Akute: хутчэй, вышэй, мацней!
Відэакліпам месяца на Tuzin.fm стала праца рэжысэра Арцёма Лобача на песьню гурта Akute «Бегчы». Ролік набраў 447 галасоў, а яго адрыў ад другога месца склаў 222 галасы!
Дэбютанты 2-га туру відэачарту на «Тузіне» ўзьняліся на пазыцыю лідэра зь першага ж дня галасаваньня, дзе і знаходзіліся цягам усяго галасаваньня. Akute былі яўна па-за канкурэнцыяй: адрыў кліпа «Бегчы» ад другога месца склаў ажно 222 галасы.
«Вельмі ўзрушана ўспрынялі навіну пра перамогу. Самі час ад часу галасавалі, але ня думаем што ўласна нашыя галасы вырашылі штосьці — гэта цалкам заслуга нашых прыхільнікаў, дзякуй ім», — кажа аўтар песьні і бас-гітарыст гурта Раман Жыгараў. Музыка заўважае, што другі тур відэачарту яму падаўся вельмі моцным і па-шчыраму рокавым.
Песьня «Бегчы» мае ўвайсьці ў трэці студыйны альбом гурта, выхад якога анансуецца ўвесну. Выглядае на тое, што гэта будзе не адзіная кампазыцыя з плыткі, якае мае відэаўвасабленьне. «Ёсьць дастаткова прапановаў на розныя кампазыцыі будучага альбому і неўзабаве мы вызначымся на якую зь іх зробім наша наступнае відэа», — кажа Раман.
Сваю перамогу Akute вырашылі прысьвяціць усім тым, хто галасаваў і людзям, якія спрычыніліся да гэтага відэа. А гэта: Арцём Лобач (рэжысэр, апэратар-пастаноўшчык), Зьміцер Безкаравайны (прадусар), Ільля Бажко (рэжысэр), Лена «Ізполіэтылена» і Аляксандар Немцаў (акторы), Ліна Мядзьведзева, Вадзік ды іншыя (дапамога), Яўген Сухавей (саўнд).
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ