
ili-ili напісалі «list», які дастаўляе (cлухаць)
Пабачыў сьвет новы рэліз ад гурта ili-ili пад назвай «list». Музыкі вырашылі, што іх новы альбом будзе цалкам беларускамоўным.
Упершыню свае новыя песьні ili-ili прадставілі на пачатку году ў межах праекту «Жывы Тузін», потым выдалі падвоены самотнік зь песьнямі «Танчыць» і «Сэрцы» ды падмацавалі гэтую справу яшчэ кліпам на «Танчыць». Пра адзін з самых доўгачаканых беларускіх альбомаў 2013 году распавялі ўдзельнікі каманды — Зьміцер Есяневіч (далей — З), Павал Яскевіч (далей П), Віталь Кулеўскі (В) і Міхась Зуй (М).
— Якім чынам вы сасьпелі да беларускамоўнага альбому? Гурт жа нібы задумваўся як расейскамоўны.
П: ili-ili ніколі не задумваўся як расейскамоўны гурт. У нас ад пачатку існавалі песьні на абедзьвюх мовах, проста расейскамоўных было болей.
З: Мы неаднойчы распавядалі пра падарожжа з Купалаўскім тэатрам па Францыі, якое стала знакавым для нашага гурта. Ад таго моманту песень па-беларуску ў нас нараджаецца ўсё больш і больш. Іх настолькі шмат, што некаторыя застануцца па-за межамі альбому.
М: Дарэчы, я ў той вандроўцы шмат чытаў Быкава, часам ён проста выратоўваў. Таму можна сказаць, што яго творы таксама паўплывалі на тое, што па-беларуску стала пісацца болей.
— У чым карэнныя адрозьненьні альбому «list» ад папярэдняга вашага дыску «Past Perfect» акрамя мовы?
В: Адрозьніваецца новая праца найперш гучаньнем. Акрамя сталых удзельнікаў гурта, у запісе альбому ўзялі ўдзел выдатныя музыкі Зьміцер Харытановіч (DrumXTC) ды Аляксандар Сіманаў (Artefakt), такім чынам склалася жывая рытм-сэкцыя.
М: Па-другое, «list» вылучаецца сваёй атмасфэрай, характарам. Журналіст Віктар Сямашка пісаў, што наш першы альбом «Past Perfect» — «паднырваў у падсьвядомасьць». Дык вось, «list» ідзе да слухача наўпрост, у сэнсе падачы ён больш рашучы.
— А як будзе даходзіць «list» да слухача?
П: Мы зьбіраемся дасылаць «list» па пошце. Cур’ёзна. Здаецца, што для альбому пад назвай «list» такі мэханізм распаўсюду выглядае цалкам натуральна. Пасьля рэлізу ў вольным продажы адразу ён ня зьявіцца, але гэта адбудзецца абавязкова. Проста трошкі пазьней.
З: Мы прыдумалі так, што першыя трыццаць ахвотнікаў, якія зойдуць на нашую суполку «УКантакце» ды пакінуць свой тэлефон у адмысловай тэме атрымаюць цікавы бонус. Мы абязуемся асабіста даставіць «list» да іх дамоў.
М: Але памятайце — калі табе прыносяць ліст, трэба танчыць!
— Чаму вы вырашылі зьвярнуцца да практыкі краўдфандынгу і ці можна сказаць, што яна была пасьпяховай?
П: Гэта было проста цікава для нас. Мы ня надта разьлічвалі цалкам сабраць грошы на запіс выключна сярод сваіх прыхільнікаў. Хаця цяпер яшчэ невядомая канчатковая сума, якую атрымалася сабраць. Хто яго ведае, можа там апынецца болей, чым трэба. У любым разе, гэтую схему мы разглядалі як яшчэ адзін сродак прыцягненьня ўвагі да новага альбому.
— А вы наогул адчуваеце што прыхільнікаў у вас шмат. Здолееце сабраць цэлы Re:Public, як лічаце?
М: Ведаеце, у нашай суполцы «УКантакце» зьявіўся чалавек з Паўночнай Карэі! Ня думаю, што ён прыедзе на наш канцэрт, але гэта сьведчыць пра тое, што нерэальна назваць колькасьць людзей, якія ўпадабалі нашу музыку ды іх паходжаньне. А зьбярэм ці не…
В: Альбо-альбо. Са свайго боку шмат робім для гэтага. Прыдумляем розныя цікавосткі. Напрыклад, заахвочваем студэнтаў зьніжкай у 25%.
— Ёсць на альбоме песьні, якімі зь нейкіх прычынаў вы асабліва ганарыцеся?
П: Мы лічам ганарлівасьць за грэх (усьміхаецца). Але нам давялося скарыцца таму факту, што найбольш вядомыя нашы песьні — гэта «Танчыць» ды «Сэрцы».
— Тых песень, якія вы стварылі разам з Ганнай Хітрык у альбоме «Рух» вам не шкада?
З: Цікава, што на альбоме «Рух» ёсьць песьня, якую ili-ili выконвалі на першых канцэртах ледзьве ня дзесяць гадоў таму.
М: На дадзены момант у ili-ili дастаткова свайго матэрыялу, трэба зь ім разабрацца. Але магчыма пазьней некаторыя песьні з «Руху» ўвойдуць у рэпэртуар ili-ili. Яны вартыя таго.
— Чаго ад вас чакаць надалей, закіньце некалькі ідэяў на будучыню.
П: Яшчэ год таму у нас не было паўнавартаснай беларускамоўнай праграмы. Цяпер яна ёсць. Невядома што будзе далей. Наш гурт увесь час знаходзіцца ў стане зьменаў. Практычна перад кожным выступам ёсьць адчуваньне кроку ў невядомае. Мне здаецца, што гэта прыкмета жывога арганізму.
Жывая прэзэнтацыя альбому «list» пройдзе 5 сьнежня ў 19:00 у клюбе Re:Public.
Tuzin.fm/Budzma.org
новы альбом - гэта, безумоўна, крок наперад для гурта. тэксты больш зразумелыя, але ад гэтага не менш вечныя. поўная беларускамоўнасць, больш яскравае гучанне гітары, сумесныя песні з іншымі выканаўцамі - несумнеўныя плюсы новага альбома.
найбольш спадабаліся песні "Мядзьведзіца" разам са Шпакоўскай, "Межы" і "Гэта была".
дзякуй гурту за канцэрт! чакаем ад іх лісту дадому і канцэрту ў рэпабліку!
КАМЕНТАВАЦЬ