!OUT: музычная вандроўка па могілках Росы (+аўдыё/фота/мапа)
5955 / 0
09.05.2016

!OUT: музычная вандроўка па могілках Росы (+аўдыё/фота/мапа)

Гітарыст, які скарыў Эўропу. Ксёндз, які любіў народныя сьпевы. Сьляпы піяніст, які пісаў песьні на словы Міцкевіча… Віктар Сямашка наведаў старыя могілкі Росы ў Вільні ды адшукаў магілы музыкаў, у рознай ступені датычных да беларускае культуры.

КАСЬЦЮШКА ГІТАРЫСТАЎ

Больш за 130 гадоў таму ў Вільні пахавалі Марка Конрада Сакалоўскага (1818—1883). Свой апошні прытулак музыка-самавук знайшоў на Літарацкім пагорку на могілках Росы. Марк граў на ўнікальнай дзесяціструннай гітары, якую адмыслова для яго вырабіў аўстрыйскі майстар. Той інструмэнт называлі арфа-гітарай, а самога Сакалоўскага звалі не інакш як «Касьцюшкам гітарыстаў» альбо «Паганіні гітары». У другой палове XIX ст. Марк Конрад даваў канцэрты ў Вільні, Менску, Друскеніках, Варшаве, Санкт-Пецярбурзе, зьбіраючы тысячныя залі. У Маскоўскай кансэрваторыі ён хацеў адкрыць клясу гітары, аднак атрымаў адмову. Таксама віртуоз шмат гастраляваў па Заходняй Эўропе — Лёндан, Брусэль, Дрэздэн, Парыж, Вена…

У рэпэртуары Марка Конрада Сакалоўскага меліся творы Манюшкі, Шапэна, Карульлі ды іншых кампазытараў, транскрыпцыі опэрных арыяў. Гітарыст склаў і мноства ўласных твораў — палянэзы, мазуркі, вальсы, апрацоўкі народных песень. Вядомыя ягоныя кампазыцыі «Пошта», «Славянская думка», «Вэнэцыянскі карнавал». На жаль, многія творы засталіся невыдадзенымі ў выглядзе нотаў. Яшчэ больш шкада, што не было зроблена аніводнага аўдыёзапісу Марка Конрада Сакалоўскага, хаця пры ягоным жыцьці ўжо існавалі спэцыяльныя прыборы кшталту фанографа. Імя віленчука дагэтуль трапляе ў замежныя даведнікі ды слоўнікі, датычныя гітарнага мастацтва. А на ягоным помніку на Росе напісана каротка й канкрэтна: «Марк Конрад Сакалоўскі — слынны эўрапейскі гітарыста».

БРАТЫ СТАПОВІЧЫ

На тым жа Літарацкім пагорку пахаваныя браты Стаповічы. Беларускамоўны паэт-ксёндз Казімер Сваяк (1890—1926) — ён жа Кастусь Стаповіч — ствараў супольныя кампазыцыі разам з малодшым братам, кампазытарам Альбінам Стаповічам (1894—1934). У міжваенны час у Вільні Альбін ствараў беларускія хоры (у прыватнасьці, у касьцёле сьв. Мікалая), выкладаў музыку ў Віленскай беларускай гімназіі, выдаў уласны сьпеўнік «За Бацькаўшчыну» ды зрабіў яшчэ масу іншых культурніцкіх ды палітычных справаў.

У наш час кампазыцыю «Багаслаўлёны» аўтарства братоў Стаповічаў запісаў гурт «Балцкі субстрат».

Тым часам Казімер Сваяк займаўся беларусізацыяй касьцёлу. Нягледзячы на забароны, ён вёў набажэнствы па-беларуску, арганізаваў шэраг беларускіх школаў і нелегальны асьветніцкі гурток «Хаўрус Сваякоў». Адметна, што ў Клюшчанскім касьцёле створаны Сваяком хор выконваў ня толькі рэлігійныя сьпевы, але й апрацоўкі народных. Ксёндз і сам сьпяваў, граў на скрыпцы й дырыжаваў смычком. Летась адзначалася 125 гадоў з дня народзінаў Казімера Сваяка.

СЯБАР СЫРАКОМЛІ Й МАНЮШКІ

На могілках Роса ляжыць віленскі літаратар, скрыпач і фатограф Фаўстын Лапацінскі (1835—1886). Ён сябраваў з кампазытарам Станіславам Манюшкам ды паэтам Ўладзіславам Сыракомлем. Меў уласнае атэлье. Вершы друкаваў у мясцовай і варшаўскай пэрыёдыцы, некалькі зборнікаў выйшлі ў выдавецтвах Вільні ды Пецярбургу. А як музыка Лапацінскі ўдзельнічаў у канцэртах камэрнае музыкі, у тым ліку разам з этнографам Янам Карловічам, чый сын Мечыслаў стаў знаным кампазытарам і дырыгэнтам ды неаднаразова цытаваў беларускія народныя сьпевы. Цікава, што Мечыслаў Карловіч і паэта Чэслаў Янкоўскі (таксама пахаваны на Росах) абодва нарадзіліся на Ашмяшчыне. Вось іх сумесны твор «З новай вясной». У гэтым запісе 2012 году яе выканаў Марк Пекаж — польска-амэрыканскі тэнар, піяніст і дасьледчык, які жыве ў Чыкага і дасьледуе польскую клясычную й фальклёрную вакальную музыку.

ВУЧАНЬ АГІНСКАГА

Побач з бацькам найноўшае беларускае драматургіі Францішкам Аляхновічам на Росах ляжыць пачынальнік летувіскае сымфанічнае музыкі й мастак-сымбаліста Мікалай Чурлёніс (1875—1911). Хто ня ведае, Чурлёніс правёў дзяцінства ў Друскеніках, вучыўся ў школе князя Мікалая Агінскага ды граў у княскай аркестры. Агінскі падараваў свайму вучню фартэпіяна й дапамог паступіць у Варшаўскую кансэрваторыю. Прыжыцьцёвыя выставы творцы праходзілі ў тым ліку ў Вільні ды Менску.

ДЗЬВЕ АКТОРКІ

Мяркуючы па надпісе на помніку, усяго 23 гады пражыла сьпявачка й акторка Дарота Ленская (1829—1852). У розных тэатрах Вільні ды Кракава першай паловы 19 стагодзьдзя яна выконвала альтовыя партыі.

Непадалёк знаходзіцца помнік ейнае калегі Барбары Ганны Мэер (1798—1854), якая на мяжы 10—20-х гадоў таго ж стагодзьдзя была салісткай віленскага тэатру, а потым стала зоркай сцэны Нацыянальнага тэатру ў Варшаве, пакуль не звар’яцела.

СЬЛЯПЫ ПІЯНІСТ І ГЕРЫНГ-АРГАНІСТ

З музыкаў, што пахаваныя ў Росах, варта назваць яшчэ сьляпога піяніста Ўладзіслава Шахно (1838—1889). Граць яго навучыла маці. Уладзіслаў канцэртаваў у Варшаве, кампанаваў уласныя танцавальныя творы й песьні, часта на словы Адама Міцкевіча.

Што тычыцца кампазытара Людвіка Герынга (1857—1923), то, як сьведчыць «Mały leksykon wileńskiej Rossy», ён выкладаў у Віленскім унівэрсытэце, кіраваў хорам у тэатры «Лютня» ды граў на аргане ў касьцёле Сьвятога Яна.

Увогуле, на могілках Роса ў Вільні, акром музыкаў, пахавана мноства літаратараў й мастакоў, мэдыкаў й сьвятароў, навукоўцаў й паўстанцаў. Рэстаратар Штраль, згаданы ў апошнім альбоме «Крамбамбулі», спачывае там жа. Не кажучы пра такіх пэрсонаў зь беларускае гісторыі, як Уладзіслаў Сыракомля, Аляксандар Аскерка, Францішак Аляхновіч, Ядвігін Ш., Іван і Антон Луцкевічы ды многіх іншых. Прычым, беларускія надгробкі можна пабачыць ня толькі на Росах, але й на іншых пагостах Вільні — на Ліпоўцы, Бэрнардынскiх і Антокальскіх могілках.

Віктар Сямашка, фота аўтара, акром здымку з надгробкам Мэер, узятага адсюль  і загалоўнага фота К. Шастоўскага, узятага адсюль