Топ-12 самых запатрабаваных беларускіх песень 2015 году (аўдыё)
5950 / 0
04.01.2016

Топ-12 самых запатрабаваных беларускіх песень 2015 году (аўдыё)

Беларускамоўная песьня «Сьнег» у выкананьні Андрэя Макарэвіча стала самай запатрабаванай на афіцыйным канале Tuzin.fm на Soundcloud.

Усяго за пэрыяд з 1 студзеня 2015 да 31 сьнежня 2015 году на «тузіноўскім» стрымінг-канале было зафіксавана 316 000 праслухоўваньняў (за той жа пэрыяд у 2014-м было 126 000). Найбольш слухачоў зь Беларусі (больш за 211 000), потым ідуць Расея (26 100), Украіна (18 200), ЗША (15 900), Польшча (9000).

Тузін самых запатрабаваных трэкаў 2015 году выглядае наступным чынам (у дужках колькасьць праслухоўваньняў за 12 месяцаў).

12. Re1ikt і Павал Аракелян — Толькі сьнег (2525)

Сумесны трэк найлепшага беларускага гурта-2013 па вэрсіі Tuzin.fm і найлепшага беларускага саксафаніста ўвайшоў у лік самых запатрабаваных гітоў усяго за 4 дні! Песьня «Толькі сьнег» на словы Янкі Купалы была напісаная адмыслова для праекту «Новае пакаленьне на Новы год», яе аўдыёпрэм’ера адбылася 26 сьнежня.

11.  IQ48 feat. Памідораў — Выйсьце (2668)

Песьня са сьпісу «100 найвялікшых беларускіх песень», якая ў 2005 годзе доўгі час панавала ў гіт-парадзе на «Тузіне Гітоў» і заняла другое месца ў «Залатым тузіне» па выніках сэзону. Яна была запісаная на хвалі эўфарыі пасьля перамогі на фэсьце «Басовішча-2003» і зьяўляецца мусіць самым ударным нумарам праграмы «Вар’яты». Памідораў у яе дадаў драматызму — так што ажно мурашы па скуры.

10. Жадан і Собаки — Рок-музыкант (2701)

Даўні гіт гурта «Мроя» загучаў па-ўкраінску ў праекце «Global Reload» у перакладзе і выкананьні Сяргея Жадана ды гурта «Cобаки в космосі» з Харкаву. «Нам усім гэтая песьня дужа блізкая. І мы яе ўжо выконвалі колькі разоў і бачым, што публіцы яна дужа падабаецца. Харошая выйшла кампазыцыя, дынамічная, драйвовая, ды й словы простыя й усім падабаюцца», — прызнаваўся з нагоды прэм’еры Сяргей, якога называюць рок-зоркай украінскай літаратуры.

9. Данчык — Калыханка (2978)

Яшчэ адзін твор, які трапіў у рэйтынг «100 найвялікшых беларускіх песень». Яна зьявілася ў рэпэртуары беларускага сьпевака, народжанага ў Нью-Ёрку, калі ён першы раз завітаў у Менск у 1989 годзе. Аўтар «Калыханкі» Зьміцер Яўтуховіч прапанаваў яе Данчыку і тут жа яна была запісаная на студыі з клявішамі Яўтуховіча і ледзьве заўважным бэк-вакалам Барткевіча. Выкананьне было настолькі чульлівым і кранальным, што беларускія дзеткі адразу ж прызналі песьню сваёй.

8. Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-orkiestra — Сьцяг (2983)

Някляеў пісаў гэты свой верш адмыслова пад Вайцюшкевіча і спрачаліся яны зацята наконт таго, як мусіць выглядаць песьня. У варыянце, запісаным для альбому «Тое, што трэба» (2008), кампазыцыя вырашана ў балядным рэчышчы. Вайцюшкевіч тлумачыць гэты тым, што калі пісаў музыку, згадаў як лунаў бел-чырвона-белы сьцяг па-над Домам ураду і ў рытм гэтага лунаньня напісаў кампазыцыю. «Вядзецца не пра рэвалюцыю, а пра стан душы!» — заўважыў артыст падчас яе прэм’еры на «Тузіне Гітоў».

7. Зьміцер Вайцюшкевіч — Дзе мой край (3181)

Канцэртны запіс песьні Вайцюшкевіча на словы Караткевіча, вядомы таксама пад назваю «Беларуская песьня», запісваўся для супольнага праекту «Скрыпка дрыгвы» (2003), які так і ня быў даведзены да канца. Трэк выйшаў праз тры гады на складанцы «Песьні свабоды», а потым стаў загалоўным у праграме «Беларуская песьня», выдадзенай у выглядзе live-альбому (2010). Як і «Сьцяг», «Дзе мой край» увайшоў у лік «100 найвялікшых беларускіх песень».

6. Sciana — Тепла зима (3543)

Берасьцейскі гурт перасьпяваў па-ўкраінску твор «Тепла зима» гурта «Скрябін». «Мы памятаем выступ Кузьмы на „Захід-2014“. Гэта было настолькі шчыра, адкрыта і эмацыйна моцна, што станавілася зразумела: ён адзін з самых улюбёных людзей на рок-сцэне Ўкраіны. А праз паўгоду нечаканая трагічная навіна — Кузьмы болей няма. Таму гэтая песьня — даніна памяці чалавеку, якога мы паважаем і памятаем», — заявілі з нагоды прэм’еры музыкі зь «Сьцяны».

5. Алесь Дзянісаў feat. Палац — Каляды (3805)

Яшчэ адна песьня, якая імкліва ўварвалася ў топ-12 усяго за некалькі дзён да наступленьня новага 2016-га. Прыгожую калядную кампазыцыю на верш Анатоля Брусевіча вакаліст панк-фармацыі Dzieciuki Алесь Дзянісаў падрыхтаваў разам з фольк-гуртом «Палац». У запісе таксама ўзяў удзел гітарыст Дзьмітры «Вінс» Шчэрба.

4. Варона — Мая праўда (4042)

Песьня гурта Алены Вароны ўзначаліла рэйтынг мінулай зімы і дзякуючы таму прарыву засталася ў топ-12 на цэлы год. Цікава, што гэта адзіная песьня, у якой найбольш праслухоўваньняў зафіксавана не зь Беларусі, а з ЗША, Канады і Нямеччыны. Застаецца толькі шкадаваць, што пры канцы 2015-га Алена заявіла пра спыненьне дзейнасьці свайго гурта.

3. Trubetskoy feat. Аляксандар Памідораў — Цуд на Каляды (4419)

Знакамітая рэп-калядка была запісаная ў новай вэрсіі для праекту «Новае пакаленьне на Новы год» і ўсяго за 10 дзён увайшла ў тройку самых запатрабаваных песень 2015-га. «Нікому яшчэ не ўдавалася так арганічна чытаць „рагамафін“ на мове, як тое робіць Памідораў у гэтым трэку! А Памідораву ў сваю чаргу падабаецца музыка нашага гурта. Таму мы з радасьцю адгукнуліся на ідэю зрабіць яе сумесна», — сказаў вакаліст гурта Trubetskoy Павал Булатнікаў.

2. Naka&Сьвета Бень&Ганна Хітрык — Про любовь/Про любов/Пра любоў (7391)

Песьня Насты Шпакоўскай і гурту Naka, да якой далучыліся Сьвета Бень зь «Серебряной свадьбы» і Ганна Хітрык з гурта Sounduk гучыць адразу на трох мовах — беларускай, украінскай і расейскай. «Вельмі хацелася, каб песьня гучала на трох мовах, як на адной. Каб нас аб’ядноўвала ня мова, а думка, якая была б зразумелая для ўсіх, незалежна ад ступені валоданьня адной з моваў», — кажа Наста. Гэты сьпеў узначаліў топ-12 лета і быў увасоблены ў відэа рэжысэрам Арцёмам Лобачам.

1. Андрэй Макарэвіч — Сьнег (28 499)

Безумоўнае першынство — у Андрэя Макарэвіча. Песьня, запісаная для праекту «Global Reload» у сакавіку 2015-га ўзначаліла рэйтынг увесну, і за кароткі час стала наогул самым запатрабаваным творам ад часу рэбрэндынгу «Тузіна» ў кастрычніку 2013-м. Песьня «Сьнег», перакладзеная на беларускую мову Юрыем Несьцярэнкам. У 2015 годзе яна запісаная разам з музыкантамі з гурта Apple Tea, а ў арыгінале яна была напісаная недзе ў 1977 годзе. «У адным з нумараў часопіса „Дзеяслоў“ было нямала вершаў і песень маіх, перакладзеных на беларускую. І мне здалося, што менавіта ў гэтай песьні найбольш блізка гучаць нашыя мовы, проста па наборы словаў гэта было заўважна. І мне прасьцей было зь ёй працаваць», — патлумачыў свой выбар лідэр «Машины времени».

Увага! У гэтым рэйтынгу ўлічваюцца праслухоўваньні толькі праз плэер Soundcloud, а ёсьць яшчэ праслухоўваньні/запампоўкі на самім сайце Tuzin.fm, а таксама «УКантакце» і Youtube, якія лічацца асобна. Так што рэальныя лічбы праслухоўваньняў кожнай песьні могуць быць большыя ў 3—4 разы.

Tuzin.fm