Фёдар Міхайлаў. Тактыка музычнага тэрору
Сьпявак і рок-паэт Фёдар Міхайлаў называе сябе «музычным тэрарыстам» ды кажа пра неабходнасьць паглядзець на музыку ды працэсы, якія адбываюцца ў грамадзтве па-новаму.
Фёдар сёлета запісаў нізку з 100 песень на 10 дысках, якія распаўсюджвае на сваіх незьлічоных кватэрніках. Яго гурт «Групіроўка Белавежская пушча» сёлета прэзэнтаваў дэбютны альбом «Всё для тебя», куды ўвайшлі трэкі, створаныя за тры гады існаваньня каманды. Цяпер музыкі заняты здымкамі дакумэнтальнага кіно пра саміх сябе. Акурат у час здымак, галоўны рэдактар Сяргей Будкін пагутарыў зь Фёдарам Міхайлавым пра асаблівасьці напісаньня назвы нашай краіны, філязофію «но-рока» ды чырвоны колер, як сымбаль старызны і спарахнеласьці.
ТГ: Не зважаючы на такую «беларускую» назву можна падумаць, што вы паходзіце з Расеі. Ці так гэта?
Сам я зь Беларусі, проста часта ежджу ў Піцер, Гатчыну. Там людзі лягчэйшыя на пад’ём: сёньня прыдумалі — заўтра зрабілі. Хочаш Федзя кватэрнікі — грай, хочаш пажыць — жыві колькі заўгодна, праца патрэбна — пойдзем ровары зьбіраць ці двары месьці. Там не даводзіцца прасіць, каб цябе пачулі. У Маскве бываю, хаця там трошкі больш складана, бо горад даволі «базарны» па духу. А ў Менску жыву збольшага. Размаўляю па-расейску ў асноўным. І сьпяваю. Разумею, што вы можаце ня вельмі дабразычліва ставіцца да расейскамоўных беларусаў (сьмяецца).
ТГ: Спадзяюся, пра нядобразычлівасьць да расейскамоўных беларусаў ты кажаш неўсур’ёз? Мы адбудоўваем сваю культурную прастору і хочам, каб наша мова гучала часьцей. Але пры гэтым ня думаем, што можна грэбліва ставіцца да кагосьці выключна па моўным прызнаку. Чаму пытаў пра «небеларускае» паходжаньне ў цябе. Беларус не напіша назву сваёй краіны як «Белоруссия».
Я ведаю, што слушна пісаць і казаць «Беларусь». І заўжды кажу пра гэта сваім піцерскім і маскоўскім сябрам ды іншым, хто гэтага ня ведае. Я невыпадкова так напісаў і так сьпяваю. «Белоруссия» — гэта іронія. Кожны раз прыводжу з Расеі гісторыі, зьвязаныя зь Беларусьсю — пра тое, як людзі ставяцца да нашай краіны, яе кіраўніцтва, музыкі… Шмат якія гісторыя вясёлыя, а шмат якія сумныя з-за створаных стэрыятыпаў пра Беларусь. Песьня «О, Белоруссия» ў мяне зьявілася, калі я ехаў у плацкарце, а жанчына побач нахвальвала беларускага кіраўніка ды яго подзьвігі.
Што да паходжаньня, то ў мяне сапраўды даволі моцныя расейскія карані. Але тым ня менш, мне вельмі блізкія праблемы сучаснай Беларусі, бо я тут жыву, тут жывуць мае родныя і блізкія. Таму ў маёй творчасьці прысутнічаюць беларускія матывы. Напрыклад, у чарнавым варыянце ёсьць песьні «Земля под белыми крыльями», «На белорусском фронте без перемен». Налета задумаў якраз альбом пад такой назвай. Аднойчы пасьля свайго кватэрніка ў сяброў слухалі гурт «Нельга забыць». Мяне вельмі ўразіла іх творчасьць. Я нават працытаваў іх трошкі ды напісаў песьню з прысьвячэньнем свайму сябру-дзекабрысту, пад назвай «Чаго нам баяцца, калі за сьцяною вясна». У нашым новым альбоме «Всё для тебя» ёсьць песьня па-беларуску «Вольнаму — няволя».
ТГ: Што вы адказваеце, калі ў вас пытаюць пра якасьць запісу?
Так, могуць паўставаць пытаньні да якасьці запісу. Як бы гэта сьмешна не гучала, але я ўсім кажу, што наш стыль — «No Rock». Як Sonic Youth у свой час стварыли «No Wave» як супрацьлегласьць ньювэйву.
ТГ: А чаму вы дарэчы ўзялі такую… ммм… трохі махровую назву, якая адразу навявае асацыяцыі з савецкімі ВІА?
Карцела ўзяць нейкую незвычайную і кітчавую назву. Як для мяне дык гучыць добра. Групіроўка Белавежская Пушча! (сьмяецца)
ТГ: Музыкам не заўжды падабаецца, калі іх зь некім параўноўваюць, але надта ўжо вашы песьні нагадваюць творчасьць «Красных звёзд», асабліва раньніх.
Параўнаньні — гэта добра. Калі б вы параўналі мой гурт з ABBA, то я бы сапрады нешта такое знайшоў ды адкінуў гэта ў руху наперад (сьмяецца). Зрабіў бы прышчэпку. Выдатныя каманды насамрэч ні з кім не параўноўваюць, а калі ёсьць з кім параўнаць — значыць нешта няправільна. «Красных звёзд» я чуў толькі на Тузін.Unplugged і некалькі разоў у плэеры сябра. Дарэчы, за ўвесь цыкль «тузіноўскіх» канцэртаў мяне ўразіў толькі акустычны склад Памідорава, гэта было крута! Удзячны вам за параўнаньне, значыць ёсьць ад чаго пазбаўляцца і ёсьць куды імкнуцца. Трэба больш уважліва паслухаць «Красные звёзды».
ТГ: У сваім маніфэсьце вы сярод іншага абвяшчаеце пратэст псэўдатворчасьці шэрагу выканаўцаў ды зьмешваеце да кучы без разбору «Верасоў», Ухцінскага і «J:морс». Можаце акрэсьліць сваю пазыцыю больш уцямна?
Маніфэст напісаны на хуткую руку ледзьве не за 10 хвілін. Эмоцыі. Палёт душы. А пасьля і не хацелася нічога пераробліваць. Няхай будзе такім, якім ствараўся. Наіўны, спантанны. Можа напішам потым іншы, больш усьвядомлены. Паспрабую апісаць сваю пазыцыю больш дакладна.
Наша задача — «танчыць пад крыкі чырвоных трактароў». Не зважаючы на тое, што «нас будуць таптаць ботамі». Мы робім супрацьлеглую модным рухам музыку. І гэта адбіваецца на так званай якасьці запісу ды ў выкарыстаньні інструмэнтаў. Наш стыль No Rock — гэта новы панк, музычны тэрор, новае крытычнае гледзішча да грамадзтва і палітыкі.
ТГ: Што ты ўкладаеш у фразу «танчыць пад крыкі чырвоных трактароў»?
Гэта фраза блізка да карціны Жаны Капусьнікавай з сэрыі «Dажынкі». Толькі мы танчым насуперак таму, што там адлюстравана. Танчым — значыць жывем ды выжываем. Пад крыкі чырвоных трактароў — гэта значыць пад трызьненьне з трыбун ды шлакавую інфармацыю з экранаў тэлевізіі, на фоне глупых ідэяў ды ўчынкаў кіраўнікоў краіны. Ну а чаму «чырвоных», то тут нецяжка здагадацца. Састарэлых, савецкіх, кандовых, учорашніх.
Паслухаць песьні «Групіроўкі Беловежская Пушча» можна тут.
Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm
Слухала я іхні альбом. Рэпльны тэрарызм. Вушы ў трубачку зварочваюцца! Мэта, пэўна, дасягнутая ;)
Вытрымаць увесь альбом няпроста. Затое якая пад яго тэарэтычная база падпісана!
КАМЕНТАВАЦЬ