R.I.P. Памёр Вітаўт Мартыненка (1959—2016)
Анатоль Мяльгуй кажа апошняе слова пра свайго сябру, калегу і паплечніка.
Вітаўт Мартыненка нарадзіўся 29 верасьня 1959 году ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1982). З 1983 да 1994 году працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Чырвоная зьмена». З 1989 да 1995 году быў карэспандэнтам рэдакцыі «Радыё Свабода». З 1994 да 1997 — намесьнікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Кинонеделя Минска». Актыўна пісаў да апошніх дзён пра беларускую музыку ў недзяржаўных выданьнях. Фактычна ён быў першым прадусарам беларускамоўнай музыкі ў савецкі час. Разам з Анатолем Мяльгуем стварыў рок-клюб «Няміга» (1985), прасоўваў беларускамоўныя гурты на фэстывалі ў іншых краінах, спрыяў выданьню іх песень на фірме «Мэлёдыя», тагачасным манапалісьце гуказапісу ў СССР. Ужо ў 00-я сам пісаў тэксты для рок-гуртоў (P.L.A.N., Tesaúrus, Deadmarsh), прадусаваў першы альбом гурту Partyzone. Менавіта Вітаўт пераклаў на беларускую «Belarus uber alles» гурту Neuro Dubel і «Twilight Sun» Gods Tower, якая атрымала посьпех у беларускамоўным выкананьні ўкраінскага гурту «Тінь Сонця».
Мы папрасілі Анатоля Мяльгуя сказаць апошняе слова пра свайго паплечніка і калегу.
Са смуткам і жалем даведаўся пра тое, што адыйшоў мой даўні сябра, зь якім мяне зьвязвала трыццацігадовае сяброўства і супрацоўніцтва на карысьць непадцэнзурнай беларускай культуры, галоўным чынам — беларускамоўнай рок-музыкі.
Памятаю нашаю першую сустрэчу на прыступках Беларускага дома грамзапісу: маю ўвагу прыцягнуў вельмі энэргічны і эрудзіраваны чалавек майго ўзросту. Я загаварыў з гэтым юнаком і адразу стала зразумелым, што нашыя захапленьні музыкай маюць аднолькавы кірунак. Да таго ж, высьветлілася, што мы зьяўляемся суседзямі і далёкімі сваякамі (дзявочае прозьвішча ягонай маці было Мяльгуй)…
Вітаўт Мартыненка, Анатоль Сыс, Анатоль Мяльгуй, Дзень Волі, 1989
Таксама высьветлілася, што мой новы сябра — журналіст, працаваў карэспандэнтам (а пасьля і адказным сакратаром і намесьнікам галоўнага рэдактара) у рэспубліканскім беларускамоўным выданьні «Чырвоная зьмена». Вітаўт запрасіў мяне ў госьці ў рэдакцыю, дзе распавёў пра асаблівасьці журналісцкай прафэсіі, чым матываваў мяне кінуць сваю асноўную прафэсію электрыка і паступіць на факультэт журналістыкі БДУ.
Але ў супрацы зь Вітаўтам мяне інтрыгавалі ня толькі яго прафэсіяналізм, але і вастрыня ягоных развагаў, ідэяў і думак. Гэтая якасьць Вітаўта заахвочвала мне да дыскусіяў, у выніку якіх мы стварылі таемнае «Таварыства аматараў рок-музыкі імя У. Высоцкага». У нас былі мэты — прапаганда прагрэсіўнай рок-музыкі, творчасьці У. Высоцкага. Мы нават вырабілі значкі з выявай Высоцкага, чым вельмі ганарыліся. Нашыя мэты ўдавалася дасягаць ў рамках тагачаснай рубрыкі «Нотны аркуш», якую вёў у газэце Вітаўт.
Аднойчы, расчараваўшыся ў абмежаваным падыходзе да нацыянальных рок-рухаў у Савецкім Саюзе, я на эмоцыях прапанаваў Вітаўту шукаць беларускіх рок-зорак. На маю думку, такі падыход меў бы практычныя вынікі, надаў бы «Нотнаму аркушу» рэалістычнасьці і новую аўдыторыю. І тут на ўсё маё жыцьцё мне запомнілася тое, зь якім энтузіязмам і крэатыўнымі ідэямі ён ажыцьцяўляў ўсё намі заплянаванае — выдаваў артыкулы, прысьвечаныя беларускім рок-гуртам і бардам. Так былі выведзены з глыбокага падпольля (бо «ЧЗ» было выданнем ЦК ЛКСМБ) гурты «Мроя», «Блізьняты», «Магістрат», «Бонда», «Рэй», «Дзіда», барды Сяржук Сокалаў-Воюш, Алесь Камоцкі, Вальжына Цярэшчанка і шмат іншых.
Затым была выданьне ў Канадзе і ЗША кнігі «Праз рок-прызму», рукапіс якой гераічнымі высілкамі праз савецкі «жалезны кардон» правёз у міжнародным вагоне Вітаўт.
Паседжаньне рок-клюбу «Няміга» з удзелам Вітаўта Мартыненкі (Менск, 1985)
Адным з праектаў «Нотнага Аркуша» было стварэньне ў Менску першага рок-клюбу. Гэтую ідэю, пасьля адпаведных публікацыяў ў «ЧЗ» падтрымаў ЦК ЛКСМБ. З гэтага факту і распачаўся першы фэстываль беларускай рок-музыкі «Тры колеры», у арганізацыю якога Вітаўт зрабіў вялікі ўнёсак — вёў перамовы з прадстаўнікамі аддзелу культуры Менгарвыканкаму, тлумачыўшы ім што значаць рэдкія беларускія словы і што тэксты гуртоў не нясуць небясьпеку «савецкаму чалавеку».
Яшчэ адзін праект, да якога спрычыніўся крэатыўны талент Мартыненкі — удзел гурта «Бонда» ў міжнародным рок-фэсьце «Літуаніка-1986». Дзякуючы апэратыўнасьці і ўменьню дамаўляцца ўпершыню беларускамоўны гурт прадставіў сваю творчасьць на буйным міжнародным рок-фэсьце.
Але ня толькі рок-журналістыкай і музычнай крытыкай цікавіўся мой сябра. Вітаўт быў чальцом «Талакі», літаратурнай суполкі «Тутэйшыя», у газэце «Чырвоная зьмена» стварыў суполку падтрымкі БНФ. А яго мадэрновую куртку зь лягатыпам «Я — беларус» ведалі па ўсёй Беларусі!
Як літаратар Вітаўт пакінуў шмат вершаваных і празаічных твораў, адзін зь якіх — аўтабіяграфіяны раман «Карабалом» чакае сваго часу і выдаўца.
Затое на яго творчым рахунку засталіся шыкоўнае выданьне Генрыха Сянкевіча «Quo Vadis» (2002) у перакладзе па-беларуску ксяндза Татарыновіча, якое Вітаўт трансьлітараваў у кірылічны выгляд. Вітаўт дадаў свае грунтоўныя камэнтары, якія выдаў асобнай брашурай «Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасьці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)» (2003).
Выступ перад канцэртам у Вялейцы гурту Neuro Dubel, 2012 год, фота http://vialejka.info
Нашай агульнай справай стала стварэньне энцыкляпэдычных выданьняў, прысьвечаных гісторыі беларускай непадцэнзурнай музычнай культуры, як «Праз рок-прызму» (1989, New York), «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск). Апошняя кніга Вітаўта Мартыненкі — «Rock on-line» (2010, Менск) стала для майго сябра своеасаблівым рубіконам. І Вітаўт пераадолеў яго з гонарам — увесь наклад ім быў рэалізаваны, чым ён даказаў, што беларускамоўнае выданьне мае свайго адданага чытача, а беларуская рок-музыка, масавая культура на роднай мове, якой ён дапамагаў ўсё жыцьцё, мае вялізарны стваральны патэнцыял.
Гэтыя ўспаміны і думкі надаюць смутку і жалю па няспраўджаных надзеях, чаканьнях, якія мы так часта абмяркоўвалі і плянавалі ажыцьцявіць. Бывай сябра, бывай брат і аднадумца. Ты заслужыў вечны супакой і адпачынак пад вечным небам роднай Беларусі.
Анатоль Мяльгуй, для Tuzin.fm
Tuzin.fm выказвае спачуваньні родным і блізкім Вітаўта Мартыненкі.
Разьвітацца з Вітаўтам Мартыненкам можна заўтра, 19 красавіка, аб 11 гадзіне ў памяшканьні крэматорыя на Паўночных могілках.
КАМЕНТАВАЦЬ