Хрысьціна Дарапей. Інфантылізм як прысуд
Рэдактарка Tuzin.fm разам з Максімам Жбанковым, Ільлём Чарапком ды Аляксандрам Лібэрзонам разважае пра праявы інфантылізму ў беларускай музыцы і новыя тэхнікі мэнтальнага супраціву.
«Інфантылізм — гэта прысуд нашай культурніцкай большасьці, — кажа мне за філіжанкай кавы культуроляг Максім Жбанкоў, — Большасьці, якая застаецца несамастойнай (бо інфант заўжды залежны па жыцьці), якая няздольная бачыць вагу, сэнс і значнасьць нязручнага і непрыемнага, якая сьвядома зачыняе свой сьвет у межах камфортнай лякальнай прасторы».
Ну вось, сустрэліся, каб пра музыку паразважаць, а дайшлі да прысудаў сталічным студэнтам, якія спадзяюцца, што неба ім дапаможа, правінцыйным бухгалтарам, якія запальваюць на карпаратывах пад песьні пра вінаград зялёны, ды людзям, якія ім пра гэта сьпяваюць. І размова зараз не пра вытанчанасьць музычнае гармоніі ці арыгінальнасьць паэтычных тропаў, нават не пра тэмбар голасу, выраз твару, позірк ці ўсьмешку — не пра саміх выканаўцаў. А пра сьветапоглядную і творчую пазыцыю — недзе паміж ранішнікам у пачатковай школе, вясковай дыскатэкай, другім днём вясельля і гуртком сьпеваў ва Ўнівэрсытэце трэцяга ўзросту, калі сам факт знаходжаньня на сцэне робіць шчасьце такім магчымым і такім блізкім, што насычанасьць выказваньня робіцца неістотнай і нават лішняй.
Напаўасэнсаванасьць і павярхоўнасьць музычнага матэрыялу, які прадукуецца беларускай эстрадай, — не выпадковасьць. Інфантыльнае стаўленьне да жыцьця трансьлюецца на дзяржаўным узроўні. Праз мэдыя і ледзь жывую сыстэму адукацыі, якая стымулюе мэханічнае ўзнаўленьне, а не аналіз. Праз інэрцыйную культурніцкую палітыку, калі вітаецца толькі жаданьне нікуды не імкнуцца, нічога не зьмяняць, не рабіць рэзкіх рухаў і, барані божа, самастойнага выбару. Усё ёсьць, усё сказана, татальная стабільнасьць, эстрада ў патрэбным фармаце ўжо ў ратацыі. Адрозная пазыцыя ж вырачаная на ігнараваньне й пачэснае месца ў андэграўндзе — у найлепшым выпадку. Ці на цкаваньне — але размаўляць пра чорныя сьпісы (як і пра свае хваробы за вячэраю) стала дурным тонам. Арт-мэнэджары ўжо не дыскутуюць, а проста прапісваюць у SWOT-аналізах імавернасьць забароны канцэрту нароўні з імавернасьцю зьнікненьня электрычнасьці ці ўцечкі этыленгліколю на пляцоўцы (часта гэта адбываецца адначасова, якая іронія).
Выступ Міхея Насарогава, фота Tarantino
У сытуацыі, калі прастора для асэнсавана-зьмястоўнага аўтарскага выказваньня мае мінімальныя памеры, востра паўстае пытаньне самарэалізацыі. Некаторыя знаходзяць выйсьце ў партызаншчыне — натуральны шлях у неспрыяльных абставінах каляпсу культурнай індустрыі. Тут можна знайсьці пэўны шарм, але, вядома, гэта шлях не для ўсіх. Таму выпрацоўваюцца новыя тэхнікі мэнтальнага супраціву, сярод пасьлядоўнікаў якіх часта можна пабачыць людзей, што сьпяваюць песьні, далёкія ад надрыўных, у касьцюмах, блізкіх да карнавальных. Яны зрушваюць акцэнты, нібыта ствараючы паралельны сьвет, дзе выбудоўваюць свае сыстэмы сэнсаў. Такія сыстэмы абапіраюцца на спробы простых няпростых выказваньняў і нібыта дзіцячую інтанацыю.
Гэта ўжо не выпадае называць інфантылізмам, калі пад ім разумеецца недасьпеласьць думак і эмацыйных рэакцыяў. Наадварот, сыстэмы такога кшталту трымаюцца на моцным бэкграўндзе, тонкім сьветаадчуваньні, моцным аўтарскім самакантролі і дакладна ўсьвядомленых пазыцыях творцаў. Бо дзяціннасьць тут ёсьць ня зьместам выказваньня, а яго формай. Яна робіць магчымаю гульню і стварае прастору для дыялёгу: рассмакаваць штучны прымітыў і псэўданаіўнасьць ды ўрэшце адэкватна дэкадаваць пасыл могуць тыя слухачы, якія маюць падобны досьвед і каштоўнасныя арыентацыі ды перабываюць у адным сацыякультурным полі з музыкамі.
Калі ж падчас дыялёгу культурныя коды прыёму-перадачы не супадаюць ці сярод мноства магчымых інтэрпрэтацыяў вобразу абіраецца адрозная ад першапачаткова закладзенай, зьяўляюцца розначытаньні, шматзначнасьць і нават штуршок для суаўтарства, калі твор аддзяляецца ад аўтара і ствараецца нанова слухачом праз прызму ўласнага сьветаўспрыманьня. Магчыма, з такога пункту гледжаньня інфантыльныя інтанацыі ў музыцы могуць падацца шляхам найменшага супраціву: маўляў, ня ўсе пасталелі, а вось дзецьмі і падлеткамі былі ўсе, таму недарослыя мэтафары адсылаюць да дакладна наяўнага досьведу і знаходзяць водгук у слухача па любым з апісаных сцэнараў.
Аднак музыкі сьцьвярджаюць, што такіх разьлікаў ня робяць: «Калі мы ствараем песьні, то наўмысна не прадумваем уплыў мэтафар, нават не задумваем прытчы, а проста распавядаем гісторыі. А потым яны ўжо самі па сабе ствараюць нейкія сэнсы і падсэнсы», — кажа Аляксандар Лібэрзон з гурта «Кассиопея». Ільля Чарапко-Самахвалаў падтрымлівае калегу: «Проста калі ўсе складнікі бярэш са сьметніку і робіш з гэтага інсталяцыю, то нехта можа пабачыць тут рэвалюцыйны арт-аб’ект, бо мы адкалупалі аскепак чырвонай зоркі ці пасму барады Чэ. А калі ўсё гэта паставіць у суседзтва зь нечым стылістычна адрозным, то яго можна разглядаць як нейкі культурна-сацыяльны праект».
Аляксандар Лібэрзон і Ільля Чарапко-Самахвалаў, фота Tarantino
Тым ня менш вобразы, закамуфляваныя пад дзіцяча-падлеткавую нязмушанасьць, выклікаюць рэзананс, нават калі іх камбінацыі падабраныя (будзем верыць музыкам) несьвядома. Яны спрацоўваюць, бо створаны асобным гатункам творцаў — «блазнамі з восеньню ў сэрцы», носьбітамі асаблівай жыцьцёвай формы, адначасова рэальнай і ідэальнай, на памежжы жыцьця і мастацтва (і рэгулярнымі падарожжамі туды і назад). Гэта і «Серебряная свадьба», якая працуе ў фармаце посткабарэ. (І выглядае, што салістка Сьвета Бень няблага знаецца на канцэпцыі карнавалу Бахціна). І Міхей Насарогаў, які не пераймаецца высокімі матэрыямі і часам бывае кранальным у сваёй грубаватасьці. І «Кассиопея» з аповедамі пра маленькіх людзей у вялікім сусьвеце. Яны ды блізкія да іх калегі сьпяваюць пра жыцьцё — шчыра і проста, чым і вабяць сваіх аматараў. А вось для непадрыхтаванай публікі яны часта выглядаюць шчырымі і простымі фрыкамі. Чаму так выходзіць? Максім Жбанкоў тлумачыць: «Наша культура занадта правільная, яна кананічная, і на ўзроўні гэтых канонаў мёртвая. Ёй няма куды рухацца, няма чаго рабіць з сабою, яна можа працаваць толькі на ўзроўні татальнага рэплэю. Гэтыя пажыцьцёвыя „Песьняры“ і іх кланаваньне — гэта ўсё рассыпаецца на сэгмэнты адной і той жа песьні. У нас адбылася прынцыповая падмена паняцьцяў: тое, што ў звычайнай сытуацыі ёсьць маўзалеем мёртвай культуры, у нас праз вычварэнскую культурніцкую палітыку падаецца як безумоўная азнака якасьці і адзіны магчымы шлях існаваньня. Гэтая татальная кананічнасьць ператварае на вычварэнства і фрыкаватасьць нармальныя крэатыўныя пошукі формы, новага стылю, новага фармату, новых выяўленчых сродкаў».
Бенька («Серебряная свадьба»), фота Марыя Гілёва
Пазыцыя інфантыльнасьці, як сьвядома абранай аўтарскай мовы, накіравана на разбурэньне статычнай сур’ёзнасьці, выкрывае супярэчнасьці і ў пэўнай ступені набліжае да спасьціжэньня ісьціны. Музыкі шчыра зьдзіўляюцца сьвету, па-дзіцячы наўпрост ставяць пытаньні ды робяць відавочныя і адначасова мудрыя высновы. Такім чынам яны выносяць сваю ацэнку навакольлю, але не змушаюць яго да зьменаў. Яны катэгарычныя ў сваёй прастаце, аднак не заклікаюць змагацца на барыкадах.
«Часта нас вінавацяць у тым, што мы занялі балотную пазыцыю — нібыта рэвалюцыянэры, але рэвалюцыянэры духу, самі з сабою змагаюцца, нікому не перашкаджаюць і добра сябе адчуваюць. Але мы не народжаныя рэвалюцыянэрамі! Я ніколі ня верыў у рэвалюцыю, я веру ў эвалюцыю. Таму мы не палезем на браневічок», — кажа Аляксандар Лібэрзон. «Бо калі ты лезеш на браневічок, — працягвае думку Ільля Чарапко-Самахвалаў, — то робісься закладнікам сытуацыі. Таму што рана ці позна ты апынесься ці па адным, ці па другім боку, з тымі людзьмі, зь якімі не хацеў бы быць побач, але чыю пазыцыю вымушаны будзеш трансьляваць, хаця табе гэта ня трэба. У мяне, калі шчыра, няма прыкладу выкарыстаньня творчасьці як эфэктыўнай сьценабітнай прылады».
Музыкі гэтае генэрацыі не належаць да хвалі музычных актывістаў. У прыватнай размове яны ўпэўнена скажуць, што адносяць сябе да беларускай культуры (і гэта, бясспрэчна, праўда), але нацыянальна сьвядомыя тэмы цікавяць іх мала. Яны не палітызуюць музыку, хоць і маюць дакладна акрэсьленую грамадзкую пазыцыю, ды ня хочуць быць сьцягамі барацьбы. «Некаторыя называюць гэта баязьлівасьцю, — працягвае Аляксандар, — Маўляў, беларускі дзэн, прасьцей і зручней за ўсё заставацца з боку. Але цяпер такая пазыцыя — вельмі рэвалюцыйная». «Бо ты робісься ворагам для ўсіх, — тлумачыць Ільля, — у моц таго, што адбываецца цяпер у сьвеце. Калі зьяўляюцца тэктанічныя разломы паміж Захадам і Ўсходам, калі ўсе ў прадчуваньня войнаў грамадзянскіх, сусьветных, халодных і якіх-заўгодна — то абазначыць сябе па сыстэме „свой-чужы“ — абсалютна натуральна для пэўнай колькасьці людзей (і культурных таксама)».
Пры гэтым адмова ад палітычнага ды іншага змагарства ў музыцы ды спэцыфічная манера выказваньня не адмаўляе «Серебрянной свадьбе», «Кассиопее», etc. у сур’ёзнасьці. Гумар, якім прасякнуты іх песьні, не замінае пераканаўча казаць пра сэнс жыцьця і страх сьмерці, любоў да сябе, сьвету і навакольных. Прычым рабіць гэта ў ня самых зручных ўмовах.
«Я бачу тут драматычную гісторыю самарэалізацыі, — кажа Максім Жбанкоў. — Вось Венечка Ерафееў з „Масква-Петушкі“ — інфант? А тут ёсьць вельмі вострае перажываньне глябальнай трагічнасьці існаваньня і да таго ж яе неверагоднай паэтычнасьці. Венечка — чалавек у страчанай рэчаіснасьці, чалавек, які спрабуе скласьці жыцьцё са зьлепкаў, спрабуе існаваць у варожым асяродзьдзі. Чалавек з сур’ёзным досьведам, вельмі тонка настроены, але ён артыст жыцьця. І вось артыст жыцьця адбудоўвае сваё існаваньне праз дызайн учынкаў. Калі чалавек вырабляе тэкст, ён падбірае пэўны лексыкон, адбудоўвае пэўную структуру, ён робіць канструкт, які часьцяком блытаюць з культурай, калі яе называюць яе сыстэмай тэкстаў. Але гэтыя тэксты нічога ня вартыя, калі няма тых, хто з гэтымі тэкстамі жыве. І вось, напрыклад, „Кассиопея“ з гэтымі тэкстамі, схемамі і вобразамі таленавіта жывуць. Яны складаюць сьвядома, артыстычна, па-мастацку пераканаўча пэўныя мадэлі сьвету, пэўныя адлюстраваньні жыцьця. Яны вельмі адэкватныя, насамрэч, рэалісты — яны фіксуюць зьмены эмацыйнага стану грамадзтва. Яны, фактычна працуюць у фармаце шамана, які загаворвае рэчаіснасьць: маўляў, трэба шукаць правільнае імя, тады хаос супакоіцца. Яны, па-першае, бачаць гэты хаос, па-другое, спрабуюць яго пэўным чынам пазначаць ды зрабіць зь яго музыку».
Ня стаць часткаю хаосу і ня проста выстаяць, а і нешта сказаць у адказ, абсалютна сьвядома абраўшы для гэтага простыя і відавочныя фарбы, ды паспрабаваць падпарадкаваць хаос, ператварыўшы яго ў тэксты, — выходзіць, так выглядае адна са стратэгіяў існаваньня і творчасьці ў неспрыяльным асяродзьдзі.
Падводзячы рысу нашае размовы пра музыку і інфантыльнасьць, Максім Жбанкоў выдае фінальную фразу: «Найлепшае, што ствараецца ў нашай сучаснай музычнай культуры, зроблена „няправільна“, насуперак відавочнаму — гэта тое, што прынцыпова не атрымае водгуку ў інэрцыйным спажыўцы. Інакш кажучы, гэта камэрцыйна правальныя рэчы, але не таму што неталенавітыя, а таму што мы маем тое, што маем: кансэрватыўную адукацыю, шумавую музычную індустрыю, запалоханую аўдыторыю. Мы ўсе, як аўтары, творцы, крэатары, актывісты, існуем у прасторы, якая збольшага кантралюецца ня намі, мы ў пэўным сэнсе закладнікі пэўнай культурніцкай сытуацыі, пэўнага рэжыму камунікацыі, пэўнай стылістыкі. Гэта наша натуральнае асяродзьдзе — інэрцыйнае, канфліктнае, агрэсіўнае. Нам ад яго нікуды не падзецца, бо гэта тая самая глеба, зь якой мы ўсе паўстаём. Мы ўсе безь Беларусі — гэта нуль. Таму гэта не гульня ў дзіцячы садок, не штось штучнае, не безадказная імправізацыя рок-н-рольнага вар’яту. Гэта спроба адэкватна рэагаваць на тое, што ў нас ёсьць і тое, чаго ў нас няма».
Хрысьціна Дарапей, Tuzin.fm, для часопісу «pARTisan»
КАМЕНТАВАЦЬ