!OUT: Першы беларускі ганг-альбом ад Івана Крываноса (аўдыё/відэа)
Лідэр праекту Hangmeleon запісаў першы альбом у Беларусі, заснаваны на гучаньні ганг-драма.
«Нулявыя» гады ў Беларусі сталіся эрай джамбэяў ды дарбукаў — па іх ня ляпаў хіба толькі лянотнік. А цяпер прыйшла эра ганг-драмаў. Новавынайдзены інструмэнт зьнешне нагадвае НЛА — дзьве злучаныя між сабой паўсфэры зь ямачкамі. І вось прысьпеў час, каб выдаць першы ў Беларусі альбом з кампазыцыямі для ганг-драма. На тое наважыўся лідэр праекту Hangmeleon Іван Крыванос.
ТГ: Іван, калі ты займеў свой першы ганг-драм?
Іван: Я дакладна памятаю гэты дзень. Ганг зьявіўся ў мяне 20 сьнежня 2014 году. І я адразу прыдумаў кампазыцыю «Палёт». Яна й стала загалоўнай на першым альбоме.
ТГ: Чаму абраў менавіта гэты экзатычны інструмэнт?
Іван: Мне сябар пазамінулым летам паказаў кліп, дзе хлопец грае ў тунэлі на такім інструмэнце, і я папросту ў яго адразу ўлюбіўся. У інструмэнт, канечне. Далей пачаў шукаць, дзе ды як яго набыць. Высьветлілася, што ганг перасталі выпускаць напрыканцы 2013 году. Тым ня менш, мне вельмі пашэньціла, што ганг зьявіўся ў мяне ды ў цэлым па ўсёй краіне.
ТГ: Ганг цяпер мае ўсялякія разнавідцасьці — хэпі-драм, гэндпан, «Сыбірыя»…
Іван: Таму што ганг было цяжка купіць, сталі зьяўляцца майстры, якія пачалі вырабляць аналягі. Цяпер такіх майстэрняў прыкладна 60.
ТГ: Ці мае ганг-драм нейкія мінусы ў параўнаньні зь іншымі інструмэнтамі?
Іван: Па-першае, ганг-драм разладжваецца, наладжваць яго трэба ў іншай краіне, а гэта дорага. Па-другое, інструмэнт падвяргаецца карозіі, таму патрэбны адмысловы дагляд. Па-трэцяе, гэты інструмэнт робяць у адной танальнасьці, 8—10 нотаў, таму кампазыцыі становяцца падобнымі адна да адной.
ТГ: Колькі ў цябе ўжо аўтарскіх рэчаў?
Іван: Каля дзясятку. Кампанаваньне твораў ускладняецца тым, што музыка для мяне — гэта хобі, якое ўжо перарастае ў нешта большае. Ганг зь першага дня ўвайшоў у маю сям’ю. Аднак акром хобі, ёсьць і праца — 8 гадзінаў у дзень, як звычайна ўва ўсіх людзей. Акром таго, у мяне жонка й трое дзяцей. Малодшаму нядаўна месяц споўніўся.
ТГ: Віншую! А твой праект Hangmeleon — гэта ты адзін ці могуць далучацца й іншыя людзі?
Іван: Гэта адзін чалавек. Але цяпер я супрацоўнічаю зь Дзянісам Давыдавым, і ён па-іншаму зірнуў на мае кампазыцыі. Дзякуючы ягонаму погляду, зьяўляецца й другі альбом з музыкай, якую можна будзе слухаць у аўто, дома, у месцах, дзе ня трэба паглыбляцца ў мэдытацыю.
ТГ: Адначасова ты ўдзельнічаеш у іншых праектах, у тым ліку тэатральных.
Іван: Так. Гэта й «Музычная гарбата», і ёга выходнага дня, і школа навучаньня граньню на кахоне «Дон Кахон». Таксама ў найбліжэйшы час вазьму трох вучняў ды буду вучыць іх граць на гангу.
ТГ: Якое самае незвычайнае месца, дзе табе давялося граць?
Іван: Дзіцячая пляцоўка. Не, жартую. Канечне, незабыўна было граць, седзячы ў байдарцы пасярод возера Вяча на заходзе Сонца перад самай Поўняй.
Прэзэнтацыя першага беларускага ганг-альбома адбудзецца 5 сьнежня ў Dance Cafe, што на вул. Куйбышава, 22 у Менску. Падрабязнасьці на старонках праекту Hangmeleon УК/FB.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ