Re1ikt. Цяпер рамантычны! (аўдыё)
3238 / 0
08.02.2016

Re1ikt. Цяпер рамантычны! (аўдыё)

Пераможцы 6-га туру ў аўдыёчарце прызналіся, што вельмі перажывалі наконт таго, ці прымуць слухачы іх новы лірычны і рамантычны бок.

Вынік галасаваньня зьняў усе пытаньні — песьня «Люцэрна» гурту Re1ikt набрала 620 галасоў і атрымала перамогу ў чарце на Tuzin.fm. «Навіна пра перамогу нас вельмі парадавала, хочам падзякаваць усім, хто не ленаваўся галасаваць за Re1ikt, — кажа аўтар песьні і бубнач гурта Алесь Дземідзенка. — Гэтая песьня займае асаблівае месца ў нашым рэпэртуары. Яна паказвае для слухачоў новы, лірычны і рамантычны бок нашага гурту. Таму мы вельмі хваляваліся, ці ўспрымуць яе гэтак жа слухачы, у тым ліку малазнаёмыя з нашай творчасцю. Людзі нам распавядалі, што ўпершыню пачуўшы „Люцэрну“ на „Тузіне“, адшуквалі альбом і слухалі яго на рэпіце».

Гурт рыхтуе ўжо новыя кампазыцыі. Музыкі інтрыгуюць: «Мы зноў паглыбіліся ў экспэрымэнты. Ёсьць такія песьні, якія сталі сюрпрызам нават для нас саміх, бо такога мы яшчэ ня гралі». Днямі яны скончылі працу над песьняй «Дробненькі дожджык», якая ўвайшла ў «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна». 24 лютага  Re1ikt зайграе яе на канцэрце ў малой залі філярмоніі, які ладзіць Сяржук Доўгушаў з гурта Vuraj з нагоды дня нараджэньня славутага беларускага паэта. Пачуць Re1ikt таксама можна ў найбліжэйшы час у музэі Якуба Коласа. 17 лютага музыкі ладзяць тут акустычны выступ «Кватэрнік у дзядзькі Якуба». А 3 сакавіка Re1ikt зайграе поўным гукам — сольны канцэрт адбудзецца ў клюбе TNT.

Сачыць за навінамі гурта можна празь іх афіцыйныя суполкі ЎКантакце і Facebook.

Tuzin.fm