Алесь Круглякоў: «Нават у ромбакубаактаэдры можна знайсьці натхненьне»
3379 / 0
02.12.2016

Алесь Круглякоў: «Нават у ромбакубаактаэдры можна знайсьці натхненьне»

Назіральнік месяца на Tuzin.fm упэўнены: калі муза п’е ўсю ноч, нават зь сякеры можна зварыць добрую кашу. Алесь Круглякоў піша пра ўдзельнікаў чартаў, якія яго ўразілі, пасьмяшылі, а ў нечым расчаравалі.

Пачну дзяліцца назіраньнямі зь відэачарту.

Нягледзячы на папулярнае меркаваньне пра тое, што сёньня кожны школьнік можа зьняць кліп на айфон і змантаваць на каленцы, галоўнае правіла ніхто не адмяняў: добрае відэа танным быць ня можа. Ёсьць і іншае правіла: беларускае відэа рэдка бывае дарагім. Шоўбіз у нас усё ж не такі заможны, як у Маскве, Кіеве ці нават Астане. Артыстам і прадусарам часта не хапае на б/к мэрсэдэс ці апаратуру — дзе тут казаць пра вялікія бюджэты на кліпы! Паўнавартасны «кіношны» здымачны працэс мог сабе калісьці дазволіць толькі Саладуха — і тое ў далёкія 90-я, калі нават мабільнік быў прыкметай круцізны.

Таму разважаць можна хіба што пра тое, чыё аматарскае відэа меней аматарскае. Сацыялістычнае спаборніцтва мясцовых кліпаў — гэта не вайна тэхналёгіяў і спэцэфэктаў, гэта канкурэнцыя ідэяў, якія толькі і могуць неяк адасобіць адзін твор ад іншага.

Адразу кідаецца ў вочы любоў нашых кліпмэйкераў да чорна-белай карцінкі. Нібыта рэжысэры эканомяць грошы на дарагой каляровай стужцы, якая каштуе па сем тысяч даляраў за катушку. У адных («Яна») гэта тлумачыцца стылістыкай Дэйвіда Лінча (ага, у абласной аднапакаёўцы), у іншых («Белая вада») па сцэнары проста дрэннае надвор’е. Ладна, пра густы не спрачаюцца, але я ўсё адно не зразумеў, навошта героі манахромнага «крамаўскага» кліпа стаяць пад дажджом у сонечных акулярах.

Ці вось відэа на кампазыцыю «Юр’я»: клясычны прыклад творчасьці пад дэвізам «Здымаем вясельлі-карпаратывы-барміцвы. Нядорага». Калі аднойчы аб’явяць кастынг на конкурс «Жабінка мае талент», то прыкладна такія дэма-кліпы можна прымаць да разгляду адборачнай камісіі. Не сумняваюся, што пройдуць. Хаця, што наракаць: вы бачылі калі-небудзь канал мясцовага польскага шансону? Там гэта — амаль што стандарт. Шчырыя дажыначныя твары з бубнамі і гармонікамі, плюс яшчэ хлопцы ў трэніках і кепках чытаюць польскі рэп. Адное слова — Эўразьвяз! Дык чым мы горшыя?

Яшчэ адзін прыклад выдатнага хоўм-відэа — кліп на песьню «Мой горад». Прыемна, пагадзіцеся, праз шмат гадоў прыляцець адкуль-небудзь «from Miami Beach, BOAC» адразу на малую радзіму: у Мазыр ці Ашмяны. Пракаціцца на электрычцы, прайсьціся па старых дварах, раздаць сябрам жвачкі і прывітаньні з далёкага замежжа. Акрамя шчымлівых кантры-інтанацыяў, так блізкіх кожнаму беларусу, варта асабліва адзначыць вынаходлівы рэжысэрскі прыём: сучасныя здымкі арганічна спалучаюцца з кадрамі старой хатняй кінахронікі, зьнятымі ў шчасьлівым савецкім дзяцінстве. Сабраны падчас падарожжа матэрыял будзе ня сорамна потым паказаць унукам і сяброўкам па працы. Ну, і гледачам музычнага чарту, зразумела.

Канечне, для стварэньня шэдэўра зусім не абавязкова выяжджаць на натурныя здымкі — у нашыя часы нават цягнік да Мазыру каштуе нятанна. Можна ўзяць белы фон, лілею, сьвечку, бутэльку віна і — вуаля, дэкарацыі для кліпу «Муза» гатовыя. Грымёры лёгка зробяць з выканаўцы хоць сіняга Крышну, хоць панначку зь «Вія», галоўнае — не ўпускаць дробных дэталяў і па-майстэрску разьбіць кадар на дзьве часткі, каб атрымалася ілюзія экшэну. Калі муза п’е ўсю ноч, нават зь сякеры можна зварыць добрую кашу.

Паўтаруся: бюджэт кліпу — справа, можа, і ня першасная з пункту гледжаньня творцы, але дакладна не апошняя. Інакш можна задумаць маштабны сюр у стылі «Pink Floyd» ці Пітэра Гэбрыела, а на выхадзе атрымаць васьмібітную кампутарную сымуляцыю для песьні «Дым», якая цягне хутчэй на карцінку для LED-экрана на сцэне, чым на самастойны відэакліп. Можна, канечне, як «Час лайна», увогуле адмовіцца ад усялякіх эфэктаў і сцэнарыяў і хуценька запісацца зь сябрамі на сцэне школьнай актавай залі, пакуль вахторка не прыбегла. Але ў гэтым выпадку будзьце гатовыя падмацаваць свой намер нейкім гучным сацыяльным пасылам, каб моладзь краіны задумалася, што лепей: «быць трусам» або «ня быць скотам»? Тады, можа, і здымкі ў актавай залі пракацяць.

Песьню «Гэй, мама» пра возера і «голых дзевак карагод» вельмі зручна зацягваць зь сябрамі на застольлях, вясельлях і ў кабаках, калі ведаеш словы, зразумела. Хаця, для харавых сьпеваў усе словы і не патрэбныя. Энэргэтыка песьні перадаецца і кліпу, хоць ніякіх асаблівых вынаходніцтваў у відэашэрагу і няма. Але зьлеплена ўсё даволі дабротна, так што ня сорамна ні перад Вольскім, ні нават перад «Воплямі Відаплясава». Асаблівы дзякуй «Тузіну» за вэрсію без цэнзуры — хаця, пры бліжэйшым разглядзе, яна апынулася «вэрсіяй самацэнзуры».

У наступных двух кліпах галота з розным посьпехам ходзіць вакол балота — прынамсі, прыгожых лясоў і балотаў у нас хапае, едзь ды здымай. Пры іншых роўных умовах, канечне, у каманды Насты Шпакоўскай атрымалася больш выціснуць са стандартных дрэваў-траваў-хваляў: тут вам і дым з кантравым святлом, і здымкі з дронаў, і вожыкі (прабачце, коні) у тумане. Аднак у музычным пляне гучаньне Re1ikt падалося больш цікавым у параўнаньні з Naka, якая ўвесь час вымушаная падбіраць «неліцэнзаваныя» ноты да купалаўскага вершу. Калі мэтаю песьні становіцца адказ Чэмбэрлену (у дадзеным выпадку — Моўчану), губляецца пэўная лёгкасьць і навізна, а ў вушах усё роўна гучыць папярэдні варыянт.

Затое, хто ва ўсю моц разгарнуў патэнцыял натурных дрона-здымкаў, дык гэта гурт «Без білета». І хоць словаў у тэксьце нават меней, чым нулёў у вашай зарплаце, дух друідаў а-ля «Deep Forest» надае старому гіту новае гучаньне. Асобная падзяка асыстэнтам па падборы натуры — можна 100 гадоў пражыць у Беларусі і ня ведаць, што ў нас існуюць такія краявіды. Ну і канечне, шмат залежыць ад таго, як гэта зьняць. З пункту гледжаньня якасьці відэапрадукту — гэта ці ня лепшы кліп туру.

Таксама хацелася б адзначыць работу дзяўчат з «Коліру» — як музычную, так і сцэнарную. Вось вам выдатны прыклад, як нават у ромбакубаактаэдры нацыянальнай бібліятэкі можна знайсьці натхненьне, мэлядызм і гармонію. І не кажыце нам потым, што ў шэрай менскай архітэктуры можна здымаць толькі змрочны постапакаліптычны панк ці парадныя шэсьці трактараў зь фізкультурнікамі.

Цяпер да аўдыёчарту.

Пасьля папярэдняга туру, я, прызнацца, чакаў пачуць чарговую порцыю «старых песень аб галоўным» — ад заежджанага фольку да самадзейнага капіяваньня замежных знаходак. Але нешта мяняецца ў Дацкім каралеўстве, бо асобныя нумары сталі прыемнай неспадзяванкай. Адразу заўважу: мой асабісты чарт не зусім супадае з народным, але на тое мы і жывем у свабоднай краіне, каб не пагаджацца, ці ня праўда?

Пачну з рэгі-кампазыцыі «Дзякуй Богу» Пінхаса Цынмана. У яе, акрамя даволі стандартнай мэлёдыі, і тэкст таксама немудрагелісты: колькі ўжо рок-блюз акынаў пелі пра тое, як усталі зранку, пачысьцілі зубы, зрабілі зарадку і выпілі кавы? Па лёгіцы, далей Пінхас павінен быў сьпець пра дзяўчыну, якая цішком зьбегла зь ягонай кватэры, пакуль ён спаў. Але не — выканаўцу накрывае хваля ўдзячнасьці Творцу за тое, што ён мае ў жыцьці. Такі вось Thanksgiving Day у адной асобнай песьні. Увогуле ж гэта даволі бадзёрая і аптымістычная кампазыцыя, з прыемным вакалам і аранжыроўкай. Яе без напругі можна слухаць у плэеры па дарозе, напрыклад, у ЖЭС ці на Камароўку.

Пабачыў назву «Асьцярожна, лістапад», і адразу падумалася: няўжо зрабілі кавэр на Пугачову? Аказалася, не — песьня на верш Бураўкіна. Лёгкая лірычная кампазыцыя, здольная падсаладзіць традыцыйную беларускую восеньскую дэпрэсію. Нельга сказаць, што мэлёдыя вельмі запамінальная, але ж як пранікнёны мядляк у рэстарацыі, раслаблены лаунж пад кактэйль, ці то проста як «elevator music» — самае тое. Карацей, жаданьне Пятра Клюева даказаць, што можна і ў Беларусі рабіць «якасныя рэчы, якія пойдуць у народ» цалкам спраўдзілася. Наколькі далёка гэтая песьня пойдзе ў народ — ня ведаю, але відавочна, што крок убок ад местачковага эстраднага мэйнстрыму яна зробіць.

Берасьцейскі «Сразу май» аказаўся зусім ня «ласкавы» — у сэнсе, што ніякіх паралеляў з творчасьцю Юры Шатунова не прасочваецца. Хоць, канечне, хлопцы таксама імкнуцца трымацца ў фарватэры модных сучасных плыняў. Іншым разам, здаецца, дай песьню «Небасхіл» прасьпяваць якой-небудзь Арбенінай — і ніхто б не здагадаўся, хто аўтар. А ў прыпеве, чамусьці, чуюцца ноткі яшчэ адной нашай суайчынніцы — Дакоты, калі яна сьпявае пра «запалкамі мокрымі». У астатнім жа — даволі прыемная кампазыцыя, як кажуць, «модна-стыльна-маладзёжна». «Тузін» кажа, што песьня можа стаць у гурта галоўным гітом, але хай яна застаецца галоўным гітом выключна гэтага году. Тут галоўнае — не губляць імпэту.

Кліп на песьню «Душа-яліна» было, перш за ўсё, прыемна глядзець. Прынамсі спачатку, пакуль там паказвалі гарачых прыгажунь у шорціках ды сукенках. А потым да іх прыехалі хлопцы на «Лэнд-крузеры» і сапсавалі ўсё ўражаньне. Хто іх, урэшце, клікаў? Канечне ж, я разумею, што бяз хлопцаў там аніяк — трэба ж камусьці выдаваць гранжавыя рыфы і лупіць па барабанах. Інакш засталіся б ад песьні адныя паганскія сьпевы самотных русалак, больш прыдатныя для купальскага вогнішча, чым да нацыянальнага гіт-параду. Фальклёрная школа яўна не адпускае беларускіх музыкаў — ня важна, якога ўзросту. Застаецца спадзявацца толькі на майстэрства аранжыроўкі, здольнае пераўтварыць любы сялянскі рэчытатыў у «дзіця пастмадэрнізму». Што ў выніку і атрымалася.

Прызнаюся: дагэтуль я ня чуў гурт «Ілюжан». Таму на першых акордах кампазыцыі «Як ніколі раней» не зразумеў: ці гэта жарт? Такія гукі звычайна запраграмаваныя ў танных кітайскіх сынтэзатарах, набытых дзе-небудзь на Ждановічах. А можа, гэта тонкая пародыя на нейкіх «паўэр-поп-выканаўцаў»? Але потым трэк, як кажуць, раскачагарыўся, дадаліся басы і рытм-сэкцыя, флейты-скрыпачкі, аб’ём і настрой. І ведаеце што? Атрымалася нечакана цікава! Падсьвядома адзначыў для сябе, што пад такую песьню лёгка ехаць за рулём куды-небудзь па шырокай шашы — у мяне ёсьць цэлы сьпіс так званых «дарожных» трэкаў. Ну, і нарэшце: каму цікава пачуць, як бы гучаў брытанец Міка на беларускай мове — вам сюды. Адназначна кандыдат у першую тройку маіх фаварытаў.

Гурт Pauline, здаецца, стварыў сапраўдны гімн пакаленьня гаджэтаў. Як па-прароцку жартаваў Аркадзь Райкін, «дом вялікі, народу шмат, а пагаварыць няма з кім». Гэта пра нас — жыхароў сацсетак і карыстальнікаў смартфонаў. Вядома, песьня мае добрую літаратурную аснову, але ж немалая справа — пакласьці верш на адпаведна якасную мэлёдыю. Плюс, канечне ж, выдатны вакал Паліны Цімохінай. Атрымалася глыбока і пранікнёна, уражаньня не псуе нават занадта простая аранжыроўка. Хацелася б, канечне, пачуць больш вынаходлівую інструмэнтальную палітру, але нават у існуючым выглядзе песьня гучыць даволі якасна. Яшчэ адзін прыемны нефарматны сюрпрыз у акіяне заежджанай папсы.

«Апошні зонг» — гэта такі патасны пацыфісцкі трэк у стылі «Mama put my guns in the ground. I can’t shoot them anymore». Амаль што цытата зь сёлетняга нобэлеўскага ляўрэата, толькі выконваецца з інтанацыямі БГ, які па-ранейшаму намякае, што «этот поезд в огне». Песьня даволі моцная, каб не згубіцца на фоне песы Брэхта, для якой, уласна, і была напісаная. І занадта актуальная, каб застацца выключна ў межах тэатральнай сцэны. Не зьдзіўлюся, калі ў «сьвятле апошніх рэаліяў» яна стане ня менш знакавай, чым, напрыклад, «Воины света» Міхалка. Увогуле ж, не перастаю зьдзіўляцца шматграннасьці талентаў нашых тэатральных актораў, якім часам становіцца зацесна на падмостках, і яны імкнуцца прымяніць сябе ў іншых жанрах.

Хоць Андрусь Такінданг і лічыць для сябе песьню «Ён і Яна» выхадам з зоны камфорту, асабіста мяне яна якраз у гэтую зону зацягнула. А менавіта — выдатная вакальная прапрацоўка, якая, шчыра кажучы, і зрабіла ўсю кампазыцыю. Пра інструмэнтальны бок казаць няма чаго — ён хутчэй схематычны, камэрны. «Рэху» варта б дамовіцца зь Фінбергам ці Бабарыкіным — з моцным аркестровым складнікам гэта будзе сапраўдная бомба, здольная ўзарваць беларускі шоўбіз, у які, па прызнаньні музыкаў, яны вырашылі пагуляць. Урэшце — чаму б не? «J:Moрс» пасправабаў жа, і, кажуць, нават няблага атрымалася.

«Горадзе наш», насамрэч, дакладней было б назваць бардаўскім нумарам. Калі турысты-авантурысты ля вогнішча стомяцца ад рамантычных Візбара і Міцяева, а душа папросіць чагосьці змрочнага і беларускага — тут вам бац! — гэтая песенька. І хоць віялянчэль у лес, натуральна, ніхто не пацягне, можна абмежавацца адной-дзьвюма гітарамі, кампазыцыя ад гэтага шмат ня згубіць. Да таго ж у сярэдзіне пачынаецца такая інструмэнтальная «сон-трава», што палова слухачоў незаўважна распаўзецца па намётах. Галоўнае, не казаць нікому, што другі куплет — напрыканцы песьні — цалкам паўтарае першы. А то па намётах распаўзецца і астатняя палова. А калі бяз жартаў — я ўяўляю сабе гэтую песьню хутчэй як саўндтрэк да якога-небудзь айчыннага фільму. Пажадана містычнага. І ні ў якім разе не пра партызанаў.

Я ня надта вялікі спэц у гэві-мэтале, каб ацэньваць мастацкія якасьці гурта Sakramant. На мой сьціплы погляд, усё гучыць даволі якасна, асабліва гэтыя прыемныя для вушэй устаўкі з духавымі інструмэнтамі  і сынтэзатарам. Што тычыцца вакалу, то да яго, наколькі я ведаю, мэталісты ніколі не прад’яўлялі асаблівых патрабаваньняў. Упэўнены, у хлопцаў вялікая колькасэць фанатаў яшчэ з часоў «Літвінтроля», інакш яны б ня трапілі на першыя пазыцыі у гіт-парадзе. Але ўласна я ня ведаю, колькі іх кампазыцыяў запар змог бы асіліць. Нічога асабістага тое ж магу сказаць і пра Metallica, Sepultura і г. д. Проста жанр, як кажуць, на аматара.

Вось хто, скажыце, перашкаджаў спадару Uzari падрыхтаваць да свайго выступу на «Эўравізіі» нешта падобнае? Нават Маймуну са скрыпкай мог бы пакінуць, справа ў іншым. Там, наколькі я ведаю, беларускамоўных песень дагэтуль так і не гучала. Атрымліваецца, што нацыянальныя экспэрымэнты музыканты пакідаюць выключна для хатніх праектаў, а па эўропах сьпяваюць на ламанай ангельскай. І хто потым  будзе іх там усур’ёз успрымаць? Трэк, дарэчы, неблагі. Я б нават сказаў, найлепшы ў тузіне з пункту гледжаньня студыйнага запісу. Нават нягледзячы на тое, што аўтараў крыху занесла ў нейкія ўсходнія матывы, песьні гэта зусім ня шкодзіць, хутчэй дадае калярыту. Таму ня зьдзіўлены, калі гэтая кампазыцыя ўрэшце стала пераможцам.

Алесь Круглякоў, для Tuzin.fm