«Спасылка на Канстытуцыю адхіляецца». Суд тлумачыць, чаму ўзяў бок ідэолягаў (+анонс канцэрта Алеся Дзянісава!)
8182 / 0
06.10.2017

«Спасылка на Канстытуцыю адхіляецца». Суд тлумачыць, чаму ўзяў бок ідэолягаў (+анонс канцэрта Алеся Дзянісава!)

Кіраўнік TuzinFM атрымаў пастанову апэляцыйнай інстанцыі Эканамічнага суду Менску, у якой патлумачана чаму ідэолягі маюць права забараняць канцэрты. Тым ня менш, канцэрт Алеся Дзянісава ў Менску адбудзецца!

Разгляд апэляцыі ў справе «TuzinFM супраць ідэолягаў» прайшоў 20 верасьня. Cудзьдзі Дзьмітры Язьвінскі, Сьвятлана Марчук і Васіль Данілюк разглядалі скаргу кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна. У ёй аспрэчвалася рашэньня суду першай інстанцыі, які прызнаў законнымі дзеяньні менскіх ідэолягаў у справе забароны канцэрту музыкі Алеся Дзянісава. У суд дадаткова былі прадстаўленыя дакумэнты, якія сьведчаць, што на ранейшыя канцэрты Алеся Дзянісава ідэолягі выдавалі гастрольнае пасьведчаньне, сьведчаньне таго, што Алесь Дзянісаў браў удзел у канцэрце да 80-годьдзя Народнага артыста СССР Сяргея Картэса на асабістае запрашэньне юбіляра, матэрыялы СМІ, зь якіх вынікае, што ідэолягі прымалі рашэньне аб «нізкім мастацкім узроўні выкананьня» Алеся Дзянісава на падставе тэкстаў. Ну і самі тэксты — афіцыйна выдадзеная кніга «Кароткая гісторыя Беларусі» сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Міжнароднага ПЭН-клюбу Алеся Чобата.

Падтрымаць кампанію «TuzinFM супраць ідэолягаў»

Адвакат апэлянта Сяргей Зікрацкі спасылаўся ў сваіх довадах на Канстытуцыю Беларусі, у якой вядзецца пра немагчымасьць цэнзуры. «Калі дапусьціць нават тое, што твор мае нізкі мастацкі ўзровень, гэта аніяк не парушае інтарэсы нацыянальнай бясьпекі, грамадзкі парадак, ахову маралі, здароўя, правоў і свабодаў іншых грамадзян», — зазначаў абаронца. І наогул — Канстытуцыя, якая гарантуе свабоду выказваньня, вышэй за іншыя нарматыўныя акты, у тым ліку за кодэкс «Аб культуры», які па-сутнасьці дае права ідэолягам цэнзураваць канцэрты. Свабоду выказваньня грамадзянам гарантуе і міжнародны пакт ААН «Аб грамадзянскіх і палітычных правах», да якога далучаная і Беларусь. Адвакат таксама зьвярнуў увагу суду на тое, што і сама працэдура ацэнкі вартасьці мастацкага ўзроўню была праведзеная з парушэньнямі — ацэньвалася не выкананьне, а тэксты песень; не былі ўказаныя крытэры ацэнкі, па якім было прынятае такое рашэньне; адсутнічае заключэньне мастацкага савету, ёсьць толькі пратакол паседжаньня.

«Патлумачце, якім чынам мастацкі ўзровень Алеся Дзянісава зьнізіўся за два гады, бо ў 2015 годзе на яго канцэрт выдавалі гастрольнае пасьведчаньне, а ў 2017 адмовілі?» — пыталася судьдзя ў ідэоляга Шастакова. Той хваляваўся і нічога ўцямнага адказаць ня здолеў, толькі схаваўся за свае паперкі. «А што значыць нізкі мастацкі ўзровень? У складзе камісіі няма людзей, якія сьпяваюць, як тады яны могуць ацаніць?» — спыніла Сьвятлана Марчук мармытаньне ідэоляга. А той зноў занурыўся ў цытаваньне кодэксу аб культуры. (Працяг захапляльнага дыялёгу судзьдзі з ідэолягам — па спасылцы). Каб абараніць свой орган, ідэоляг Шастакоў нават пайшоў на адкрытую хлусьню, заявіўшы, што на паседжаньні мастацкага савету пры ідэалягічным упраўленьні, яны слухалі музыку Алеся Дзянісава, хоць у пратаколе паседжаньня было пазначана, што яны чыталі толькі прадастаўленыя тэксты песень, што пацьвердзіў у камэнтары для «Еўрарадыё» і адзін зь сябраў гэтай камісіі Аляксей Кісялёў.

Ідэоляг Аляксандар Шастакоў, які хлусіў у залі суду, фота stv.by

Нягледзячы на відавочную сымпатыю судьдзі і відавочныя довады супраць ідэолягаў, суд пасьля перапынку абвесьціў сваё рашэньне: апэляцыю Сяргея Будкіна пакінуць без задавальненьня. Аргумэнтацыя гэтага рашэньня была складзена праз тыдзень пасьля прыняцьця рашэньня і атрыманая поштаю на днях.

«Спасылка апэлянта на артыкулы 21, 23, 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь… адхіляецца з прычыны таго, што прадметам разгляду ёсьць абскарджваньне дзеяньняў Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы…, пры зьдзяйсьненьні якіх зацікаўленая асоба кіравалася заканадаўствам… Паколькі зацікаўленая асоба кіравалася дзеючым заканадаўствам, падставаў для задавальненьня патрабаваньняў сыходзячы з заяўленага прадмету патрабаваньняў няма», — вядзецца ў матывацыі рашэньня. Ідэолягам законам дадзеныя паўнамоцтвы адмовіць у выдачы гастрольнага пасьведчаньня, таму суд першай інстанцыі зрабіў правільныя высновы, канстатуе апэляцыйная інстанцыя.

Спампаваць пастанову апэляцыйнай інстанцыі Эканамічнага суду цалкам (.zip)

Па законе гэтае рашэньне можа быць абскарджанае апошні раз — у найвышэйшай інстанцыі, Вярхоўным судзе Беларусі, але вырашана на гэтым спыніцца. «Гэты працэс мы разглядалі як кампанію па данясеньні інфармацыі аб цэнзуры ў музычнай сфэры. І ён ужо ўвайшоў у гісторыю.  Дзякуючы суду мы раскрылі мэханізм забароны, здабылі дакумэнты, якія нам адмаўляліся прадастаўляць раней, дазналіся пра асобы людзей, якія маюць дачыненьне да гэтых дзеяньняў, злавілі ідэоляга Шастакова на хлусьні проста ў залі суду. Скарга ў Вярхоўны суд тут прынцыпова нічога не дадае, таму надалей будзем займацца тым, чым павінны ­— прасоўваць беларускую музыку, ладзіць канцэрты і культурныя праекты, пры гэтым працягнем маніторыць дзеяньні чыноўнікаў у музычнай сфэры і фіксаваць злоўжываньні і парушэньні, каб яшчэ вярнуцца да разгляду гэтага пытаньня ў будучыні», — зазначае Сяргей Будкін.

Сяргей Будкін каля Эканамічнага суду Менску, фота Радыё Свабода

Канцэрт Алеся Дзянісава з прэзэнтацыяй праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» ўсё адно будзе праведзены 19 кастрычніка ў клюбе «ILI» ў 19:00. У ім таксама возьме ўдзел гітарыст гурту Dzieciuki Аляксей Пудзін. Паколькі ўваход на мерапрыемства будзе вольны, згоды ідэолягаў на ягоную арганізацыю не патрабуецца.

TuzinFM, загалоўнае лёга і дызайн афішы Наста Шастак