«Ілюжан» глыбока капае (прэм’ера)
Гурт «Ілюжан» прадстаўляе на Tuzin.fm самотнік, куды ўвайшлі дзьве новыя песьні «Верыш» і «Ільняная», які папярэднічае выхаду першага студыйнага альбома «Ці чуеш».
Вакалістка гурта Каця Аліхвер кажа, што гэты самотнік дае ўяўленьне пра тое, якім будзе новы альбом «Ілюжан». «Мы вырашылі капнуць бліжэй да каранёў, на свой лад, канечне. Таму стылістыку гэтых песень можна акрэсьліць як фольк. Так можа гучаць новая менская народная музыка. Гэта новыя карціны з усё тым жа зьместам: Шчасьце, Любоў, Шлях, Свабода і Душа», — кажа сьпявачка. Альбом «Ці чуеш» уяўляе зь сябе трылёгію, першая яе частка пабачыць сьвет на чатырохгодзьдзе каманды — 11 лістапада, у рэліз увойдзе шэсьць кампазыцыяў. «Гэта свайго роду невялікі шпацыр па родным завулку, басанож, між дзьмухаўцоў і трыпутніку, новы позірк на старое і звыклае, натхнёны цеплынёй і шчодрасьцю жнівеньскага сонца, вяртаньне дадому за бацькоўскім блаславеньнем рушыць у новае падарожжа», — гэтак прадстаўляюць сваю працу музыкі. Дарэчы, вокладка альбому амаль такая ж, як і да папярэдняга самотніка «Татачка», толькі замест мужчынскіх рук на ёй зьявіліся рукі жаночыя. Гэта намінка на песьню «Маценька», якая дагэтуль рэдка выконвалася ўжывую і была падрыхтаваная адмыслова да выданьня на дыску «Ці чуеш».
Фольк-альбом «Ці чуеш» не азначае, што музыкі вырашылі засяродзіцца выключна на адным кірунку. Другая частка рэлізу будзе гучаць з выразным фанк-рокавым адценьнем, а трэцяя — з джазавым.
У падтрымку альбома «Ці чуеш» заплянаваны шэраг канцэртаў у беларускіх гарадах, а таксама здымкі кліпу на адну зь песень. Жывая прэзэнтацыя пройдзе 22 лістапада ў клюбе TNT. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.
Яшчэ: «Ілюжан». Давайце вучыцца быць добрымі і сьмелымі (аўдыёпрэм’ера!)
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ