Двайная перамога :B:N: (відэа+аўдыё)
2934 / 0
27.03.2016

Двайная перамога :B:N: (відэа+аўдыё)

Альбом «Шукай сваё» прызнаны найлепшым у СD-чарце, а кліп на песьню «Попел» — найлепшым відэа месяца на Tuzin.fm.

Гурт :B:N: зрабіў тое, што рэдка ўдаецца — атрымаў перамогу адразу ў двух чартах за месяц. Кліп рэжысэра Антона Мамоненкі на песьню «Попел» з вынікам у 294 галасы фінішаваў першым у відэачарце. Альбом «Шукай сваё» стаў пераможцам у CD-чарце з вынікам у 327 галасоў. Крыху не хапіла гурту, каб упершыню ў гісторыі «Тузіна» сьвяткаваць адначасовую перамогу адразу ў трох чартах — іх твор «Хвалі» па выніках галасаваньня ў песенным чарце замкнуў тройку лідэраў.

«Прыемна, што атрымаўся дубль! — радуецца вакаліст гурта Алесь Лютыч. — Мне здаецца, што наогул павялічылася колькасьць тых, хто сочыць за гіт-парадам і галасуе, таму што у гэты раз нават альбом дабраўся да першага месца. І увогуле, чарт альбомаў моцны падабраўся». Алесь зь цікавасьцю назіраў за барацьбой і ў яго былі свае ўлюбёнцы. Сярод іх — гурт Shuma з альбомам «Жніво». «Асабліва хачу адзначыць гэтую працу. Вельмі якасна, якасна не па-беларуску нават, а па-эўрапейску. Хто ня чуў яшчэ, раю паслухаць і не адзін раз. Мне вельмі добра зайшоў гэты альбом, калі я ехаў да бацькоў у Бярозу і ў машыне яго слухаў»

У найбліжэйшы час :B:N: можна будзе пачуць 3 красавіка ў акустычным фармаце ў менскім Music Hall (былы «Гудвін»). Канцэрт іх адбудзецца пры ўдзеле адмысловага госьця —Аляксандара Памідорава. Адмыслова да гэтага выступу гурт падрыхтаваў у тым ліку акустычны варыянт песьні «Хвалі».

Tuzin.fm