«Героі году — 2015». Прэтэндэнты на галоўную ўзнагароду (+лайн-ап)
Сем прэтэндэнтаў увайшлі ў шорт-ліст галоўнай намінацыі прэміі «Героі году», складзены рэдакцыяй парталу Tuzin.fm. Пераможцы будуць названыя на вялікім канцэрце, які адбудзецца 12 сьнежня ў клюбе «Пляцоўка Хол».
Партал Tuzin.fm па традыцыі падсумоўвае вынікі году і вызначае найлепшых у дзьвюх намінацыях. Намінанты на «Адкрыцьцё году» ўжо былі названыя. Чарга за «Героямі году»*. Пад паняцьцем «Героі году» мы маем на ўвазе «Найлепшы гурт году» — найбольш яскравую і актуальную каманду (выканаўцу), якая па суме дасягнутага (творчая і мэдыйная актыўнасьць, канцэртная дзейнасьць, посьпехі ў чартах і г. д.) можа прэтэндаваць на гэты статус. На «Герояў году» намінавацца можна бясконцую колькасьць разоў.
Нагадаем мінулых пераможцаў (у 2004—2005, 2007—2011 гадах ім лічыўся той, хто перамог ў галасаваньні за «Найлепшую песьню»). Гэты былі: «Крамбамбуля» (песьня «Люблю», 2004), Zet (песьня «Белакрылы анёл», 2005), рок-паэт Міхал Анемпадыстаў (аўтар песьні «Сьвяло ў цемры» IQ48 і беларускай вэрсіі «Аўтабіяграфіі» ў выкананьні Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча, 2006), N.R.M. (песьня «Менск і Мінск», 2007), «Глюкі» (песьня «АntiEMO», 2008), «Ляпіс Трубяцкі» (песьня «Зорачкі», 2009), «Глюкі» («Краіна 2.0», разам з Mauzer і Green Che, 2010), «Ляпіс Трубяцкі» (песьня «Грай», 2011). Першымі статус менавіта «Герояў году» атрымаў гурт Akute (2012), у 2013-м прэмію заслужыў гурт Re1ikt, у 2014 годзе — Dzieciuki.
Сёлета ў шорт-ліст намінацыі «Героі году» ўвайшло сямёра прэтэндэнтаў:
BRUTTO
«Бригада Революционного Угара и Творческого Отпора имени Орнеллы Мутти» супакоіла сваіх патэнцыйных прыхільнікаў, якім хоць і падабаецца грамадзянін і паэт Міхалок, але фізкульт-прывет у выглядзе альбому «Underdog» іх трошкі спужаў. Сяргей нібы прызнаў, што тое была ня надта ўдалая ідэя — і Brutto сёлета запісалі альбом, які ад іх чакалі, зьезьдзілі двойчы ў тур па Ўкраіне, у тым ліку па тых пунктах, куды іншыя нос паказаць не наважацца. Была яшчэ ў гурта выдатная ідэя з антываенным фэстам, рэалізацыю якой, на жаль, адклалі. А наогул Brutto і асабіста Міхалок функцыянаваў у фармаце рэаліці-шоў і навінаў падкідаў цягам 2015 году ледзьве не штодня: абвінавачваньне былых калегаў па «Ляпісе» ў сэпаратызьме, першая публічная прамова па-беларуску, прызнаньні пра ціск з боку КДБ, аўдыенцыя ў міністра культуры Ўкраіны і выдача пасьведчаньня на сталае пражываньне ва Ўкраіне асабіста кіраўніком міграцыйнай службы з фотасэсіяй, скандал з Exploited, эпічнае відэа на «Родны край», удзел у акцыі ў Лёндане з этэрам на Бі-Бі-Сі, меркаваныя гастролі ўзімку па ЗША, — гэта кароткі пераказ таго, што адбывалася з камандай Міхалка цягам гэтага году.
NAVI
Гэты гурт ужо другі раз запар намінуецца на «Герояў году». Сёлета Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук яшчэ болей набралі абароты — іх альбом «Сонцам сагрэтыя» ўвайшоў у дзясятку найлепшых па выніках 2014 году на Experty.by, яны перамаглі (разам з Tonqixod) у конкурсе фэсту «Басовішча-2015», узялі Гран-Пры конкурсу «Засьпявай 2.0», былі адзначаныя на нацыянальнай музычнай прэміі за найлепшую песьню на беларускай мове («Абдымі мяне»), сабралі аншляг на свой канцэрт з нагоды 2-годзьдзя ў клюбе «Мулен Руж», сталі гасьцямі на фэстах «Бардаўская восень», «Дружба», «Дикая мята» (RU), адыгралі сольныя канцэрты ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Празе, і спыняцца на гэтым ня думаюць.
Слухаць альбом «Сонцам сагрэтыя»
КРАМБАМБУЛЯ
Сваю «партызанскую» сутнасьць «Крамбамбуля», які задумваўся некалі як застольны поп-праект, у апошнія пару году і не хаваў — можна ўзгадаць хоць бы фотасэсію ў лясах пад Менскам ці рэпэртуар на канцэрце гурта на Майдане ў Кіеве. Сёлета Вольскі канчаткова вырашыў не гуляцца ў аніякія гульні з тутэйшымі ідэолягамі і не выступаць у Беларусі нават тады, калі нібы і дазваляюць — бо ў любы момант гэты дазвол можа быць скасаваны. Таму ў Вольскага сёлета былі выключна партызанскія вылазкі — як канцэрт у падземным пераходзе каля ГУМу ці прэзэнтацыя дыска і Сьцяга ў гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі». Лявон абвесьціў, што «Крамбамбуля» больш альбомаў выдаваць ня будзе і пасьля рэлізу «Чырвонага штраля» сыходзіць у лясы партызаніць ды іншых варыянтаў існаваньня ў сучасных умовах ня бачыць. Калі ўсе расчуліліся і сталі актыўна памінаць праект, Вольскі ўдакладніў: хаваць «Крамбамбулю» заўчасна, так што новыя песьні, партызанскія сустрэчы і выязныя канцэрты могуць здарацца і надалей.
Слухаць альбом «Чырвоны штраль»
TONQIXOD
Дэбютнік «Pradmova», выдадзены летась, працаваў на трыё ўвесь гэты год. Яны ўзялі чатыры намінацыі на ўзнагародах Experty.by — за «Найлепшы дэбютны альбом», «Найлепшы беларускамоўны альбом», «Найлепшы рок-альбом» і «Альбом году» (па вэрсіі штатных экспэртаў). За гэтую працу ім адрэспэктавалі таксама Сяргей Філімонаў, Лявон Вольскі, расейскі гурт Tequilajazzz, а таксама гледачы, якія запоўнілі залю Тэатру беларускай драматургіі на сольны канцэрт. Іх «Конрад Валенрод» пераняў эстафэту ад «Насыпаць горы» і надоўга прапісаўся ў аўдыёчарце. Вартая асобнай увагі 16-хвілінная кампазыцыя «Ўшанаваньне Цмока» — беларуская вэрсія паэмы Джыма Морысана «Celebration of Lizard». Сёлета музыкі таксама напісалі музыку да беларускай нямой стужкі «Нянавісьць» (1930) і выканалі ў дуэце зь Сяргеем Пукстам свой новы трэк «Марозная» — яго прэм’ера адбудзецца на Новы год.
RE1IKT
Гурт выдаў адзін з самых магутных рок-альбомаў-2015, які высьпяваў чатыры гады і ўжо толькі за яго можа прэтэндаваць на прэмію «Героі году» ў другі раз. Дзіва, але менавіта іх кліп, зроблены літаральна на каленцы, на акустычную вэрсію «Чаго ты, лося» здабыў посьпех у выніковым відэачарце і быў прызнаны найлепшым у сэзоне 2014—2015. Толькі што гурт прэзэнтаваў новую відэапрацу — на песьню «Зрушаны сьвет». Сёлета гурт таксама запрасілі на фэстываль «Нямыя ночы» зь фільмам «У агні народжаная» і госьці фэсту былі проста ачараваныя іхняй музыкай.
Слухаць альбом «Лекавыя травы»
ЗЬМІЦЕР ВАЙЦЮШКЕВІЧ
Год для Вайцюшкевіча пачаўся нярадасна. Пасьля кароткай размарозкі, калі выканаўца ўпершыню за доўгі час легальна выступіў у Менску ў межах праекту «Re:Песьняры» і з сольным канцэртам у ДК глухіх, яго замарозілі назад — такім чынам быў сарваны выступ у ДК МАЗ. У клюбе «Піраты», дзе Вайцюшкевіч мусіў выступаць у межах праекту «Жывы Тузін», скончылася электрычнасьць і нягледзячы на тое, што ўсе неабходныя дакумэнты былі сабраныя і падпісаныя, арэнда аплочаная і большасьць квіткоў прададзеная, дырэкцыя клюбу адмовілася адчыняць дзьверы. У ліпені ідэолягі ўпершыню афіцыйна прызналі, што з творчасьцю Вайцюшкевіча нешта ня так. Апальны артыст выступіў легальна толькі аднойчы за год — у Белдзяржфілярмоніі з ініцыятывы Народнага артыста Беларусі Мікалая Казінца. Затое даў з паўсотні нефармальных канцэртаў у Беларусі і за мяжою, выдаў альбом «Наша песьня», які з посьпехам прэзэнтаваў у Вільні, а пад канец году выйшаў яшчэ адзін яго дыск — «Камэта» на словы Яраміра Нагавіцы, а кліп Расьціслава Смольскага на песьню «Дачакайся, матуля» пратрымаўся ў лідэрах відэачарту на Tuzin.fm практычна ўвесь гэты сэзон.
SHUMA
Электра-фольк праект сёлета ўрэшце дарабіў пачатае яшчэ чатыры гады таму і прадставіў свой дэбютнік «Žnivo» — знакавы ня толькі для беларускай фольк-плыні, але і для ўсёй нашай музыкі. Гурт зладзіў маштабную прэзэнтацыю ў Менску на Купальле. А пры канцы мінулага году сьпявачкі Руся і Надзея зьезьдзілі ў Друю, каб зьняць музычны фільм ды падрыхтавалі каляднае караоке. Музыкі заўважна пашыраюць кола прыхільнікаў беларускай культуры — іх творчасьць, напрыклад, упадабала вакалістка Morcheeba Скай Эдвардс — Shuma выступіла з брытанскім трып-гоп гуртом у менскім Палацы спорту.
*Шорт-ліст падрыхтаваны паводле адзнакаў сябраў рэдакцыі парталу Tuzin.fm, у якую ўваходзяць Сяргей Будкін, Вецер Мэханічны, Алег Хаменка, RWD, Яўген Шапчыц, Віктар Сямашка, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак.
Яшчэ: Шорт-ліст музычнай прэміі «Героі году — 2015». Намінацыя «Адкрыцьцё году»
Абвяшчэньне пераможцаў «Герояў году, а таксама «Адкрыцьця году» ды ўручэньне прызоў за найлепшую песьню, кліп і альбом сэзону адбудзецца падчас вялікага канцэрту «Героі году» 12 сьнежня ў клюбе «Пляцоўка Хол» з удзелам намінантаў на «Адкрыцьцё году» — Pauline, zolki band, Angst, а таксама намінантаў на «Герояў году» — Re1ikt i Navi. Магчымыя сюрпрызы.
Квіткі (з улікам камісіі апэратара) — 150 000 (танцпляц) і 180 000 (столік). У дзень канцэрту будзе даражэй.
КВІТКІ НА ЦЫРЫМОНІЮ МОЖНА НАБЫЦЬ ОН-ЛАЙН ТУТ АБО Ў КАСАХ KVITKI.BY ПА ЎСЁЙ КРАІНЕ
Падзея ў Facebook Падзея ЎКантакце
Tuzin.fm
Заклікаем рабіць свае прагнозы ў камэнтарах. Цікава ці супадуць рэдакцыйнае і чытацкае меркаваньні:).
хоть бы не нави) если отдать крамбамбуле то это как бы будет как награда к их уходу..они несомненно заслуживают это...но я бы отдал или реликту или шума...
Усе вартыя - цяжка выбраць...
Rel1kt, канешне =)
КАМЕНТАВАЦЬ