«Восьмы Прэм’ер Тузін» — інтэрнэт-рэліз складанкі (аўдыё/спампаваць)
7045 / 0
06.12.2015

«Восьмы Прэм’ер Тузін» — інтэрнэт-рэліз складанкі (аўдыё/спампаваць)

Найлепшыя песьні музычнага 2015 году выйшлі на традыцыйнай складанцы ад парталу Tuzin.fm.

Гэта складанка нашай новай і актуальнай музыкі на беларускай мове. У яе фармаваньні ўдзельнічала экспэртная рада, якая назвала з усіх удзельнікаў аўдыёчарту ў музычным сэзоне на «Тузіне»  вартых удзелу ў выніковым туры. Такіх песень набралася каля 40. А 12-ку найлепшых зь іх па традыцыі абралі слухачы, у тым ліку і галоўную песьню сэзону – «Будзь злой» ад новага праекту Яна Маўзера «Мама». «Прэм'ер Тузін» не прэтэндуе на аб'ектыўнасьць, але дае ўяўленьне пра стан сучаснай беларускай музыкі ды паказвае яе шматстайнасьць – тут прадстаўлены рэп, поп-рок, фольк-рок, пост-панк, альтэрнатыўная музыка.

«Прэм'ер Тузін» выдаецца з 2005 года па выніках галасаваньня ў музычным чарце на «Тузіне Гітоў». Дыск двойчы быў прызнаны «Праектам году» на ўзнагародах «Рок-Каранацыя» у 2005 і 2006 годзе. Складанка «Прэм'ер Тузін-2011» заняла 1-ае месца па выніках году сярод самых прадавальных беларускіх дыскаў (па вэрсіі кампанія «Вігма»), аднак у далейшым партал вырашыў адмовіцца ад выданьня на CD. Другі год складанка выходзіць у інтэрнэце.

Складанка падрыхтаваная слушным музычным інтэрнэт-парталам Tuzin.fm па выніках гіт-параду. Дзякуй у падвядзеньні вынікаў году ўсім нашым наведнікам, а таксама экспэртнай радзе, куды сёлета ўвайшлі беларускія паэты Андрэй Хадановіч, Глеб Лабадзенка, Антон Рудак, Наста Кудасава, Андрэй Адамовіч.

Трэк-ліст «Восьмага Прэм’ера Тузіна»:

Angst feat. Алесь Кот-Зайцаў — Няма каханьня (музыка Kurguz prod., словы Angst)

Пудынг — Зіма (музыка гурта, словы Алены Сілівонік, пераклад на беларускую Віталя Воранава)

Майтай — Мінулае (музыка і словы Андрэя Дзяркова)

Pauline — Палон (музыка і словы Рамана Саракалетава)

MAMA — Будзь злой (музыка Яна Маўзэра і Сяргея Нікалайчанкі, словы Яна Маўзэра)

Ілюжан — Як мае быць (музыка гурта, словы Кацярыны Аліхвер)

Akute — Марнатраўны сын (музыка Вячаслава Кораня, словы Фэлікса Аксёнцава, новая вэрсія Рамана Жыгарава і Стаса Мытніка)

Нельга забыць — Залілось сьлязьмі (музыка Міхала Бараноўскага, словы Максіма Багдановіча)

Ворона — Мая праўда (музыка Алены Вароны і Яўгена Сіраты, словы Алены Вароны)

Рокаш — Ноч лістапада (музыка Алеся Акульчыка, словы Лявона Казакова)

TonqiXod — Конрад Валенрод (музыка гурта, словы Ўладзя Лянкевіча)

Андрэй Макарэвіч — Сьнег (музыка і словы Андрэя Макарэвіча, пераклад на беларускую Юрыя Несьцярэнкі)

Angst feat. Алесь Кот-Зайцаў — Няма каханьня

Густоўны і шыкоўны рэп ад рэпэра-пачаткоўца напісаны на біт Kurguz prod. Запіс рабіўся на адной студыі, зьвядзеньне і майстарынг (рабіў KamaZ) — на другой. У яго ўвайшла чацьвертая вэрсія прыпеву, выкананая лідэрам гурта BosaeSonca Алесем Катом-Зайцавым. Аўтар Віталь «Ангст» кажа, што ў сваім творы бярэцца асэнсаваць стасункі маладой пары ў той момант, калі стомленасьць адно адным ужо назьбіралася, але час расстаўленьня кропак над «і» яшчэ не прыйшоў ды чакаецца ў найбліжэйшай будучыні.

Пудынг Зіма

Гурт выконвае лёгкую гітарную музыку, пакладзеную на жаночую лірыку аўтарства Алены Сілівонік. Да гэтага твору спрычыніўся паэт і перакладчык Віталь Воранаў. Песьня «Зіма» — беларускамоўны дэбют каманды і выйшаў ён звышудалым. Дагэтуль яны пяялі пераважна па-расейску. Працэс напісаньня гэтага твору ўсіх захапіў надзвычай. «Пакуль для нас гэтая песьня выглядае на выключэньне, але спыняцца мы на ёй ня будзем», — кажа Алена. І праўда — пасьля посьпеху ў чарце, гурт зрабіў яшчэ дзьве беларускамоўныя кампазыцыі.

Майтай — Мінулае

Новы беларускамоўны самотнік гурта Андрэя Дзяркова запісаны ў фірмовым для «Майтай» стылі — пост-панку. У гэтай кампазыцыі аўтар шукае адказу на пытаньне: «што ёсьць мінулае», карыстаючыся веданьнем як усходняй і заходняй філязофіі. «Адказы на гэтае пытаньне даюцца розныя, — кажа Андрэй, — У песьні зроблена спроба аб’яднаць гэтыя адказы, абапіраючыся на суб’ектыўны вопыт яе аўтара. Мы працягваем тэкстава працаваць над архетыпічнымі вобразамі і зьявамі. Тэкст досыць просты, але мае розныя ўзроўні ўспрыманьня».

Pauline — Палон

У адрозьненьне ад ранейшых сваіх песень новы твор Паліна Цімохіна напісала не сама. «Палон» ёй прапанаваў да выкананьня гітарыст і аранжыроўшчык Раман Саракалетаў, які працаваў са шматлікімі беларускімі музыкамі («Лермонт», Vinsent, Паліна Рэспубліка, Hurma). «„Палон“ — гэта песьня пра любоў да момантаў, пра каханьне без умоваў», — кажа Раман. «Калі я паслухала дэма, зразумела: трэба браць! Тым больш для мяне ніколі ніхто не пісаў песень, усё што я сьпяваю і сьпявала — мае ўласныя творы», — заявіла Pauline.

MAMA — Будзь злой

Другі самотнік новага праекту Яна Маўзэра займеў посьпех — менавіта «Будзь злой» перамагла ў мэгатуры і стала найлепшай песьняй сэзону. Твор быў напісаны ў Кіеве, дзе цяпер жыве музыка. «Я не прыхільнік тлумачэньня сэнсу сваіх твораў на словах, зьнікае фішка ў такім разе. Песьня для мяне — гэта спроба па-іншаму паглядзець на зразумелыя рэчы, таму лічу, што слухачу будзе цікава разгадаць код, а ня проста ўзяць у рукі ўжо сабраны кубік-рубік, нібы школьную хрэстаматыю пачытаўшы», — кажа Ян пра кампазыцыю «Будзь злой».

Ілюжан — Як мае быць

Як сьведчыць аўтарка Каця Аліхвер, тэкст гэтай песьні зьявіўся задоўга да стварэньня самой кампазыцыі, нават раней за аналягічны дэвіз квасу «Старажытны». Гэта песьня-развага пра зьменлівасьць жыцьця і марнасьць страхаў і чаканьняў, заклік не трымацца за мінулае і сьмела крочыць насустрач свайму новаму дню, да сваёй мары і не спакушацца на лёгкія шляхі. Песьня ўвайшла ў дэбютны EP «Выявы» і трапіла ў чарт на «Тузін», дзе пратрымалася практычна ўвесь сэзон сярод лідэраў.

Akute — Марнатраўны сын

Пачуць у выкананьні Akute песьню ня іх аўтарства — рэдкасьць неймаверная. У дадзеным выпадку музыкі аддалі даніну павагі свайму ўлюбёнаму гурту «Уліс» і зрабілі сваю вэрсію песьні з шэдэўральнага дыску «Танцы на даху» (1993). «Перайгрываць адзін у адзін нам дакладна нецікава, заўжды хочацца выказаць сваё бачаньне, якое можа адрозьнівацца ад арыгіналу», — кажа Раман Жыгараў. Таму «Марнатраўны сын» у іх падачы зь песьні пра змаганьне цудоўным чынам ператварыўся ў песьню пра каханьне.

Нельга забыць — Залілось сьлязьмі

Гэтая кампазыцыя названая паводле першага радку вершу Максіма Багдановіча, напісанага ў 1910 годзе. Гэта адзін з драматычных нумароў з дыску «Mertvets», канцэптуальнай праграмы, дзе кожны трэк ёсьць часткаю гісторыі героя. Вакальную партыю выконвае Надзея Процька. «Гэты момант на альбоме вельмі напружны. Ён сымбалізуе вызваленьне ад сьмерці, якая ўжо нібы перамагла. Толькі вось мёртваму не баліць, а наш герой усё адчувае і так востра, як ня кожны жывы», — распавядае лідэр каманды Міхал Бараноўскі.

Ворона — Мая праўда

«Мая праўда» дала назву новаму EP гурта «Ворона», які быў прадстаўлены на Tuzin.fm. Вакалістка каманды і аўтар усіх песень Алена Варона напісала гэты твор пры канцы верасьня 2014 году: «У той час я моцна задумалася над насутнымі пытаньнямі — хто я, навошта я, якая я і чаму маю праўду некаторыя ўспрымаюць як хлусьню, а маю асабістую свабоду пастаянна спрабуюць абмежаваць. З гэтага роздуму і паўстала песьня, якая загучала шмат у чым дзякуючы Яўгену Сірату», — распавядае сьпявачка.

Рокаш — Ноч лістапада

Гэтая песьня створаная была якраз пры канцы восені — вельмі сымбалічнай для музыкаў пары году. Менавіта ўвосень яны ўтварылі гурт, менавіта восені прысьвечаны шэраг іх песень. Удзельнік каманды Лявон Казакоў кажа, што і сэнс гэтага твору тычыцца гэтага таямнічага і містычнага пэрыяду году: «Для ўсіх беларусаў восень — час, калі трэба задумацца пра свой лёс, уласную ідэнтычнасць, не скарыцца неспрыяльным павевам эпохі, ня зьнікнуць у яе холадзе, і ўсе ж такі пратрымацца да цяпла ды росквіту».

TonqiXod — Конрад Валенрод

Самая працяглая кампазыцыя за ўсю гісторыю чартаў на Tuzin.fm. Клявішнік гурта Макс Субач кажа, што ў гэтай кампазыцыі была спроба аб’яднаць абсалютна супрацьлеглыя рэчы: лірызм і істэрыю, баляднасьць і драйв, каноны ды экспэрымэнты. Укласьціся пры гэтым ў 3-хвілінныя радыёмежы проста немагчыма. «Тут выяўляецца нашая прыхільнасьць да часоў росквіту рок-музыкі, калі музыканты не цураліся разгорнутых формаў, а ў дадатак да ўсяго такое „нахабства“ з нашага боку падкрэсьлівае наіўную некамэрцыйнасьць трыё TonqiXod».

Андрэй Макарэвіч — Сьнег

Самая запатрабаваная беларуская песьня году напісаная для праекту парталу Tuzin.fm i кампаніі «Будзьма беларусамі!» — «Global Reload». Дзеля яе запісу лідэр «Машины времени» адмыслова прыяжджаў у Менск. Інструмэнтальную частку зрабіў гурт Apple Tea. «Для мяне гэта паклон маім продкам, якіх ужо няма на гэтым сьвеце», — патлумачыў Андрэй. З усіх перакладаў сваіх вершаў на беларускую ён абраў менавіта гэты, бо тут «найбольш блізка гучаць нашыя мовы».

Складанка «Восьмы Прэм’ер Тузін» (2015). Падрыхтаваная рэдакцыяй інтэрнэт-парталу Tuzin.fm

Каардынатар выданьня — Сяргей Будкін

Аздабленьне — Анатоль Лазар, студыя «Адліга»

Тuzin.fm 2015: Сяргей Будкін, Wiecier Mechaniczny, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак, RWD, Яўген Шапчыц, Віктар Сямашка, Алег Хаменка.

СПАМПАВАЦЬ «ВОСЬМЫ ПРЭМ’ЕР ТУЗІН» АДНЫМ ФАЙЛАМ З TUZIN.FM

Яшчэ: «Сёмы Прэм’ер Тузін» — інтэрнэт-прэм’ера складанкі (аўдыё/спампаваць)

Tuzin.fm