Шорт-ліст музычнай прэміі «Героі году — 2015». Намінацыя «Адкрыцьцё году»
Сем прэтэндэнтаў увайшлі ў шорт-ліст у намінацыі «Адкрыцьцё году», складзены рэдакцыяй парталу Tuzin.fm. Пераможца будзе названы на вялікім канцэрце, які адбудзецца 12 сьнежня ў клюбе «Пляцоўка Хол».
Партал Tuzin.fm па традыцыі падсумоўвае вынікі году і вызначае найлепшых у дзьвюх намінацыях — «Адкрыцьцё году» і «Героі году»*. Прэтэндэнты на ўзнагароду вызначаюцца па шэрагу крытэраў. У намінацыю «Адкрыцьцё году» трапляюць тыя выканаўцы, якія сёлета ўпершыню заявілі пра сябе ўсур’ёз (пры гэтым яны могуць ня быць дэбютантамі). У «Адкрыцьцё году» гурт можа трапіць толькі аднойчы.
«Адкрыцьцё году» па вэрсіі Tuzin.fm вызначалася з 2007 году. У 2007-м ім быў названы рок-праект Пятра Ялфімава — PitBull, пасьля — Tlusta Lusta (2008), The Toobes (2009), Akute (2010), Паліна Рэспубліка (2011), «Людзі на балоце» (2012), Hurma (2013), Сяргей Башлыкевіч і Leibonik (2014).
Сёлета ў шорт-ліст намінацыі «Адкрыцьцё году» ўвайшло сямёра прэтэндэнтаў:
МАМА
Ян Маўзэр зноў трапіў у катэгорыю надзеяў беларускага року, хоць некалі практычна дасягнуў «геройскага» статусу з сваім гуртом Mauzer. Пасьля роспуску каманды, ён зьнік на некалькі гадоў з далягляду ды наноў заявіў пра сябе праектам «Мама», які заснаваў у Кіеве. Дэбют адбыўся летась увесну, калі быў прэзэнтаваны трэк «Вам», але з прасоўваньнем у тым годзе нічога ня выйшла, і новы праект Яна стаў выглядаць на бурбалку. Аднак новы самотнік «Будзь злой» засьведчыў пра сур’ёзнасьць намераў па вяртаньні ў музычную прастору. Песьня адразу ж узьнялася на вяршыню чарту, а потым перамагла ў вельмі складаным мэгатуры на Tuzin.fm ды атрымала званьне галоўнага гіта сэзону. У кастрычніку 2015 году «Мама» прадстаўляе яшчэ адзін трэк «Сеяць вецер» і рыхтуецца да дэбютнага канцэрту.
Слухаць праект Яна Маўзэра МАМА
Ілюжан
Гэты праект існуе з 2011 году, але ў абноўленым складзе ды з новай вакалісткай Кацяй Аліхвер заявіў пра сябе ва ўвесь голас пры канцы мінулага году. Увосень 2014-га музыкі прадставілі дэбютны EP «Выявы», а цягам усяго гэтага году актыўна выступалі ды працавалі ў студыі над альбомам-трылёгіяй. Першая яго частка «Ці чуеш» выйшла акурат у лістападзе. Песьня каманды «Як мае быць» пратрымалася ў лідэрах аўдыёчарту цягам усяго музычнага сэзону 2014—2015 і некалькі разоў сьвяткавала перамогу. Вакал Каці ачараваў грузінскую сьпявачку Ніно Катамадзэ, якая ўхваліла беларускую вэрсію сваёй песьні «Аднойчы на вуліцы» і выканала яе разам з Кацяй на сваім менскім канцэрце.
Pauline
Пасьля прэзэнтацыі свайго другога самотніку «Цябе» пры канцы 2014 году Паўліна (Паліна Цімохіна) канчаткова зразумела, што для яе музыкі неабходны жывы гурт. У сакавіку 2015-га яна ўжо прэзэнтавала новую песьню «Палон», якая перамагла адразу ў дзьвюх чартах — «Шчасьлівая 13-ка» на Радыё Рацыя і ў гіт-парадзе на Tuzin.fm. А кліп на яе песьню «Пачакай» пратрымаўся ў відэачарце на Tuzin.fm цягам усяго музычнага сэзону. З гуртом Pauline стала фіналісткай Revolution Music Fest Belarus, паўфіналісткай «Маласольнага фэсту», пераможцай DreamFest ArtRock, фіналісткай конкурсу «Засьпявай 2.0». Паўліну адзначыў кіраўнік расейскай музычнай кампаніі «Бомба-Питер» Алег Грабко за «экспрэсію голаса, мэлядызм і прафэсійнае выкананьне». Сьпявачка фэерычна распачала новы сэзон 2015—2016 — яе песьня «Маё мора» ўжо тройчы ўзьнялася на вяршыню аўдыёчарту на «Тузіне».
Teleport
Два з паловай гады музыкі з гурту Teleport нікуды не высоўваліся з свайго рэпэтыцыйнага пункту, працуючы над гукавой канцэпцыяй. Яны не рабілі ніякіх заяваў, што заснавалі круты гурт, ня посьцілі геройскіх сэлфі з гітарамі наперавес, не крычалі, што пішуць геніяльны дыск, і не пантаваліся тым, што зводзіць яго брытанскі саўндпрадусар, які майстарыў дыск Аліны Арловай «Mutabor». Альбом быў названы «Maukliva» — менавіта гэты трэк на думку музыкаў раскрывае іх прадстаўленьні пра канец сьвету і раскрыцьцё ўласнага «Я». Гурт стаў адкрыцьцём сэрыі канцэртаў «Засьпявай 2.0», а яго вакаліст і гітарыст Яўген Цярэнцьеў увайшоў у тройку прызэраў конкурсу — за ўдалую інтэрпрэтацыю «Зачараванай» Бураўкіна і Лучанка. Да ўсяго Teleport падрыхтаваў чароўны акустычны сэт і прайшоў адбор на «Бардаўскую восень».
Angst
Беларускамоўны рэпэр Angst упершыню паказаўся ў праекце «Re:Песьняры». Яго сумесны трэк з SP Kava атрымаўся настолькі ўдалым, што вырашана было менавіта яго скарыстаць у прома-роліку. Angst таксама паўдзельнічаў у якасьці госьця ў міні-альбоме таго ж SP Kava «яМы», а неўзабаве прадставіў і трэкі з будучага сольнага альбому. Ягоны твор «Няма каханьня», запісаны пры ўдзеле Алеся Ката-Зайцава (BosaeSonca) адразу ж узьняўся на вяршыню чарту і перамог у 16-м туры сэзону 2014—2015, а ў мэгатуры змагаўся за першае месца з праектам Яна Маўзэра «МАМА», якому саступіў у апошні момант. Пра гэтага выканаўцу ўхвальна выказаліся адразу чацьвёра сябраў экспэртнай рады на Tuzin.fm, экспэрт месяца Мікалай Янкойць і сьпявак Данчык, які ацаніў наступны трэк Ангста — «Баю-баю».
zolki band
Дужа цікавая альтэрнатыўная каманда зь Берасьця выдала пры канцы 2014-га свой дэбютны альбом-антыўтопію «Доўгі доўгі дзень», які некалькі музычных экспэртаў як зь Беларусі, так і замежжа ўключылі ў лік найлепшых беларускіх альбомаў году. Сьледам за кліпам на песьню «B.E.Z.R.A.Z.L.I.C.H.I.E. — heta tradycyja» яны сёлета прадставілі яшчэ адзін відэаролік — на трэк «rak», а таксама жывое відэа на «buenos días». Увосень берасьцейцы паказалі яшчэ дзьве новыя песьні, выдадзеныя ў фармаце падвоенага самотніка «Холадна з вамі». Нягледзячы на статус «дэбютантаў», музыкі ў гэтай камандзе задзейнічаныя дасьведчаныя і засьвечаныя ў гуртах Intra muros, D_tails і «Дай Дарогу!». Да выхаду дэбютнага дыску Zolki Band паўдзельнічаў у сынгле гурта Landau і запісаў разам песьню «Сьнежань», прызнаную летась на Tuzin.fm найлепшай.
Слухаць альбом «Doŭhidoŭhi dzień»
Стась Сілка
Гэты выканаўца адзін з тых, хто ўвасабляе новую беларускую аўтарскую песьню. На яго рахунку ўжо зь дзесятак пасьпяховых сольных выступаў у родным Наваполацку, Віцебску, Горадні, Менску. Сёлета Стась прадставіў дэбютны альбом «Песьні для глуханямых», запісаны пад адну акустычную гітару і стаў адным зь пераможцаў «Бардаўскай восені». Хоць слова «бард» у дачыненьні да сябе ён ня надта любіць і наогул ня супраць набраць акампануючы склад, калі толькі зьявяцца побач людзі, блізкія па духу.
Слухаць альбом «Песьні для глуханямых»
*Шорт-ліст падрыхтаваны паводле адзнакаў сябраў рэдакцыі парталу Tuzin.fm, у якую ўваходзяць Сяргей Будкін, Вецер Мэханічны, Алег Хаменка, RWD, Яўген Шапчыц, Віктар Сямашка, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак.
Абвяшчэньне пераможцаў у намінацыі «Адкрыцьцё году» і «Герояў году» — найлепшага гурта ў беларускай музыцы за 2015 год, а таксама ўручэньне прызоў за найлепшую песьню, кліп і альбом сэзону ды адбудзецца падчас вялікага канцэрту «Героі году» 12 сьнежня ў клюбе «Пляцоўка Хол». У гэты вечар сыграюць некалькі прэтэндэнтаў на перамогу ў абедзьвюх намінацыях. Поўны лайн-ап вечару будзе абвешчаны 23 лістапада. Да гэтае даты квіткі можна набыць па кошце (з улікам камісіі апэратара) — 100 000 (танцпляц) і 120 000 (столік). Потым будзе даражэй.
КВІТКІ НА ЦЫРЫМОНІЮ МОЖНА НАБЫЦЬ ОН-ЛАЙН ТУТ АБО Ў КАСАХ KVITKI.BY ПА ЎСЁЙ КРАІНЕ
Tuzin.fm
Просім выказвацца наведнікаў - каго лічыць найбольш вартым узнагароды?
Науральна, Тэлепорт i Стась Сiлка
100адсоткава Стась Сілка!!!
MAMA!
METALLICA!!!
телепорт и паулайн....силка тоже хорош!
Тэлепорт..
METALLICA!!!!
КАМЕНТАВАЦЬ