By Cry пра «А ты ехаў»: «Гэта наша найлепшая песьня і найлепшы кліп» (аўдыё/відэа)
Кліп Аляксандры Грахоўскай на песьню «А ты ехаў» яе ж гурта By Cry стаў пераможцам зімовага туру ў відэачарце на TuzinFM.
Гурт By Cry неаднаразова ўдзельнічаў у чарце на «Тузін» са сваімі кліпамі, але гэты раз быў для музыкаў асаблівым. Як кажа вакалістка гурта і рэжысэрка роліку, песьня «А ты ехаў» адна з найлепшых іх працаў, як у пляне відэа, так і музыкі.
«Мы неаднаразова праводзілі апытанкі сярод слухачоў, і ў іх нязьменна перамагала гэтая песьня. Мы разумелі, што наш кліп — адназначны прэтэндэнт на першае месца і верылі, што так і адбудзецца. Так што нам неверагодна прыемна бачыць яго пераможцам сярод такіх знакамітых і паважаных выканаўцаў», — зазначае Аляксандра і дадае, што музыкі ўважліва сачылі за ходам галасавалкі і з прыемнасьцю адзначалі, што каманда прыхільнікаў BY CRY робіць усё, каб кліп утрымліваў сваё лідэрства. Па выніку відэа назьбірала 823 галасы, што на 590 (!) галасоў больш, чым у відэа, якое заняла другое месца.
У запісе новых песень і вытворчасьці кліпаў гурт не спыняецца. Неўзабаве абяцаецца новая прэм’ера, а таксама трэці альбом каманды. 16 лютага музыкі зайграюць жывы сэт у праграме Belsat Music Live. Сачыць за навінамі By Cry можна праз афіцыйную суполку.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ