Шорт-ліст прэміі «Героі году 2013» па вэрсіі Tuzin.fm
Пасьля доўгіх і працяглых спрэчак у рэдакцыі Tuzin.fm нарадзіўся сьпіс прэтэндэнтаў на прэмію «Героі году», якая будзе ўручацца ў дзьвюх намінацыях — «Дэбют году» і ўласна «Героі году».
У намінацыі «Дэбют году» пяцёра прэтэндэнтаў.
Sp Kava. Удзельнік рэп-дуэту «PANaNieba» зрабіў выдатную заяўку на будучыню і выдаў сёлета дэбютны EP «Што табе сьніцца». Кожны зь яго трэкаў цікавы сваёй небанальнай пабудовай, а да ўсяго запісаны пры ўдзеле жывой гітары і дуды.
Hurma. Музыкі заявілі пра сябе з дапамогай першага сынглу «Шукай», які неўзабаве трапіў на складанку «Рок-танцы славян». Падмацавалі справу яшчэ некалькімі яскравымі трэкамі ды паўнавартасным відэа на песьню «Давай на раз, два, тры», якое цяпер у лідэрах відэачарту на Tuzin.fm.
Dzivia. Праект 18-гадовага Артура Матвеенкі, названы ў гонар багіні прыроды, запаўняе лякуны беларускай музычнай прасторы. Dzivia прапануе ўзорны фольк-эмбіент, якога ў нас удзень са сьвечкаю не адшукаеш.
Tonqixod. Гурт з Уладзем Лянкевічам ды Максам Субачам на вакале дэманструе якім можа быць беларускі арт-рок ды псыхадэл, дзе музыка і словы маюць аднолькавую моц ды ўтвараюць цэльную структурную тканку.
Navi. Цудоўны і сьветлы дуэт, які ўтварыўся сёлета ўвесну. Іх песьня ды кліп на яе «Абдымі мяне» безумоўна адна з самых яскравых у беларускай музыцы ў гэтым годзе. Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук паказалі ўжо цэлую праграму, у якой прысутнічаюць ня менш моцныя нумары.
На званьне «Героі году» сёлета прэтэндуе таксама пяць выканаўцаў:
:B:N:. Адны зь лідэраў беларускай рок-сцэны выдалі сёлета цудоўны акустычны міні-альбом ды парадавалі двайным сынглам, далі аншлягавы сольнік у Re:Public і прадставілі цалкам абноўлены інструмэнтальны склад.
N.R.M. Легенды айчыннага року давялі да ладу новы нумарны альбом ды ўвайшлі зь ім у гісторыю, бо ён стаў першым беларускамоўным вінілам у гэтым стагодзьдзі. Таксама падтрымалі рэстаўрацыю замку ў Любчы, утварылі калябарацыю з Myslovitz, праехаліся з турам па гарадах Беларусі і Расеі. Чым не геройства з улікам таго, што калектыў усё гэта зрабіў, застаўшыся без свайго франтмэна?
Re1ikt. Cамы магічны беларускі рок-гурт сёлета даў паўсотні канцэртаў ды ўзяў удзел у дзесятку фэстаў. Узяў першае месца і прыз глядацкіх сымпатыяў на фэсьце Rockowisko (Польшча), зьняў новы кліп, а таксама разам з Пукстам ды «Ilo&friends» упрыгожыў МКФ «Лістапад», агучыўшы клясыку нямога кіно адмыслова напісанай аўтарскай музыкай.
Ляпіс Трубяцкой. Міхалок з кампаніяй сёлета працягнуў сваю неверагодную патрыятычна-асьветніцкую місію за межамі краіны, захаваўшы статус «забароненага ў Беларусі» . Музыкі знаходзяцца ў няспынным туры і даюць канцэрт для беларускіх шапаголікаў і патрыётаў у віленскай Siemens Arena ў падтрымку першага беларускамоўнага рэлізу «Грай».
BosaeSonca. Выдаўшы за год два выдатныя рэлізы электрычны «Zalaty» ды акустычны «Адпусьці» гурт Алеся Ката-Зайцава вырваўся ў вышэйшы эшалён беларускай незалежнай музыкі. Заўсёднікі бардаўскіх вечарынаў з малаўцямным рэпэртуарам пераўтварыліся ў цалкам сьпелы поўнавартасны гурт зь цікавай лірычнай праграмай, багата аранжаванай і выкананай зь вялікім пачуцьцём.
Шорт-ліст падрыхтаваны паводле адзнакаў сябраў рэдакцыі парталу Tuzin.fm, у якую ўваходзяць Сяргей Будкін, Вецер Механічны, Алег Хаменка, RWD, Яўген Шапчыц, Віктар Сямашка, Алесь Дзянісаў, Іна Хоміч, Mr. Harrison, а таксама пачэсныя сябры рэдакцыі Ніна Шыдлоўская і Мікалай Тамашэвіч.
12 сьнежня (чацьвер). Менск, Арт-цэнтар «Юла», вул. Сурганава, 26. Прэмія «Героі году» ад парталу Tuzin.fm пры ўдзеле Tonqixod, Hurma, Sp Kava, Re1ikt, :B:N:. Пачатак у 19:00. Кошт квіткоў — 60 000 (папярэдне), 80 000 (у дзень), 80 000 (столік, толькі папярэдне). Тэлефон для даведак: +375 29 6872093
Квіткі можна замовіць і набыць у касах альбо он-лайн праз сайт KVITKI.BY
Tuzin.fm
Заўвагі, прагнозы, парады прымаюцца ў камэнтарах! Тых, хто адгадае пераможцаў у намінацыі "Дэбют" і ўласна "Герояў", чакаюць падарункі на канцэрце.
"Дэбют года" - гурт Hurma.
"Героі года" - гурт BosaeSonca
"Дэбют" - SpKava.
"Героі" - Re1ikt
"Дэбют года" - Navi
"Героі" - N.R.M. !!!
Ня вельмі спадабаліся некаторыя крытэрыі адбору намінантаў:
Па "героям":
Па-першае: "далі аншлягавы сольнік у Re:Public" - гэтаму пункту адказвае шэраг гуртоў. Напрыклад, "Дай Дарогу"(Велаакустыку" нікто не адзначыў?) які кожны выступ у Re:Public зьбірае аншляг, "AKUTE", "The Toobes" ды іншыя. Гэтыя гурты зрабілі значна больш на мой погляд, аднак у спісе іх няма.
А дзе ж Макс Корж з цалкам "забітай Арэнай"? Ці ён ужо маскаль?
Па-другое, няўжо абноўлены склад - гэта той пункт, які можна лічыць такім "значным"? Калі ўжо браць такія крытэрыі, то можна кожны раз адзначаць смену музыкаў у тых жа "Ляпісаў", або чарговую гітару, напрыклад, Піта Паўлава)
Па-трэцяе, сінгл выпусцілі ў гэтым годзе таксама шмат гуртоў, тая ж "ЗЬМЯЯ" (якія яшчэ прадставілі кліп, далі шэраг выступаў і г.д), IQ48, NAKA, The Silicon ды іншыя.
Па дэбюту:
А дзе ж "Лермонт" са сваім выдатным кліпам, адзначаным у іншай краіне?
Дзе ж дэбют "Ляпісаў" з беларускамоўным альбомам?
HURMA: няўжо не відавочна, што гэта копія расейскага гурта? А дзе ж самабытнасць?
Выснова:
"Дэбют года" - гурт Navi.
"Героі года" - гурт Re1ikt.
Я не пагаджуся па многіх пунктах з вамі.
Па-першае : на " Тузіне " вядома пішуць пра ўсе беларускія гурты і ўсе гурты паважаюць. Але ўсё ж такі беларуская мова iграе вялікае значэнне ў дадзеным выпадку . Ні Дай дарогу , ні The Toobes не сьпяваюць на беларускай мове. А пра Akute , пры ўсёй любові да іх , магу сказаць што "гераізмам " тут не пахне. Новага альбома няма , а зрабіць 2 кавера і назваць канцэртную праграму новай па гэтай прычыне - не справа .
Па-другое : калі кажаце пра N.R.M. мабыць забываеце пра вініл , і, у рэшце рэшт, сыход саліста N.R.M. гэта падзея буйней, чым сыход гітарыста з якого-небудзь гурта , гэта аказала пабольш ўздзеяння на далейшае існаванне N.R.M.
Па-трэцяе : Ляпісаў як раз з новым альбомам выдзелілі, і , напэўна , намінацыя на герояў ўсё ж такі лепей намінацыі на дэбют.
I апошняе. Шорт -ліст значыць "кароткі " . А гэта значыць пра дасягненні караценька. Гэтым усiм поспехі прыведзеных у спісе кандыдатаў не абмяжоўваюцца.
Дзякуй за ўвагу .
Каб зьняць большасьць вашых пытаньньняў, хацелася б нагадаць, што разглядаем перадусім творчасьць беларускамоўных выканаўцаў, бо лічым істотным і важным заахвочваць тых музыкаў, якім неабыякава дзе яны жывуць і дзеля чаго.
Высоўваньне N.R.M. у лік прэтэндэнтаў было прадыктавана ня тым, што яны склад абнавалі, а тым, што яны працягнулі рух і зрабілі нямала ў гэтым годзе, нават абезгалоўленымі, што яшчэ некалькі гадоў таму выглядала проста на фантастыку.
Сынгл як такі ды і пасьпяховы канцэрт таго ці іншага выканаўцы вырашальнай ролі не граюць. Грае сукупнасьць усіх фактараў. У некаторых выпадках (Dzivia) наогул не было канцэртаў, але мы палічылі, што яго альбому дастаткова для таго, каб звацца "дэбютам".
Заўважу, у "Дэбюце" не разглядаюцца "дэбютныя беларускамоўныя альбомы". Гэта намінацыя для маладых музыкаў, якіх варта заахвоціць за тое, што яны пачалі рабіць.
А дзе Litvintroll з Чорнай Паннай і шыкоўнай аншлагавай прэзентацыяй у Рэ:Пабліку?
Альбом у LitvinTroll атрымаўся сапраўды цудоўным, як і яго прэзэнтацыя. Але "Дэбютам" іх не назавеш, бо гурт існуе ўжо восем год. Што да "Герояў", то спадзяемся на тое, што хлопцы дадуць падставы вылучыць іх у будучым.
Дэбют года - Hurma!
Героі года - BosaeSonca!
Дзякуй за падрабязны лікбез наконт маіх суб'ектыўных заўваг.
Я здагадваўся, што на "Тузіне" асноўную ролю грае "беларускасць")
Аднак, наконт "бо лічым істотным і важным заахвочваць тых музыкаў, якім неабыякава дзе яны жывуць і дзеля чаго." магу сказаць тое, што не абавязкова біць сябе ў грдзі і размаўляць па-беларуску для таго, каб захоўваць нашу культуру і прасоўваць яе за межы краіны)
Дзякуючы, напрыклад, God's Tower-у ці Макс Коржу многія іншаземцы даведаліся пра Беларусь болей, чым дзякуючы многім беларускамоўным гуртам. Ці гэта не лічыцца добрай справай? Ці "не беларускамоўны" Корж - здраднік, не беларус і нам не патрэбен?
А тое, што Нейра Дзюбель, які спявае на расейскай мове - менавіта 3 разы "каранваўся" - гэта па-беларуску? Ці тое, што "героі" Ляпісы" таксама сталі папулярнымі дзякуючы расейскай мове, кідаючы па адной бел.песні на плыту, - гэта Вы не ўлічваеце?
Абнаўленне складу - гэта было не пра N.R.M.) Супраць іх і Паўлава нічога не маю.
У любым выпадку - гэта Ваша "Прэмія", таму й Вашыя Правілы ды крытэрыі.
Гэта ж не разглядаецца ў кантэксце "беларускае - добра, рускае - дрэнна". Тут іншае. Было такое, пытаешся ў чалавека: "Якіх беларускіх выканаўцаў ты ведаеш?" Мне адказалі Макс Корж. Калі ўдакладніла пра мову беларускую - ніводнага не сказалі. Безумоўна выканаўцы такія як Корж або тыя ж Дай дарогу малайцы і дзякуй ім за гэта. Але адсюль і мэта сайта выцякае - знаёміць людзей з беларускамоўнай творчасцю.
Сьвятая рацыя ваша - прэмія Наша:)
Беларускамоўны фармат нашага парталу - гэта наш сьвядомы выбар, тут ужо даруйце, але будзе так. Пры гэтым мы ж пішам пра Каржа, бачылі?)
І абавязкова прыходзьце на наш канцэрт 12.12., быць можа менавіта вы атрымаеце якіх прыемных падарункаў:)
Neuro Dubel каранаваўся двойчы. Апошні - у 2007, праз тры гады па выхадзе цалкам беларускамоўнага альбома
Дэбют Sp Kava,
Героі - безумоўна, Ляпісы))
>>стаў першым беларускім віналам у гэтым стагодзьдзі (Пра альбом N.R.M.)
А што, вiнiлы Gods Tower, Folkvang, Pestilentia ужо не вiнiлы? Ляпiсы? Я разумею, што не ваш фармат, але хлусiць народу таксама ня трэба.
Не ў фармаце справа. Мелася на ўвазе - беларускамоўная кружэлка.
А вось чапляцца да слоў ці не - гэта ўжо ваша справа.
Да Вашай парады прыслухоўваемся і карэктуем у тэксьце. Але ведаеце, што беларускае для нас у кантэксьце дадзенага праекту = беларускамоўнае. Так што дарма папракаеце ў хлусьні.
Што да "Ляпісаў", то N.R.M. па часе іх апярэдзілі. Мы пісалі пра гэта, зірніце
http://tuzin.fm/article/169/pershy-belaruskamoiyny-vinil-u-xxi-stagodzdzi.html
SP Kava
Bosaesonca
Дзякую
Героi bosaesonca, дэбют у хурмы)
Хурма
НРМ
КАМЕНТАВАЦЬ