
Вернікі супраць. Скандал вакол прыезду ў Менск Nokturnal Mortum (+камэнтар рэдакцыі)
Шэраг беларускіх актывістаў выступілі супраць прыезду неадназначнага ўкраінскага гурту на фэстываль «Купальскае Кола».
Кампанію супраць прыезду Nokturnal Mortum у Беларусь распачаў актывіст Андрэй Кім. «Гэта нацысцкі гурт, які хваліць Гітлера і заклікае рэзаць жыдоў і хрысьціян, выступіць хэдлайнерам беларускага фэстывалю… Я ў шоку, як такое можа быць у нас. Я не разумею, як такое можа дапускаць грамадзкасьць. Як такое дазваляюць улады», — заявіў ён з гэтай нагоды. Яго падтрымалі шэраг іншых грамадзкіх актывістаў, сярод якіх Зьміцер Дашкевіч і Павал Севярынец.
Ініцыятар запрашэньня гэтага гурту на «Купальскае Кола» Алесь Таболіч так патлумачыў Tuzin.fm сваё рашэньне: «Гэтаму гурту 20 гадоў і цяпер ён сьпявае зусім іншыя песьні, зьмяніў лёга і склад і лічыцца адным з найлепшых гуртоў Украіны. Іх раньняя творчасьць мяне не захапляла, а цяпер мне вельмі падабаецца, што яны вярнуліся да сваіх каранёў. Кожнаму — сваё. А каму не падабаецца, дык хай ня слухае, у чым праблема».
Тэму «беларускія вернікі супраць Nokturnal Mortum» узьнялі шэраг беларускіх СМІ, таму арганізатары «Купальскага Кола» выступілі з афіцыйнай заявай на гэтую тэму:
«Творчасьць гурта Nokturnal Mortum на сёньняшні дзень, як і, уласна, ідэалягічная пазыцыя калектыву, НЯ носяць нэанацысцкі характар. У творчасьці гурта на пачатковых этапах насамрэч сустракаліся некаторыя радыкальныя аспэкты, але тут трэба зрабіць заўвагу, па-першае, на цяжкі музычны кірунак творчасьці NM, па-другое — на, як ні круці, свабоду выразу думак, няхай нават і ў настолькі вольным і адкрытым рэчышчы. Некалькі гадоў таму NM адкрыта заявілі аб сваім поўным недачыненьні да радыкальнай плыні. У апошні пэрыяд творчасьці лірыка гурта ахоплівае па-большасьці тэматыку патрыятычнасьці, гісторыі роднай зямлі, яднаньня з прыродай і глыбокіх душэўных перажываньняў. Любы заўзяты прыхільнік пацьвердзіць заўважны этап зьмены характару творчасьці NM, які і дазволіў нам без хваляваньняў запрасіць калектыў да ўдзелу ў фэстывалі „Купальскае Кола“», — вядзецца ў заяве, распаўсюджанай ад імя аднаго з арганізатараў Насты Дубовік. Арганізатары таксама заўважаюць, што выступ гурта і сэт-ліст з заяўленымі тэкстамі прайшоў узгадненьне ў аддзеле па ідэалёгіі.
Tuzin.fm зьвярнуўся таксама да лідэра ўкраінскага гурта «Тінь Сонця» Сяргея Васілюка, які выходзіў з Nokturnal Mortum на адну сцэну, з пытаньнем ці могуць быць абгрунтаваныя закіды ў бок ягоных калегаў у прапагандзе нэанацызму. «Гэты гурт не спавядае нэанацызму са сцэны, хоць яго і дужа любяць ультранацыкі, мажліва раней нешта было. Па-сутнасьці цяпер гэта патрыятычны дэз-блэк. Мінулым летам мы гралі разам — магутна і відовішчна, ніякай прапаганды антысэмітызму ці гітлерызму не было».
Прыхільнікі забароны прыезду Nokturnal Mortum лічаць гэтыя довады непераканаўчымі і стаяць на сваім.
Камэнтар Tuzin.fm
Ёсьць мудрае выслоўе: «У чужой бажніцы сьвечкі не папраўляй». Андрэй Кім ды іншыя актывісты-вернікі робяць багата карыснага ў справе распаўсюду беларускай мовы і культуры, але калі яны патрабуюць забараніць прыезд, напрыклад, групы «Гражданская оборона» (як калісьці гэта рабіў Павал Севярынец) ці вось цяпер Nokturnal Mortum, то яны нічым ня лепшыя за Чаргінца, які паўставаў супраць прыезду у Менск Rammstein ці Паўла Скалабана, які лічыць экстрэмісцкім гурт Dzieciuki. Вернікі ў Беларусі таксама пратэставалі супраць паказу фільму «Код да Вінчы» і нават супраць рок-опэры «Ісус Хрыстос — супэрзорка». Ёсьць нешта няправільнае ў тым, калі носьбіты нейкай пэўнай ідэі ўмешваюцца ва ўнутраны прыватны сьвет і пачынаюць выбіраць за іншых што ім глядзець і слухаць.
Nokturnal Mortum — гурт сапраўды неадназначны. На іхнім сайце можна знайсьці проста пякельныя тэксты. Зь іншага боку, іх паважаюць і шануюць ва Ўкраіне, яны робяць на сцэне сапраўднае шоў і маюць вядомасьць нават у Ізраілі. Лідэр «Воплі Відоплясова» Алег Скрыпка ў адрозьненьне ад Андрэя Кіма не прасіў іх пакаяцца за раньнія тэксты, а нават зрабіў свой кавэр на іх песьню «Ўкраїна».
Такіх неадназначных гуртоў у сьвеце поўна. Ад Marilyn Manson да Cannibal Corpse, у тэкстах якіх можна знайсьці вусьцішныя і шакуючыя рэчы. Можна весьці спрэчку пры жаданьні на прадмет таго «а што гэтым хацеў сказаць аўтар», але казаць пра прапаганду і насаджэньне ды заяўляць, што гэта трэба не дапусьціць і забараніць — мавэтон. Гэта іх шлях ды іх лёс. І калі ўжо на тое пайшло і музыкі разам з сваімі прыхільнікамі вырашылі захрасьці ў багне ці гарэць у пекле, дык гэта іх асабісты выбар.
Сяргей Будкін, галоўны рэдактар Tuzin.fm
Андрэй Кім разгорнута патлумачыў сваю пазыцыю ў інтэрвію Радыё Свабода
http://www.svaboda.org/content/interviju-tydnnia-andrej-kim/27731244.html
Гісторыя гэтая скончылася тым, што ўкраінскі гурт вырашыў не прыязджаць у Беларусь:
"Гурт і так коса глядзеў на Беларусь, бо калі ў другой палове 2000-х яны сюды прыязджалі, за імі бегалі нейкія людзі ў масках і пракалолі ім колы ў аўтамабілі, — тлумачыць адмову гурта Алесь Таболіч. — А цяпер, пасля шоргату, які навяла наша у двукоссі апазіцыя ў асобах Кіма і Севярынца, яны ўвогуле хвалююцца за сваё жыццё. Бо на фоне ўкраінскага патрыятызму і таго, што яны цяпер робяць музыку патрыятычнага характару, яны мяркуюць, што гэта правакацыя мае не беларускія, а расійскія карані. Яны ведаюць, што ў свой час развярнулі на мяжы гурт "Фіолет", і баяцца, што з імі здарыцца тое самае".
http://euroradio.fm/gurt-nokturnal-mortum-admoviusya-vystupac-na-kupalskim-kole
КАМЕНТАВАЦЬ