«Мы такія самыя, як аднавокі чорны хлопчык зь Нью-Джэрзі»
У беларускай музыцы адбыўся прарыў глябальнага маштабу. Упершыню наш музыкант намінуецца на «Грэмі».
Што адбылося. Беларускі музыкант і бітмэйкер, бубнач гурта IQ48 Антон Мацулевіч (Tony Fadd) выклаў сваю музыку ў вольны доступ у сеціве. Яна спадабалася маладому амэрыканскаму рэпэру Ўілі Максвэлу (Fetty Wap), які напісаў на яе словы. Іх сумесны сынгл «Trap Queen» стрэліў неверагодна: дасягнуў 2-й пазыцыі ў Billboard, стаў плятынавым у Амэрыцы, Новай Зэляндыі і Даніі, залатым у Аўстраліі і Вялікабрытаніі. Яго колькасьць праглядаў на Youtube імкнецца да 400 мільёнаў праглядаў (на Soundcloud яшчэ 127 мільёнаў праслухоўваньняў). Трэк зацанілі Jay-Z і Біёнсэй ды перасьпявалі Эд Шыран і Тэйлар Сьвіфт, якія на сёньня ўваходзяць у тройку самых пасьпяховых выканаўцаў у сьвеце. Ролік на песьню прызнаны найлепшым відэа дэбютанта на MTV Video Music Awards. На галоўнай гіп-гоп прэміі ў ЗША BET Hip Hop Awards гэтая праца прызнаная песьняй году, а сам Антон названы прадусарам году (прадусар у іх разуменьні — той, хто ўкладаецца ўменьнямі ды талентам у музыку, а не грашыма і сувязямі, як у паняцьці расейскім). Ну і самы істотны і гістарычны факт, як для беларускай музыкі — упершыню беларус стаў намінантам прэміі «Грэмі». Трэк Антона Мацулевіча «Trap Queen» прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Найлепшая рэп-песьня» (у намінантах тут таксама «All Day» Канье Ўэста з Полам Макартні, «Alright» Кендрыка Ламара, «Energy» Дрэйка і «Glory» Common & John Legend). Выканаўца «Trap Queen» Fetty Wap мае яшчэ і намінацыю «Найлепшы рэп-выступ».
Антон Мацулевіч атрымаў ужо прапановы аб супрацы ад іншых артыстаў. Неўзабаве трэк на яго музыку прэзэнтуе Fall Out Boy. Пры гэтым працягвае граць у IQ48, а нядаўна паўдзельнічаў у запісе новай песьні гурта :B:N: «Хвалі».
Напярэдадні цырымоніі «Грэмі» партал Tuzin.fm папрасіў журналістку і пісьменьніцу Тацяну Заміроўскую, якая цяпер вучыцца ў Амэрыцы, праааналізаваць фэномен «Trap Queen» і яго важнасьць для беларускага дыскурсу.
Песьня Ўілі Максвэла зь Нью-Джэрзі імгненна заваявала амэрыканскі этэр — мінулым летам яна гучала літаральна адусюль, асабліва ў неджэнтрыфікаваных раёнчыках Брукліну. Амаль кожнае аўто, што прыпынялася на сьветлафоре, на ўвесь блёк стрыміла наш беларускі «трэп квін» — і калі я была сьведкай гэтаму ў кампаніі, абавязкова прытанцоўвала з прыпеўкамі «ёў, Беларусь!», каб ведалі, чаму плача песьня наша!
Цалкам зразумела, чаму песенька Fetty Wap сталася гітом і намінавалася ажно на два «Грэмі» (намінацыя «Найлепшая рэп-песьня» дакладна больш тычыцца Антона, а прыз за найлепшае рэп-выкананьне мы з чыстым сумленьнем перадамо Фэцьці). Верагодна, дадзены трэк перацягнуў да сябе гіганцкую колькасьць жаночай аўдыторыі, якая звычайна ня вельмі цікавіцца гіп-гопам, бо традыцыйна жанчына ў такіх песьнях аб’ектывізуецца і стаўленьне да яе так сабе, проста як да цёлачкі. У традыцыйным рэпе жанчына хутчэй трафэй і ахвяра, а тут — бізнэс-партнэр і каралева. Песьня Фэцьці — гімн жанчыне-баявому сябру, напарніцы і супрацоўніцы, адданай і вольнай, маладой і адважнай. Ён сьпявае пра ідэяльныя ўзаемаадносіны. Ён натхняецца і захапляецца сваёй каралевай (а якой дзяўчыне не спадабаецца песьня, дзе няма гідкай аб’ектывацыі, але ёсьць ухваленьне?), сьпявае, як яны разам катаюцца на аўто, кураць траўку, гатуюць на кухні піражкі (зразумела з какаінам — і гэта ня жарт), ходзяць у магаз і праварочваюць небясьпечныя апэрацыі.
Так, дзяўчына — каралева наркагандлёвай хатняй кропкі (trap), і дапамагае свайму партнэру ў вельмі неадназначных справах, бо абое гандлююць наркатой. Але за гэта ён яе і паважае, і кахае. І ўвогуле гэта песьня пра шчасьлівыя нармальныя адносіны зь сюжэтам, неблагім для крымінальнага блокбастэру пра жыцьцё ў нашым гета. І так, гэта такі гімн, якому могуць падпяваць жанчыны — а гэта ж палова аўдыторыі! Таму ня дзіўна, што песьня адразу ўзьляцела. Ну і канечне, тое, што называецца catchy beat, таксама адказвае за папулярнасьць песьні. І гэта ўжо заслуга Антона, няма ніякіх сумневаў. Выдатная песьня наклалася на круты біт.
Ці лічыць гэта здабыткам беларускай культуры? Я лічу, што трэба лічыць. Бо тут мы маем справу зь нейкім прарывам культурных і сацыяльных меншасьцяў. Просты чорны хлопец зь Нью-Джэрзі цяпер здолеў купіць сваёй маці дом, а таксама на заробленыя грошы дапамагае іншым маладым рэпэрам са сваей суполкі ў Джэрзі. То бок, праца на карысьць меншасьці. Песьня ўхваляе вобраз моцнай самастойнай прыгожай жанчыны, не аб’ектывізуючы яе? Выдатна — гэта практычна фэміністычны рэп, які працуе на карысьць сусьветнай барацьбе за правы жанчын. Беларуская культура таксама ў складанай сытуацыі? Безумоўна. Мы меншасьць? Так. Нам складана? Канечне. Таму гэта нашая песьня, і яна таксама пра нас. Адчуў жа ў Антонавым біце Ўілі штосьці сваё! Мы такія ж самыя, што і аднавокі чорны хлопчык з Джэрзі. І нас таксама калі-небудзь пачуюць.
Антон Мацулевіч на прэміі BET Hip Hop Awards, фота адсюль
Напярэдадні цырымоніі «Грэмі» мы папрасілі выказацца пра працу Антона Мацулевіча беларускіх экспэртаў.
Сяргей Філімонаў, аўтар і вядучы праграмы «Відзьмо-невідзьмо»:
«Мне прыемна чуць меркаваньне адмыслоўцаў у гэтым музычным кірунку, што наш Мацулевіч здолеў скласьці ці адшукаць сьвежы гук. І я шчыра зычу хлопцу перамогі. Гэта сьведчыць пра тое, што беларусы здольныя трымаць руку на пульсе розных актуальных музычных кірункаў у сьвеце».
Vinsent, сьпявак:
«Вельмі цешуся посьпеху Антона. Я даўно ведаў, што ён займаецца напісаньнем бітоў. Безумоўна, ў гэтым яму дапамагае выдатнае пачуцьцё рытму, ягонай асабістай музычнасьці. Я гэта адчуў падчас сумеснай працы над песьняй „Дай сілы“ разам з гуртом IQ48, дзе Антон зьяўляецца бубначом. Ён, безумоўна, мае вялікі талент, я ганаруся, што наш беларускі бітмэйкер дасягнуў такога посьпеху ў ЗША. Мяне зьдзіўляюць людзі, якія кажуць, што посьпех Антона выпадковы. Ягоны посьпех зьвязаны зь вялікай працай, якую ён зрабіў раней. Tony Fadd — гэта прафэсійны бітмэйкер. Проста дзякуючы інтэрнэту, сёньня магчыма ўсё. Ты можаш пісаць свае біты ў Менску ў раёне мэтро Пушкінская, а дасягнуць посьпеху ў Нью-Ёрку і Лос-Анджэлесе».
Зьміцер Падбярэзскі, найстарэйшы беларускі музычны журналіст:
«На маёй старэчай памяці гэта першы выхад на „Грэмі“ зь беларускага боку. Былі расейцы, у акадэмічнай музыцы і нават аднойчы ў кантры, а для беларусаў — гэта прэцэдэнт. Думаю, што ў сытуацыі з Антонам — клясычная ўсьмешка лёсу: трапіў у патрэбнае месца ў належны час. Таму прыкладаў шмат. І адначасова — мала. Нават калі ён не атрымае нічога — гэта ўжо посьпех, якога не было яшчэ».
Сяргей Комар, саўндпрадусар Макса Каржа:
«Адразу як дазнаўся пра „Trap Queen“, то парадаваўся, што гэты біт зрабіў наш беларус. Паслухаў на добрай акустыцы, усё прафэсійна зроблена, прычасана. Ён надта добра патрапіў якраз у філязофію амэрыканскага рынку, па аранжыроўцы арыентавана на іх публіку. У нас бы гэта не закаціла, рынак тут вельмі вузкі. Рады, што ў нас адбываюцца часам такія касьмічнага маштабу дзьвіжухі. Гэта формула посьпеху, якую разгадаць няпроста ды і самі людзі, якія нечага дасягнулі, часам ня могуць гэта патлумачыць. Дакладна тое, што такія рабяты знаходзяцца перадусім у гармоніі з самімі сабою. Але ў нашай краіне гэта адзінкавыя выпадкі, хоць вельмі шмат крутых трэкаў робіцца беларусамі, якія нікуды не ідуць і якія ніхто ня чуў» (з інтэрвію Сяргею Будкіну для Budzma.by)
58-я цырымонія «Грэмі» адбудзецца ў Лос-Анджэлесе 16 лютага ў 4:00 раніцы па беларускім часе. Паглядзець яе можна он-лайн па гэтай спасылцы.
Матэрыял падрыхтавалі Сяргей Будкін, Натальля Стрыжак, Tuzin.fm, фота — Аляксандар «Tarantino» Ждановіч
У намінацыі "Найлепшая рэп-песьня" перамог Кендрык Ламар, але ўсё адно віншуем Антона з такім прарывам!
КАМЕНТАВАЦЬ