12 самых папулярных музычных відэа 2015 году
4610 / 0
06.01.2016

12 самых папулярных музычных відэа 2015 году

Глядзім падборку з ролікаў, якія карысталіся найбольшым попытам на афіцыйным канале Tuzin.fm на Youtube.

Усяго за пэрыяд з 1 студзеня 2015 да 31 сьнежня 2015 году на «тузіноўскім» відэаканале было зафіксавана 377 880 праглядаў (за той жа пэрыяд у 2014-м было 190 332). Усяго ж на дадзены момант 657 759 праглядаў. Найбольш гледачоў зь Беларусі (55%), потым ідуць Расея (14%), Украіна (12%), Польшча (5,2), ЗША (3,2). (На аўдыёканале «Тузіна» на Soundcloud рыхтык такі ж топ-5 краінаў).

Тузін самых запатрабаваных відэаролікаў 2015 году выглядае наступным чынам (у дужках колькасьць праглядаў за 12 месяцаў).

12. Ulis — Радыё Свабода (4588)

Рарытэтны відэазапіс, упершыню апублікаваны пасьля тэлетэру праз 21 год на Tuzin.fm. Гурт Ulis выконвае «Радыё Свабода» на дабрачынным канцэрце, прысьвечаным угодкам БНР. Запіс зроблены дзяржаўным Тэлевізійным беларускім каналам (ТБК) 20 сакавіка 1993 году ў менскім Палацы культуры чыгуначнікаў. З нагоды гэтай публікацыі аўтар песьні Фэлікс Аксёнцаў распавёў пра таемны сэнс аднаго з галоўных гітоў беларускага року.

11. Dzieciuki — Ладзьдзя роспачы (4888)

Анімаваны ролік у стылістыцы South Park самі Dzieciuki лічаць сваім першым прафэсійным кліпам. Музыкі прэзэнтавалі яго на Tuzin.fm улетку 2014-га і з таго часу ён набраў больш за 10 000 праглядаў. Песьня і кліп створаныя па матывах навэлы «Ладзьдзя роспачы» славутага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. А зрабіла кліп Вера Стома.

10. Neuro Dubel — Жыцьцё (5320)

Песьня, якая ўвайшла ў «Прэм’ер Тузін-2005» і ўвасоблена ў відэа ў 2007 годзе на тэлеканале «Белсат», дагэтуль не губляе сваёй актуальнасьці. З нагоды яе прэзэнтацыі на «Тузіне» Кульлінковіч згадваў, што некалі яму рабілі цяжкую апэрацыю на мозг. Пасьля яе дактары сказалі, што жыць яму засталося няшмат. «Мне забаранілі ўжываць алькаголь, глядзець тэлевізар, займацца любоўю… Гэты твор ёсьць сьведчаньнем таго, што я жывы», — сказаў тады выканаўца.

9.  Рокіс — Пагоня (5509)

Рарытэтны запіс з выступу гурту «Рокіс», зь якога потым паўстане «Крама» на канцэрце ў сквэры Янкі Купалы ў 1991 годзе. Гэта адзіны вядомы на дадзены момант відэазапіс гэтай каманды. Песьня «Пагоня» на словы Максім Багдановіча і на музыку Ігара Варашкевіча ўвайшла ў адзіны альбом «Рокіс» — «Народжаны тут» (1991), які так і ня быў выдадзены. Іншыя рарытэты ад розных гуртоў Варашкевіча можна паглядзець і паслухаць па гэтай спасылцы.

8. Крама — Дзяўчынка (6349)

А гэта ўжо новае відэа ад Варашкевіча і «Крамы», прэзэнтаванае на Tuzin.fm летам 2014 году. Музыкі наогул лічаць гэты ролік першым прафэсійным кліпам гурту за ўсю ягоную гісторыю. Новае відэа зьняў рэжысэр Андрэй Ляўковіч за два дні — у Тэатры беларускай драматургіі і на вуліцах Менску. Агулам у гэтага роліку на сёньня каля 15 500 праглядаў.

7. Зьміцер Вайцюшкевіч — На Каляды (7097)

Відэа, прэзэнтаванае напярэдадні мінулых Калядаў, але зь ня надта прыемнай нагоды — сьвяточны канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча быў забаронены ідэолягамі зь Менгарвыканкаму. Каб хоць неяк падбадзёрыць сваіх прыхільнікаў, выканаўца прадставіў на Tuzin.fm новую песьню на словы Ўладзімера Някляева ды анімацыйны кліп на яе. За год ад прэм’еры песьні «На Каляды» дужа шмат не зьмянілася — беларускі рубель працягвае абясцэньвацца, Вайцюшкевічу па-ранейшаму не даюць выступаць легальна, а яго песьні гэтак жа любяць слухачы.

6. Сяргей Міхалок — Зорачкі (7996)

Акустычная вэрсія песьні «Зорачкі», якая ў электрычнай вэрсіі была прызнаная найлепшай на «Тузіне» ў сэзоне 2008/2009. Ролік быў зьняты для праекту расейскага сайту OpenSpace.Ru, задума якога палягала ў тым, што розныя артысты выконваюць свае песьні ў незвычайных умовах. Разам зь Міхалком у роліку зьнялася акторка Сьвятлана Зелянкоўская. Відэа дададзена яшчэ ў 2011 годзе, аднак дагэтуль актыўна праглядаецца. Агулам жа ў яго 19 540 праглядаў.

5. Зьміцер Вайцюшкевіч — Дачакайся, матуля (8233)

Відэра рэжысэра Расьціслава Смольскага было прэзэнтаванае на Tuzin.fm на дзень народзінаў аўтара яе словаў — Генадзя Бураўкіна. Вайцюшкевіч прадставіў яе, як «гісторыю пра нашы недамоўленыя моманты ў адносінах з бацькамі». «Вельмі часта нам здаецца, што бацькі будуць жыць вечна і ў нас шмат часу на тое, каб пасьпець ім усё сказаць, папрасіць прабачэньня». Кліп практычна ўвесь сэзон 2014/2015 пратрымаўся на першым месцы ў відэачарце на Tuzin.fm. Агулам ролік набраў ужо 13 543 прагляды.

4. Андрэй Макарэвіч — Сьнег (12 877)

Афіцыйная Youtube-прэзэнтацыя першага беларускамоўнага трэку лідэра «Машины времени», запісанага для праекту Global Reload парталу Tuzin.fm i грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» назьбірала дадатковую колькасьць праслухоўваньняў. Агулам на рэсурсах аднаго толькі «Тузіна» (сайт+youtube+soundcloud, без уліку іншых сацсетак) яна была праслухана блізу 60 000 разоў, атрымала незьлічоную колькасьць лайкаў, рэпостаў і перапостаў, і безумоўна стала галоўнай беларускай песьняй 2015-га году.

3. Dzieciuki — Сумнае рэгі (24 700)

Кліп, зьняты Алесем Залеўскім і Яўгенам Шапчыцам (ТС «Тры макі») у Курапатах, Хатыні і пад Горадняй і прэзэнтаваны на Tuzin.fm увосень 2014-га, прэтэндуе на «Фідбэк году». Музыкі заявілі, што гэтай песьняй хочуць ушанаваць памяць усіх бязьвінна загінуўшых ад фашыстоўскага і бальшавіцкага рэжымаў. І выклікалі тым самым вялікую дыскусію. Ролік стаў найбольш камэнтаваным на нашым відэаканале (на сёньня пад 200 камэнтаў). Агулам жа яго паглядзелі каля 40 000 разоў.

2. Стары Ольса — One (29 781)

Перамога ў намінацыі «Найлепшы кавэр году» безумоўна належыць гурту «Стары Ольса», які чароўным чынам перарабіў «One» ад Metallica для тэлепраекту «Легенды. Live» ў кастрычніку 2014 году. Па выніку відэа, якое «Тузіну» ласкава прадаставіў тэлеканал ОНТ, на сёньня паглядзелі ўжо 106 829 разоў толькі на «тузіноўскім» youtube-канале. На канале вытворцаў гэтай перадачы ролік наогул пабіў усе рэкорды папулярнасьці, сабраўшы на сёньня амаль 1,5 мільёну праглядаў.

1. Ляпіс Трубяцкі — першае зьяўленьне на ТВ (152 266)

Відэарарытэт, які захаваўся дзякуючы колішняму прэзыдэнту Менскага рок-клюбу Ўладзімеру Зайчанку, быў упершыню апублікаваны на «Тузіне» ў студзені 2015 году і выклікаў вялікую цікавасьць прыхільнікаў гурта. На здымках, якім амаль чвэрць стагодзьдзя, «Ляпіс Трубяцкі» выконвае песьню «Ты кинула». Міхалок прызнаўся ў адным з інтэрвію, што гэты тэлеэтэр глядзеў у вар’ятні, куды трапіў пасьля перадазіроўкі наркотыкамі. Дакладны год здымак дакладна не ўстаноўлены — зроблена яно ў прамежку 1990—1993 гадоў.

Увага! У гэтым рэйтынгу ўлічваюцца прагляды толькі на канале Tuzin.fm на Youtube.com. Агульныя прагляды кожнага роліку (празь іншыя плэеры, сацсеткі ды іншых карыстальнікаў, якія маглі дадаць гэтае ж відэа на свой канал), могуць быць вышэйшыя ў некалькі разоў.

Tuzin.fm