Viartannie.by і Tut.by, а таксама на рэсурсах партнэраў праекту не пазьней за 20 траўня.
Названыя выканаўцы возьмуць удзел у летніх канцэртах конкурсу «Засьпявай 3.0», якія пройдуць пры падтрымцы вядомых беларускіх выканаўцаў. Па выніку выступаў будуць названыя пераможцы (не пазьней за 1 кастрычніка 2016).
Прызы
Па выніках конкурсу мае быць названы пераможца як у кожнай з трох, так і ў дзьвюх альбо адной намінацыі (у залежнасці ад якасьці пададзенага матэрыялу). Прызавы фонд конкурсу складае 1500 эўра, які будзе разьмеркаваны між пераможцамі (у якіх долях — вырашыць журы) альбо цалкам аддадзены агульнаму пераможцу. На рашэньне арганізатараў удзельнікі конкурсу могуць быць дадаткова ўзнагароджаныя іншымі каштоўнымі прызамі і атрымаць магчымасьць бясплатна запісацца ў студыі і выступіць ужывую на адным з канцэртаў праекту «Жывы Тузін».
Конкурс «Засьпявай.BY» быў заснаваны ў 2014 годзе дабрачынным фондам «Вяртаньне» і музычным парталам Tuzin.fm. Яго мэта — заахвоціць маладых выканаўцаў зьвяртацца да беларускай мовы і паэзіі ў сваёй творчасьці.
2014. Прыз уручаўся ў намінацыі «Сьпяваная паэзія». Уладальнікам Гран-пры стаў Віталь Варанко за песьню «Вяртайся!» на словы Віталя Рыжкова. Ляўрэатамі сталі Лізавета Леўчык за песьню «Адзінота» на верш Тацяны Сапач і Юры Касьцень (SP Kava) за песьню «Эндшпіль» на верш Андрэя Адамовіча.
2015. Прыз уручаўся па дзьвюх намінацыях — «Сьпяваная паэзія» і «Кавэр». Уладальнікам Гран-пры стаў гурт Navi за песьню «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса ў намінацыі «Сьпяваная паэзія» і за песьню «Жар-птушка» ансамбля «Сябры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка) у намінацыі «Кавэр». Ляўрэатамі сталі Марына Вярэніч за песьню «Чаму мы стрэліся ня ў час?» на верш Тацяны Дзям’янавай у намінацыі «Сьпяваная паэзія» і Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песьню «Зачараваная» ансамбля «Песьняры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка) у намінацыі «Кавэр».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ