Судзьдзя ўцёк пад воклічы «Ганьба!». Як судзілі культурных людзей
У сьпісе асуджаных за Дзень Волі — музыкі, прадусары, арт-мэнэджары, акторы.
Цэлы дзень у менскіх судах праходзяць суды над удзельнікамі мірных акцыяў, якія прайшлі 25 і 26 сакавіка ў Менску. У сьпісе асуджаных — грамадзкія актывісты, журналісты, культурныя дзеячы, музыкі і акторы. Некаторых судзяць хутка — бяздоказна за пяць хвілінаў даюць содні арыштаў і штрафы. У Ленінскім раённым судзе шэсьць гадзінаў разглядалася справа Паўла Белавуса (на загалоўным фота), якога затрымалі ў нядзелю разам зь цяжарнай жонкай Кацярынай Маковіч (яе неўзабаве адпусьцілі). Як паведамляе Радыё Свабода сьведка Сяргей Мірончык, намесьнік камандзіра атраду міліцыі спэцпрызначэньня, сказаў, што Белавус каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» зрабіў правапарушэньне і ён яго затрымаў. Прызнаў, што ў момант затрыманьня Белавус ня лаяўся. Сьведкі-міліцыянты Анатоль Яўпанаў і Алег Кунцэвіч блыталіся ў паказаньнях, але пры гэтым настойвалі на тым, што Павал мацюкаўся. На відэа затрыманьня бачна, што Павал нічога не парушаў.
Нягледзячы на адсутнасьць доказаў, судзьдзя Астапенка прысудзіў Белавусу 15 содняў. Пасьля вынясеньня прысуду Астапенка ўцёк з залі пад воклічы «Ганьба!». Лідэр гурту Vuraj Сяргей Доўгушаў вёў відэа-, а як забаранілі аўдыёзапіс суду. Адбываць арышт Павал будзе на Акрэсьціна.
Павал Белавус у залі суду. Фота Мікіта Броўкі
Павал Белавус — культурны дзеяч. Шмат у чым дзякуючы яму ў Беларусі пачаўся бум на ўсё беларускае: ад «вышыванак» да музыкі на стадыёнах. Паша — нязьменны партнэр праектаў Tuzin.fm, дзе ён калісьці пачынаў у якасьці журналіста, а пасьля заснаваў свой пляцоўку «Арт-сядзіба» і краму Symbal.by. Нядаўна ён таксама паспрабаваў сябе ў ролі рэпэра — цяпер у чарце бярэ ўдзел яго песьня «Люблю ці кахаю», запісаная разам зь Пятром Клюевым.
Сярод затрыманых і асуджаных сёньня ёсьць таксама музыка і гукарэжысэр Аляксандар Хаўкін, былы ўдзельнік «Крамбамбулі». Міліцыянты зь ім абышліся надзвычай брутальна. Музыку пры затрыманьні пінкамі заганялі ў аўтазак, пяць гадзінаў пратрымалі на расьцяжцы, моцна зьбівалі. Ударылі па сківіцы гэтак, што два дні мог есьці толькі адным бокам. Увесь гэты час не давалі патэлефанаваць жонцы і сваякам, каб паведаміць дзе ён. Яму стала блага, выклікалі хуткую ў судзе і ўчора ў РУУС. Судзьдзя А. Карнейчык дала штраф 25 базавых велічынь. Музыка зьбіраецца абскарджваць пастанову суду.
Аляксандар Хаўкін у чаканьні суду. Фота «Радыё Свабода»
Быў таксама затрыманы Глеб Галушка, музыка і прадусар. Ён грае разам зь Пітам Паўлавым, яго бас-гітару можна пачуць, напрыклад, на песьні «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы», якая цяпер удзельнічае ў нашым чарце. Пасьля ночы ў ізалятыры яго судзілі ў судзе Ленінскага раёну за «нецэнзурную лаянку». Судзьдзя Маргайлік прысудзіла яму штраф 10 базавых велічыняў.
Глеб Галушка дае камэнтар «Белсату» пасьля прысуду. Фота Піта Паўлава
Людзкое абурэньне выклікаў выпадак з акторкаю Свабоднага тэатру Янай Русакевіч. Яна здолела пазьбегчы затрыманьня, але амапавец настолькі моцна ўдарыў дзяўчыну, што дактары кажуць пра магчымую расколіну ў чэрапе. Яна знаходзіцца цяпер у больніцы хуткай дапамогі.
Пра сотні іншых прысудаў з нагоды Дня Волі — чытайце на Радыё Свабода і сайце «Вясны».
Увага! Ідзе кампанія салідарнасьці зь незаконна арыштаванымі людзьмі ды іх сем’ямі. Як пералічыць ці перадаць грошы ў любой краіне сьвету можна дазнацца з адмыслова створанай суполкі BY_Help.
Яшчэ: Міністар Шуневіч узнагародзіў Ярмоленку, Ялфімава і «Тяни-Толкай» (фота)
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ