![!OUT: Турэмны шансон зь беларускім сьледам (аўдыё, відэа)](/images/518_news_240x240.jpg)
!OUT: Турэмны шансон зь беларускім сьледам (аўдыё, відэа)
«Мурку» і «Таганку» напісалі ўраджэнцы Беларусі. Віктар Сямашка дасьледуе беларускія карані турэмнага шансону.
Постсавецкую прастору апанаваў блатны шансон. Чым тлумачыцца такая папулярнасьць? У тым ліку каранямі дадзенае зьявы, некаторыя зь якіх вядуць у Беларусь. Хаця распачаць варта з Санкт-Пецярбургу.
ПІЦЕР Ф.М.
Папулярызацыі турэмных песень у другой палове XIX — пачатку XX стагодзьдзя моцна паспрыяла інтэлігенцыя. У прыватнасьці, нашчадак старога беларускага роду Фёдар Дастаеўскі, які адсядзеў у катаржнай вязьніцы ў Омску. «У нататках зь Мёртвага дома» пісьменьнік прыводзіць узоры так званых «песень волі ды няволі». «Басяцкі» альбо «рваны» жанр увайшоў у моду па усёй Расейскай імпэрыі, у тым ліку й у Беларусі.
«МУРКА» ЗЬ ДЗЬВІНСКУ
Адной зь першых звышпапулярных блатных песень на абсягах былое імпэрыі стала «Мурка». Паводле адной з вэрсіяў, першапачатковы тэкст «Муркі» напісаў адэскі журналіст і кінадраматург Якаў Ядаў. А музыку стварыў ніхто іншы як Оскар Строк (на фота) — «кароль эўрапейскага танга». Пан Оскар нарадзіўся ў Дзьвінску, калі горад яшчэ належаў да Віцебскае губэрні. Ён жа зьяўляецца аўтарам шлягераў «Ах, эти чёрные глаза» і «Скажите, почему».
Па-беларуску «Мурка» загучала ў беларускім перакладзе Алеся Камоцкага.
ТУРЫСТ АРОН
У тым жа Дзьвінску нарадзіўся Арон Круп (на загалоўным фота) — аўтар яшчэ адной блатной песьні «Сигарета». Толькі запісаных вэрсіяў гэтага твору ў выкананьні самых розных шансанье налічваецца каля паўсотні. Доўгі час Круп жыў у Менску, прадстаўляў Беларусь на першым у СССР бардаўскім фэстывалі, што адбыўся ў Берасьці ў 1965 годзе. Бард абыйшоў з турпаходамі усю Беларусь, а загінуў у Саянах у 1971 годзе.
«ТАМАРА» З НАВАГРАДКУ
Турэмны шлягер «Таганка» таксама мае дачыненьне да Беларусі. Дасьледчык Ян Паўлоўскі заўважыў мэлядычнае падабенства «Таганкі» з польскім танга «Тамара». Гэты быў адзін з галоўных гітоў у міжваеннай Польшчы, які напісаў Зыгмунд Адам Левандоўскі (на фота).
Пан Зыгмунд нарадзіўся ў беларускім Наваградку, потым зь сям’ёй перабраўся ў Польшчу. Канкрэтна «Тамару», вядомую таксама як «Цыганскае танга», Левандоўскі стварыў для рэвю «Wiosna i miłość», што дэманстравалася ў варшаўскім тэатры «Галівуд». Наваградзец займаў у тэатры пасаду музычнага кіраўніка. Верагодна, што расейскі тэкст «Цыганскага танга» мог узьнікнуць у выніку стасункаў польскіх і расейскіх палітвязьняў у маскоўскай турме Таганка. Дарэчы, расейкамоўны варыянт многім запомнілася ў выкананьні нашчадка беларуска-габрэйскага роду Ўладзімера Высоцкага.
Захаваўся запіс «Тамары» ў выкананьні Адама Астана й Orkiestra Syrena Rekord, датаваны 1933 годам.
ВІЛЕНСКІЯ ЛУКІШКІ
З заходнебеларускім блатным сьпевам можна азнаёміцца на сёлетнім альбоме Цімоха Авіліна «Беларускі гарадзкі раманс 20—30-х гадоў ХХ стагодзьдзя». У гэтых песьнях згадваецца канцлягер у Бярозе-Картускай, віленская турма Лукішкі, ад першай асобы апісваюцца пакутныя лёсы прасталытак і сяброў КПЗБ. Як вядома, у Лукішках адсядзелі многія прадстаўнікі беларускае інтэлігенцыі — Луцкевіч, Тарашкевіч, Гарэцкі, Шырма, Танк… У вязьніцы меўся свой жаргон, заснаваны на сумесі беларускай, польскай ды летувіскай моваў. На спэцыялізаваную гаворку паўплывалі таксама янаўскія лабары. На пачатку мінулага стагодзьдзя нават выйшла пара невялікіх кніжак, прысьвечаных блатному слэнгу, у тым ліку віленскаму. Характэрны турэмны сьпеў можна пачуць таксама ў беларускай кінастужцы «Лісты да жывых» (1964).
Цімох Авілін «Па Віленскім саду гуляў» (2013).
ПЯЮН З-ПАД НЯСЬВІЖУ
Зь вёскі Лявонавічы, што на Нясьвіжчыне, паходзіць Сяргей Новік-Пяюн (на фота) – па сутнасьці першы беларускі шансанье. Ён прайшоў праз шматлікія польскія, нямецкія і савецкія лягеры. У сваёй «хрушчоўцы» ў Менску Пяюн захоўваў калекцыю арыштанцкіх робаў і вышыты герб «Пагоня». Аднак песьні пісаў выключна пра каханьне да жанчыны, пра любоў да Радзімы і Бога. Ніякага блатняка.
Песьню «Зорачкі» на словы Сяргея Новіка-Пяюна ўключыў у свой альбом «Я ад вас далёка» Данчык у 1985 годзе. Выканаўца пазнаёміўся з аўтарам падчас свайго прыезду ў Менск у 1989 годзе, і таму вельмі падабалася гэтая вэрсія. Журналіст Анатоль Мяльгуй згадваў неяк, што Сяргей Новік-Пяюн прызнаўся яму, які ён шчасьлівы з той нагоды, што «Зорачкі» так прыгожа засьпяваў «беларускі салавей Амэрыкі». І тады яму здавалася, што жыцьцё ягонае не было марным: «Сяргей Новік-Пяюн у той вечар быў сапраўды шчасьлівы! Гэтыя цудоўныя пачуцьці сваімі сьпевамі падарыў былому вязьню фашысцкіх і камуністычных турмаў менавіта Данчык».
Традыцыі беларускага турэмнага шансону атрымалі працяг і ў новым стагодзьдзі. Але пра гэта — асобная гутарка.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ