Brutto: «Мы хочам сьпяваць у сваёй краіне. І за намі праўда» (відэа)
7151 / 2
01.03.2016

Brutto: «Мы хочам сьпяваць у сваёй краіне. І за намі праўда» (відэа)

Менскія ўлады ня выдалі гастрольнае пасьведчаньне Brutto на заяўлены канцэрт у Палацы спорту. Камэнтар Сяргея Міхалка і прадусара гурта Антона Азізбекяна.

Сваё вострае жаданьне выступаць на Радзіме Сяргей Міхалок абазначыў у звароце пры канцы студзеня 2016-га да ўмоўнага беларускага «міністра культуры». Фактычна пасыл быў адрасаваны не канкрэтнаму чалавеку, які займае цяпер гэтую пасаду, а ўсім мясцовым чыноўнікам, адказным за ідэалёгію. Прадусар гурта Антон Азізбекян прыехаў у Менск з Кіева, дзе цяпер базуецца беларускі гурт, каб падаць адпаведныя дакумэнты ў Менгарвыканкам. Быў заяўлены выступ у Палацы спорту на 27 траўня.

«Мы вырашылі рабіць канцэрт у Палацы спорту, бо гэта была адзіная пляцоўка, якая адказала на пытаньне пра наяўнасьць свабодных датаў. Менгарвыканкам нам параіў менавіта яе. Мы абралі 27 траўня, на наступны дзень пасьля канцэрту гурта „Звери“, каб не разьбіраць сцэну і гук зь сьвятлом», — распавёў Антон Азізбекян у камэнтары для Tuzin.fm.

Антон Азізбякян перад уваходам у Менгарвыканкам, фота з рахунку ў Facebook

Заява гурта разам з тэкстамі была разгледжаная і ў выніку не задаволеная. Але адмова не была зьвязаная, як у выпадку з Вайцюшкевічам з пунктам, дзе вядзецца пра экстрымізм, гвалт і парнаграфію, і не з уцечкай этыленгліколю, як у выпадку з фэстам «Арт-сядзібы».

«Нам далі адказ са спасылкай на інфармацыю, якую прадаставіў Палац спорту, што дата, якую дала пляцоўка ў выніку апынулася занятай мантажам абсталяваньня. І сказалі, каб мы выбіралі іншую дату. Ад ідэі правядзеньня канцэрту ў Менску мы не адмаўляемся — цяпер узгадняем іншую дату. У нас няма адчуваньня бегу па зачараваным коле. І сам я аптыміст ды рэаліст. За намі праўда і мы нічога не парушылі, у адрозьненьне ад „Лениграду“. Мы пяць гадоў тут не выступалі і хочам сьпяваць у сваёй краіне. І ў мяне ёсьць унутранае адчуваньне, што так і будзе. Я яму заўжды давяраю», — кажа Антон Азізбекян.

Сяргей Міхалок, Сьвятлана Зелянкоўская і Макар у Менску, фота з афіцыйнай суполкі Brutto

Сяргей Міхалок з гэтай нагоды запісаў чарговы відэазварот, у якім выказаў упэўненасьць, што канцэрт Brutto ў Менску абавязкова адбудзецца. Музыку ўзрушыў таксама факт, што чыноўнікі з выканкаму запрасілі вярнуцца яго разам з жонкай Сьвятланай Зелянкоўскай і сынам Макарам на Радзіму.

Дадаткова праз афіцыйны акаўнт гурта лідэр Brutto заявіў:

 «Я пяць гадоў не выступаў у Беларусі! Гэта вялізарны тэрмін — цэлая эпоха! Пайшоў у іншы сьвет мой бацька, вырас і ажаніўся старэйшы сын, нарадзіўся Макар… Я вельмі хачу прынесьці карысьць Радзіме, пакуль я яшчэ ў форме. Маё пакліканьне — быць на сцэне. Я гэта давёў сваім 25-гадовым творчым шляхам і заслугоўваю права на ўвагу публікі. Паводле маіх песень людзі рэстаўруюць свае ўспаміны: пад „Ау“ прайшоў выпускны, пад „Евпаторию“ — служба ў войсках, пад „Капітал“ — сканчэньне інстытуту. Мой творчы патэнцыял цяпер на пад’ёме — Brutto дапамагае рэалізоўваць любыя задачы. Засталося ўвасобіць самую запаветную мару — граць канцэрты ў Беларусі. І я ведаю, што гэтае жаданьне супадае з жаданьнямі тысячаў землякоў. Наша возьме!!!»

Найбліжэйшыя канцэрты Brutto пройдуць ва Ўкраіне 4 сакавіка (Кіраваград), 5 сакавіка (Барыспаль). 12 сакавіка разам з гуртом Dzieciuki гурт Міхалка дае супольны канцэрт у Лядовым палацы ў Беластоку.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Vadim Mojeiko / адказаць
    02.03.2016 / 00:00

    мы нічога не парушылі, у адрозьненьні ад "Лениграда". --- Гэта наогул што і аб чым?..

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    02.03.2016 / 09:18

    Наколькі мы зразумелі, маецца на ўвазе выпадак, калі Гэнпракуратура Беларусі забараніла "Ленінграду" нецэнзурна лаяцца на сцэне. Пашукайце ў сеціве, было некалькі год таму. Тэксты Міхалка жа, як засьведчыла ідэалягічная праверка, крыштальнай чысьціні:).

  • КАМЕНТАВАЦЬ